Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Роўна 20 гадоў таму, 13 жніўня 1990 году, першы і апошні прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісаў указ "Аб аднаўленьні правоў усіх ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920—50-х гадоў". Неўзабаве ў савецкіх рэспубліках быў пачаты працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных, які, аднак, разьвіваўся па розных сцэнарах. Прыкладам, у Беларусі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі працэс быў згорнуты, і пад сталінскім кляймом "ворагаў народу" дагэтуль застаюцца тысячы невінаватых людзей.

Паводле ацэнак дасьледчыкаў, ахвярамі палітычных рэпрэсій у СССР сталі больш за 30 мільёнаў чалавек. Ад сярэдзіны 1950-х, пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна, пачаўся працэс рэабілітацыі. Былі скасаваныя рашэньні, у адпаведнасьці зь якімі ў аддаленыя раёны Расеі высылаліся цэлыя народы, прызнаныя незаконнымі пастановы пазасудовых органаў НКВД, вынесеныя ў палітычных справах.

У 1960-х працэс рэабілітацыі пайшоў на спад — уладныя чыноўнікі самі напалохаліся маштабу генацыду ўласнага народу. Істотны зрух намеціўся на пачатку 1990-х, калі грамадзтва пачало даведвацца праўду пра сталінскія злачынствы. Аднак у сьпісах расейскай праваабарончай арганізацыі "Мэмарыял" дагэтуль налічваецца блізу 3 мільёнаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Як кажа старшыня беларускай сэкцыі "Мэмарыялу" Вячаслаў Сіўчык, у гэтым пераліку нямала і беларусаў, аднак у цяперашніх умовах іх рэабілітацыя наўрад ці магчымая:

"Вядома, гэта для нас вельмі важная дата, таму што пра камуністычныя рэпрэсіі праўда вельмі цяжка ішла да савецкага грамадзтва. Але трэба сказаць, што ў тыя часы ў Беларусі таксама праводзілася пэўная праца дзеля аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці. Яшчэ перад гэтай датай беларусы даведаліся пра Курапаты, даведаліся пра іншыя месцы злачынстваў. Створаны быў "Мартыралёг Беларусі" — арганізацыя, аналягічная маскоўскаму "Мэмарыялу". Пасьля адбывалася рэабілітацыя ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, але, на жаль, усё гэта было спынена яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Я гэта цесна зьвязваю з генэзісам сёньняшняй улады, аднак пасьля 1995 году рэабілітацыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў спынілася, і адновіцца гэты працэс, думаю, ужо пасьля сыходу сёньняшняга рэжыму".

Паводле гісторыка Анатоля Сідарэвіча, у шэрагу нерэабілітаваных застаюцца людзі, якія ў іншых краінах лічацца гонарам нацыі. Увесь жнівень дэмакратычная грамадзкасьць адзначае 100-гадовы юбілей знакамітай паэткі Ларысы Геніюш, якую сучасныя ідэолягі дагэтуль лічаць "ворагам народу":

"Перадусім указ прэзыдыюму Саўміну датычыў тых, хто быў рэпрэсаваны, а больш дакладна, зьняволены, асуджаны на катаргу, на сьмерць у пазасудовым парадку. То бок — "тройкі", "двойкі" і да т.п. Тое, што ў судовым парадку, у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, законамі (бо "двойкі-тройкі" не былі прадугледжаныя ніякімі законамі), — падлягала перагляду ў канкрэтным выпадку, у дачыненьні да кожнага канкрэтнага падсуднага. Іншая справа, што мы нярэдка мелі ў той час (але можна сьцьвярджаць, што маем і ў цяперашні час) так званую камэдыю суду. Калі я чую, напрыклад, што трэба рэабілітаваць Ларысу Геніюш, то перш за ўсё я патрабаваў бы не рэабілітацыі, а публікацыі яе сьледчай справы і судовага пратаколу. Тады кожны чалавек, які больш-менш нешта разумее ў юрыспрудэнцыі, убачыў бы — гэта было не правасудзьдзе, а самая звычайная пародыя на суд. Публікацыя гэтых судовых спраў павінна стаяць на першай чарзе".

Праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, у сваю чаргу, дадае, што дагэтуль не рэабілітаваныя ня толькі асобныя людзі, а і цэлыя нацыянальныя заходнебеларускія арганізацыі, Саюз беларускай моладзі, іншыя вызвольныя аб'яднаньні:

"Больш за тое, наогул анэкдатычныя бываюць сытуацыі, калі параўноўваць нас з суседзямі. Так, адбылася рэабілітацыя ўдзельнікаў украінскага нацыянальна-вызвольнага руху. Але справа ў тым, што частка ўкраінскіх удзельнікаў вызвольнага руху была асуджаная судамі БССР. У сувязі з "гэбэшным" запаведнікам, які ўтварыўся на нашай тэрыторыі, гэтыя людзі не рэабілітаваныя з пункту гледжаньня права ва Ўкраіне. Таму што ўкраінцы не маглі дамагчыся, каб беларускія суды выконвалі тое, што робіцца ва Ўкраіне. Сытуацыя ў нас вельмі кепская. Беларуская грамадзкасьць якраз сьвяткавала 100-годзьдзе Ларысы Антонаўны Геніюш, клясыка беларускай літаратуры, якая ня мела савецкага грамадзянства, якая была практычна гвалтам, з парушэньнем права выдадзена камуністычнай Чэхаславакіяй на расправу ў Савецкі Саюз і якая была вязьнем ГУЛАГу. І нават па Геніюш нічога не ўдалося зрабіць у справе рэабілітацыі, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці ўвесь час займаюцца гэтым пытаньнем".

Апроч таго, Анатоль Сідарэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што ёсьць людзі, якіх савецкія ўлады асудзіць не пасьпелі, аднак зь якіх доўгія дзесяцігодзьдзі зьдзекавалася маральна. Рэабілітацыя добрага імя, на думку спадара Сідарэвіча, — ня меней важная справа, чым доказ невінаватасьці:

"Ёсьць вялікая чарада людзей, якіх ніхто не судзіў, але якіх абылгалі. Яны жылі зусім легальна ў ЗША, у Злучаным Каралеўстве, у Нямеччыне, Францыі, Канадзе. Прыкладам, калі мне сьцьвярджалі, што ў доктара Барыса Рагулі рукі па локці ў крыві, я адказваў: ёсьць простая рэч — сабраць усе доказы ягоных "ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці" і даставіць каралеўскаму пракурору ў Таронта, дзе ён жыве. І калі будуць гэтыя доказы слушнымі, каралеўская конная паліцыя хутка яго возьме пад белы ручкі і аддасьць правасудзьдзю. Так, як зараз 80-гадовага дзеда судзяць за яго злачынствы ў Сабіборы. Але адна справа — прапаганда, бо нагаварыць можна было на Станіслава Станкевіча, бургамістра Барысава, на Масея Сяднёва, на Алеся Салаўя, іншых. Другая справа — юрыдычна вывераныя факты. А юрыдычна вывераных доказаў, якія б сьведчылі, што хоць бы гэтыя названыя людзі ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасьці, няма. І вось тут мы ўжо ўступаем у паласу палітыкі, а не юрыспрудэнцыі".

Праваабаронцы кажуць, што паводле ўсіх юрыдычных палажэньняў маральная шкода, нанесеная незаконнымі рэпрэсіямі, павінна быць кампэнсаваная. Аднак пытаньне матэрыяльнай кампэнсацыі як не ўваходзіла ў пляны беларускіх уладаў раней, так не разглядаецца і зараз.
XS
SM
MD
LG