Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меліярацыя: учора — балота, заўтра — папялішча


Агульная колькасьць пажараў, якія фіксуюцца цяпер у лясах і на тарфяніках Беларусі, перавысіла 500 выпадкаў. Найбольш небясьпечная сытуацыя — на мэліяраваных раней плошчах, якія знаходзяцца пераважна ў так званай чарнобыльскай зоне. Між тым мэліярацыя ў Беларусі працягваецца і цяпер.

Падрабязнасьці пра наступствы маштабнай мэліярацыі ўдакладнялі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Эколяг з Пінска Алена Лягун раней і цяпер абараняла прыроду Палесься. Лічыць, што асабліва сёлета выявіліся наступствы татальнай мэліярацыі і яе памылак:

«Лічу, што цяперашнія наступствы не выпадковыя — Гомельшчына смажыцца ўся. Ад траўня месяца тут не было дажджу. І як ідзе далей, то больш назьбіраецца бяды. Гэта лета яшчэ раз паказвае, што мэліярацыя павінна была быць пад кантролем. Так нельга было ставіцца да прыроды. За гэта яна нам зараз помсьціць».

На сёньня плошча ўсіх асушаных зямель ў Беларусі складае 3,4 мільёна гектараў — гэта амаль 30 працэнтаў ад усёй тэрыторыі. Ужо відавочныя страты ў экалягічнай сытуацыі. Колькасьць пажараў сёлета на тарфяніках і ў лясах перавышае паўтысячы.

Аднак, нават незвычайная гарачыня не спыняе новую мэліярацыю. Адзін з арганізатараў новага наступу на балоты, намесьнік дырэктара Палескай досьледнай станцыі Мікалай Аўраменка, ня лічыць магчымым спыняць мэліярацыю. Ён кажа пра велічнае наступленьне на балоты:

«Мэліярацыя ў СПК „Веляміцкі“ Столінскага раёну — 600 гектараў! А раней — толькі 300 і ніяк ня больш. Яшчэ больш мэліярацыйны аб’ект „Сямігосьцічы“ — 1265 гектараў. Вось якія аб’екты! Далей — „Рубельскі“ — 1780 гектараў».

Сёньня нашы рэгіянальныя карэспандэнты назіралі, як адбываецца гэты працэс.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У кабіне трактара мэліяратара — +36

У Ляхавіцкім ПМС кажуць, што праца на тарфяніках вядзецца паводле асаблівага рэжыму, які быў уведзены напрыканцы мінулага месяца. Сярод правілаў — асаблівая адказнасьць супрацоўнікаў:

«Усім нагадваецца, што паліць дазваляецца ў адведзеных месцах. Асабліва варта сачыць за запалкай, недапалкам цыгарэты. Праз кожныя 20-30 хвілін кожны павінен спыняць тэхніку, аглядаць яе. Даць час, каб машына астыла».

У сьпёку, як лічаць чыноўнікі, перагрэцца можа толькі тэхніка. Мэханізатары не атрымаюць ніякіх бонусаў або даплат. Гэта не прадугледжана заканадаўствам.

«Прывыкаем да новых умоваў. Заканадаўствам не прадугледжана наконт гэтага нічога. Такой сьпёкі яшчэ не было, — кажа рабочы Пінскага ПМС Сьцяпан.

Суразмоўца таксама дадае, што на трактары ў балоце ён павінен адпрацаваць цэлы дзень. Навокал, у межах двух кілямэтраў, няма ніводнага чалавека. Такі рэжым вытрымліваюць нямногія. Цяпер на прадпрыемстве працуе некалькі маладых людзей, але большасьць не вытрымліваюць і звальняюцца:
Моладзь не вытрымлівае тут. Цэлы дзень праседзець у балоце. А на дадатак — гарачыня.


«Моладзь не вытрымлівае тут. Цэлы дзень праседзець у балоце. А на дадатак — гарачыня. Гэта прыродная анамалія. Вось зараз, напрыклад, у маёй кабіне тэрмомэтар паказвае 36 градусаў. Ня ведаю, неяк прызвычайваемся. Шкада, што за такія ўмовы ніякіх падвышак да заробку. Проста працуем».

Што да пажаранебясьпечных захадаў, дык тут, кажа Сьцяпан, адказнасьць — на рабочых. Праўда, існуе і кантроль:

«Сочым за сабой у першую чаргу. Дый кантроль таксама існуе, кожны дзень прыяжджае камісія, якая сочыць за пажарнай небясьпекай».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Экскаватар загарыцца і сам згарыш, але не заробіш...»

У Гомельскай вобласьці аднаўленьню падлягае каля 140 тысяч гектараў тарфянікаў. Людзі трываюць сьпёку, як могуць, а вось экскаватары адмаўляюцца працаваць.

Расказвае мэханізатар Лельчыцкага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў:

«За дзьве гадзіны аліва ў гідраўліцы ўжо кіпіць, таму што ахалоджваньне слабое. Гэта ў расейскім экскаватары ЕТ-16. І ў Коханаўскім экскаватары тое ж самае, нават яшчэ горш, чым у расейскім. Слабы экскаватар. У яго гідраўліка як нагрэлася — яна тады як муха ў смале».

Пякельная праца на мэліярацыйных аб’ектах, паводле экскаватаршчыка, надзвычай слаба заахвочваецца.

«Надзвычай нізкія расцэнкі. Мільён, мільён дзьвесьце, дзевяцьсот тысяч — вось і ўсё. Вось і ўся аплата. Экскаватар загарыцца й сам згарыш, але не заробіш пры такіх расцэнках. Кабіну не зачыніш, а калі зачыніў, ты празь дзьве хвіліны ўвесь мокры. Уся пыляка ў кабіну ляціць. Маладыя тут працаваць ня будуць — гэта пякельная праца».
Хто слаба працуе, хто правініўся — на стары экскаватар. Хто добра — на новы экскаватар. Мяняем! І яны сапраўды зараз баяцца.

А начальства патрабуе аб’ёмы, бо сёлета ў раёне трэба аднавіць 1600 гектараў мэліяраваных раней зямель — у 4 разы больш, чым у мінулым годзе.

Вось што заяўляе адзін з кіраўнікоў раённага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў:

«Усё строга — сьпёка! Глядзім, каб нават не курылі. Не пасьпееш уцячы, як згарыш у тым балоце. Мы ж балота рэканструюем, а там глыбіня торфу — 4-5 мэтраў. Хто слаба працуе, хто правініўся — на стары экскаватар. Хто добра — на новы экскаватар. Мяняем! І яны сапраўды зараз баяцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG