Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надоечы “Наша ніва” парадавала канібальска-лінгвістычнай гісторыяй, што адбылася ў Башкірыі. На прылаўках тамтэйшых крамаў зьявілася каўбаса пад назваю “Вараныя дзеці”. Высьветлілася, што вытворцы проста забыліся на адно слова ў назьве прадукту: замест “Балалар осон ашерелген” (“Вараная для дзяцей”) напісалі “Балалар ашерелген” – вось і атрымаўся дэлікатэс для людажэраў.

Ці магчыма такое ў Беларусі, дзе патрыятычным загадам Міністэрства аховы здароўя ўжываньне башкірскай мовы на этыкетках строга забаронена? Якое там, уздыхне айчынны канібал, каторы ўжо год вымушаны ў пошуках маладое чалавечыны езьдзіць на ўсход, у нялюбую Расею, у няблізкі сьвет. На Радзіме з ласункаў такога кшталту знойдзеш хіба толькі сардэлькі “Вэтэранскія”, што выпускаюцца да ўгодкаў Перамогі і імгненна зьнікаюць з продажу, варта адгрымець сьвяточнаму салюту – рыхтык Папялушка з балю. Дый яны – суцэльны падман: вэтэраняціны ў іх – адзін адсотак, астатняе – абрыдлая сьвініна, крухмал ды кансэрванты. І ніхто ня ведае, якой якасьці тая вэтэраняціна, дзе яе рабілі. Ці прайшла яна папярэдні кантроль – мэдычны, дэгустацыйны, радыялягічны, ідэалягічны?..

Нездарма прыватызацыя ідзе ў Беларусі так марудна. Прычына гэтага – каўбаса. “Народ не дурны, – кажа наш старажытны эпас “РухнаМАЗ”, -- каўбасу абы-дзе не купляе”. Аддаўшы яе вытворчасьць якім-небудзь прыватнікам, краіна рызыкуе заразіцца спорамі батулізму.
Самы небясьпечны харчовы прадукт.
Нават калі адкінуць канібальскі аспэкт праблемы, недзяржаўная каўбаса – гэта самы небясьпечны харчовы прадукт. Паядаючы яе, а таксама піражкі, сардэлькі і іншыя недзяржаўныя паўфабрыкаты, мы штодня гуляем са сьмерцю. Сапраўды, у чалавека больш шанцаў памерці ад жаноцкіх рук прыватнай сасіскі, чым ад ножкі атрутнага грыба. Нездарма слова “батулізм” паходзіць ад лацінскага “botulus“, што значыць ня што іншае, як “каўбаса”.

Менавіта рытуальныя паяданьні каўбасы, якія мелі месца ў Эўропе напрыканцы XVIII стагодзьдзя і часта канчаліся масавым атручэньнем, паклалі пачатак вывучэньню гэтай страшнай хваробы і пошуку надзейных сродкаў яе лячэньня. І вось неяк гадоў праз сто ў адным бэльгійскім мястэчку больш за трыццаць музыкаў, якіх запрасілі граць на пахаваньні, ад пуза наеліся гаспадарскай хатняй вэнджаніны. Трое памерлі, дзесяць тыдзень праваляліся ў ложку са страшным атручэньнем. Здарэньнем заняліся навукоўцы. Так каўбаса стала хроснай маці безыменнай дагэтуль споры.

Belarus - Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

Цікава, што ў Расеі зь яе вечнымі “асобай стацьцю” і “няобшчым аршынам” дасьледчыкі батулізму пайшлі іншым шляхам. Там сувязі злачыннай бактэрыі з каўбасой неяк не адчулі, абвінаваціўшы ва ўсім рыбу – таму батулізм у Расеі часоў Аляксандра называлі іхтыізмам. Аднак, улічваючы пазьнейшую прыказку “найлепшая рыба – гэта каўбаса”, народжаную на тых самых абшарах, можна казаць пра тое, што расейцы ня надта памыліліся. Палачка батулатаксыну любіць рыбу ня менш за мяне і селіцца ў ёй з гэткай самай ахвотай, як расейцы ў Карлавых Варах.

Дзякуючы свайму параўнальна нізкаму кошту і наладжанай у ХХ стагодзьдзі масавай фабрычнай вытворчасьці каўбаса паступова ператварылася ў самы надзейны эквівалент шчасьця, у чароўную сому з раману Гакслі – што праўда, адзін грам тут не дапаможа, трэба хаця б паўкілё.
Надзейны эквівалент шчасьця.
Хрыбет, на якім трымаюцца мары кожнай сярэдняй клясы ў любой краіне, падобны да каўбасы сярэдніх памераў, куды напханыя пальцам немудрагелістыя жыцьцёвыя стандарты, абавязак палітыка – пэрыядычна пагладжваць гэтую каўбасу і падпіхваць туды патрошкі, калі хрыбеціна пачынае абвісаць. Пры празьмерным ужываньні каўбасы і рэгулярных разважаньнях пра яе яна здольная паступова замяніць сабой чалавечы мозг.

Часам здаецца, што этымалёгія слова “батулізм” усё ж мае нейкае дачыненьне ня толькі да каўбасы, але і да бутэлькі. Разьвіцьцё каўбасы і алькагольных напояў ва ўсе часы ішло ня проста паралельным курсам – яны цудоўна ўзаемадапаўнялі адно аднога. Магчыма, сьпіртовыя напоі, якія ўжываюць перад або пасьля паяданьня каўбасы і рыбы, былі ад пачатку прыдуманыя чалавекам як супрацьядзьдзе. Вядома, што рызыка падхапіць батулізм ніжэйшая ў тых, хто выпіў перад гэтым якога добрага шнапсу. Разьмежаваньне адбылося пазьней – алькаголь страціў сваё прафіляктычнае значэньне і часта замяняе каўбасу ў сыстэме традыцыйных народных каштоўнасьцяў.

Стэнлі Спэнсэр. У каўбаснай краме. 1951

Калі б я складаў уласны настальгічны слоўнік дзіцячых словаў, то батулізм абавязкова бы ў ім прысутнічаў. Пэўне, мне ўжо ніколі не забыцца на плякат у паліклініцы майго маленства, на якім дрыготкімі рукамі мэдсёстраў было напісана каляровымі алоўкамі:
Каўбаса памерла, хай жыве каўбаса.
“Внимание: ботулизм!” – пад гэтым надпісам былі мілыя жукападобныя бактэрыі, а яшчэ нейкія нямытыя яблыкі, непаслухмяныя, лянівыя дзеці, сумнае гарадзкое сонейка… Цяпер на ягоным месцы вісіць такі самы плякат, але ўжо на тэму СНІДу. Новы час, новыя героі. Каўбаса памерла, хай жыве каўбаса. Напэўна, з таго часу слова “батулізм” выклікае ў мяне лёгкую, нястрашную млосьць – як у дзіцячым чаканьні ўколу або аналізу крыві зь вены. Крыві, зь якой таксама робяць яе, каўбасу.

Дарэчы, бізантыйскі імпэратар Леў Шосты забараніў у свой час сваім падданым ужываньне крывяной каўбасы. Нездарма яго клікалі Ільвом Мудрым – імпэратар, напэўна, штосьці разумеў ня толькі ў палітыцы, але і ў батулізме. Цалкам верагодна, думка забараніць крывянку прыйшла імпэратару пасьля таго, як ён сам пакаштаваў няякасны прадукт – інакш адкуль такі клопат пра грамадзянаў?

Прыгадваецца апавяданьне Адама Глобуса “Алькаголік”. Не, з крывянкай там усё ў парадку.

“Сьвежая, цёплай крывёю пахне... Смачная, а гаўном сьмярдзіць...”

Нейкім душэўным, чыста беларускім батулізмам там прасякнутае самое паветра, у якім жывуць героі, “сям’я патомных пралетараў”. Дзе пануе ўбоства і спустошанасьць – там замест крыві крывяная каўбаса, якая напрыканцы апавяданьня зноў абарочваецца крывёю – чалавечай.
Ад іх можна памерці.
У беларускай літаратуры ёсьць яшчэ апавяданьне Юрыя Станкевіча “Вельмі смачная рыба фугу”, якое, можа, і не зусім пра батулізм, але экспэрымэнт, які сьвядома ставіць на сабе герой, цалкам сюрэабатулістычны. Прыняць у сябе атруту, згуляўшы са сьмерцю… Японска-беларуская рулетка.

Ёсьць каўбасы – на смак, як пажаваныя кнігі. Ёсьць кнігі – як заражаная батулатаксынам каўбаса. Такіх кніг большасьць. Ад іх можна памерці – ад іхнае ружовае напышлівасьці, ад іхнай ільсьнянай прадажнасьці, ад іхнай таннасьці, фабрычнасьці, паўфабрыкатнасьці, каўбаснасьці, напханасьці рознымі банальнасьцямі. Кніга пад вокладкай – як рыба фугу пад накрыўкай. Май пад рукой сыроватку – ці хаця б сурвэтку.
XS
SM
MD
LG