Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура паставіла дыягназ віцебскаму апазыцыянэру


Сяргей Белязека

Сяргей Белязека

Сьледчы пракуратуры Чыгуначнага раёну Віцебску Антон Зыкаў, які праводзіў праверку ліста віцебскага апазыцыянэра Сяргея Белязекі, запісаў у пастанове, што жыцьцёвая неўладкаванасьць апошняга «глыбока паўплывала на ягоны псыхічны стан».

Сяргей Белязека кажа, што ён абураны высновай пракуратуры, якая праводзіла праверку зьместу ягоных лістоў у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. На думку апазыцыянэра, сьледчы ня мае права рабіць высновы пра псыхічны стан грамадзянаў, бо ў яго няма адпаведнай мэдычнай кваліфікацыі. Да таго ж задача работніка раённай пракуратуры палягала зусім у іншым: высьветліць, ці няма ў допісах спадара Белязекі абразаў на адрас прэзыдэнта.

Сьледчы Антон Зыкаў абразаў у лістах апазыцыянэра ня выявіў, зазначыўшы, што ў дзеяньнях актывіста няма складу злачынства, якое падпадае пад артыкул 368 Крымінальнага кодэксу, бо «адмоўная, рэзка крытычная ацэнка асобы, выказаная ў прыстойнай форме, не зьяўляецца абразай».

Сяргей Белязека пісаў да АляксандраЛукашэнкі, што не жадае быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, дзе парушаюцца ягоныя грамадзянскія правы. Ён прасіў пазбавіць яго беларускага грамадзянства і выслаць за межы краіны на ўзор дысыдэнтаў савецкага часу. У адказ актывіст атрымаў тлумачэньні, што беларускім заканадаўствам не прадугледжана працэдура пазбаўленьня грамадзянства паводле ўласнага жаданьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG