Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Прэзыдэнцкі ўказ №60 працягвае вярэдзіць розумы беларускай інтэрнэт грамады. Найбольш папулярны дыягназ – чарговыя прошукі дыктатарскага рэжыму па ўдушэньні апошніх рэштак свабоды слова, што знайшла свой прытулак у віртуальным сьвеце Сусьветнага павучыньня.

Такое стаўленьне дэмакратычна настроенай грамадзкасьці цалкам зразумелае. Як казаў герой аднаго амэрыканскага фільму, усё, "што робяць гэтыя тыпы – ужо падазрона".

Але ж я не падзяляю такога падыходу.

Пры ўсіх намаганьнях беларускіх уладаў дэманстраваць ідэалягічны інтарэс, выглядае гэта ня надта пераканаўча. Возьмем хаця б БРСМ. Наўрад ці хто зараз будзе спрачацца, што за нібыта ідэалягічным фасадам стаяць элемэнтарныя эканамічныя інтарэсы яго кіраўнікоў ды шэраговых чальцоў. Так і з указам №60 – пакуль што бачны чыста эканамічны чыньнік. Гэта робіцца відавочным, калі зьняць ідэалягічныя акуляры.

З указам №60 зьвязаныя два аспэкты: фільтрацыя кантэнту і рэгістрацыя сайтаў з прымусовым іх перанясеньнем на беларускую глебу.

Разьбярэмся з першым. Адказны за гэта ААЦ ужо выказаўся, што ўводзіць цэнзуру ў Байнэце ня будуць: "Ніякай цэнзуры ў Байнэце ня будзе. У Беларусі не рыхтуюцца нарматыўна-прававыя акты ці ініцыятывы, якія б былі на гэта накіраваныя". Прадстаўнік ААЦ таксама адзначыў, што ў пастанове "Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку абмежаваньня доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інфармацыі, забароненай да распаўсюджваньня ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі" не прадугледжаная кантэнт-фільтрацыя.

Дык а як быць з фактамі фільтрацыі кантэнту ў дзяржустановах і ў сфэры адукацыі ды культуры, спытаецеся вы? А тут няма ніякіх “зьверстваў рэжыму”. Ніхто ж не наракае на "гэбню", калі ў прыватнай фірме злобны адмін баніць доступ офіснаму плянктону да “Аднаклясьнікаў” ды розных сумнеўных сайтаў. Гэта права працадаўцы, які плаціць сваім супрацоўнікам грошы, абмежаваць іх доступ да рэсурсаў, не зьвязаных непасрэдна з працай.

Калі пагугліць, то можна знайсьці яшчэ больш такіх прыкладаў у самых дэмакратычных заходніх краінах.

Так і тут. Толькі ў ролі фірмы выступае дзяржава – працадаўца. Такая ў нас дзяржава, ці фірма такая, гэта як каму. Калі супрацоўнік дзяржавы хоча мець поўную свабоду доступу да патрэбных яму рэсурсаў, нішто не замінае яму рабіць гэта дома ці праз асабісты мабільнік ці ноўтбук. Іх канфіскацыю ўказ №60 не прадугледжвае. Асабісты, падкрэсьлю, бо службовы мабільнік ці ноўтбук патрапляюць пад дзяржаўныя сродкі вытворчасьці.

Дзе тут эканамічны чыньнік? Па-першае, тэарэтычна (бо марнаваць час можна і ў курылцы) дзярслужбоўцы будуць больш часу прысьвячаць працы, а не чытаньню плётак у сацыяльных сетках (я не кажу апазыцыйных сайтаў таму, што яны і так не стаяць у сьпісе самага чытанага беларусамі кантэнту). Па-другое, ня будзе марнавацца аплачаны дзяржавай усё яшчэ дарагі трафік на наведваньне "левых" сайтаў. Гэта ж слушна і ў дачыненьні адукацыйных установаў – школьнікі ды студэнты мусяць наведваць адукацыйныя рэсурсы, а не парнушныя. Па-трэцяе, у супрацоўнікаў дзяржкантораў зьявіцца стымул для падключэньня да інтэрнэту з хаты, што будзе карысна і для іх хатніх. Правайдэры атрымаюць дадатковыя грошы пры адначасовым росьце інтэрнэт-пранікненьня па краіне. Эканамічны чыньнік у чыстым выглядзе.

Цяпер разгледзім другі факт – рэгістрацыя сайтаў з прымусовым іх перанясеньнем на беларускую глебу. Тут апроч чыстагану ніякіх іншых матываў няма. Замест таго, каб плаціць грошы заморскім гостэрам, беларускія фірмы ды прадпрымальнікі (прыватныя ўладальнікі вольныя гасьціцца дзе заўгодна) будуць падтрымліваць айчыннага вытворцу, то бок, родны Белтэлекам, які на народныя збудаваў некалькі магутных дата-цэнтраў. Да таго ж ня будзе "ўцякаць" за мяжу каштоўны трафік, дый доступ да рэсурсаў, што знаходзяцца ў Беларусі таньнейшы (у некаторых выпадках нават бясплатны) ды хутчэйшы. Суцэльная эканамічная карысьць з пункту гледжаньня дзяржавы. Вядома, гэта стварае дадатковыя праблемы для прыватных гостэраў, але ж гутарка ідзе пра эканамічны чыньнік, а не пра прошукі дыктатуры.

Да таго ж, як высьветлілася, дыктатура ня надта зьверствуе з выкананьнем указу. Нягледзячы на крайні тэрмін рэгістрацыі 1 ліпеня, па стане на 5 жніўня было зарэгістраваныя толькі 22 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў з 65 тысяч сайтаў байнэту. Вядома, ня ўсе яны мусяць рэгістравацца, але ж незарэгістраваныя ніхто пакуль не адключыў, а да іх гаспадароў міліцэйскі спэцназ пакуль не ўрываўся. Вельмі падрабязна пра гэты працэс распавёў дырэктар HOSTER.BY Сяргей Павалішаў.

Да ўсяго сказанага я дадам яшчэ павелічэньне колькасьці розных спэцыялістаў і службаў, якія задзейнічаныя ў выкананьні ўказу №60. Колькі людзей атрымаюць працу, а датычныя фірмы і арганізацыі дадатковы прыбытак! Суцэльны эканамічны пазытыў.

P.S. Чытаньне гэтага блогу на службовым кампутары можа пашкодзіць вашым эканамічным інтарэсам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG