Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малако даражэе і цячэ ў Расею


Савет Міністраў прыняў пастанову, згодна зь якой з 12 жніўня закупныя цэны на малако ў Беларусі ўздымаюцца ў сярэднім на 10%. Як адаб’ецца гэта на малаказаводах, на пакупніках, ці дапаможа самім сельгасвытворцам?

Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінсельгасхарчу, чакаецца, што рэнтабэльнасьць вытворчасьці малака ўзрасьце да 15%, а сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымаюць у жніўні — сьнежні каля 200 мільярдаў рублёў дадатковай выручкі.

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі Андрэй Юркоў выказаў такое меркаваньне:

Андрэй Юркоў
«Тая надбаўка — 10% — яна ўся будзе ісьці з заводаў не на разьліковыя рахункі сельгаспрадпрыемстваў, а на спэцрахункі так званыя. Гэта накіравана будзе на тое, каб гасіць даўгі перад бюджэтам. Бо салярка, запчасткі бюджэтныя — сваіх у гаспадарак ужо грошай даўно няма, у ільвінай долі. І таму, каб хоць штосьці гасіць у бюджэт, гэтыя грошы прымусова будуць туды накіроўвацца. То бок яны ўжо наўпрост з заводаў будуць ісьці на спэцрахункі, якія адкрыюць гаспадаркі для разьліку зь бюджэтам».

Зь сярэдзіны ліпеня пачалі расьці кошты на малочную прадукцыю, якая ідзе на экспарт. Толькі за апошні тыдзень ліпеня экспартныя кошты на асноўныя пазыцыі малочнай прадукцыі павялічыліся ў сярэднім на 200 даляраў за тону, паведамляе сайт prodinfo.by. У выніку цэны зьнешняга рынку дазваляюць перапрацоўчым арганізацыям атрымліваць значны прыбытак. Але кошты закупу ўзьняліся даволі істотна — на 10%.

Эканаміст Міхал Залескі кажа, што апошнім разам па-сапраўднаму рынкавыя цэны фармаваліся і абгрунтоўваліся ў 1928 годзе. З таго часу цэны фармулююцца зьверху на падставе дамоўленасьці паміж тымі, хто просіць, і тымі, хто раздае. Ці адаб’ецца рост закупных цэнаў на кішэні пакупнікоў?

Міхал Залескі
«Так, пэўным лагам будуць нейкім спосабам гэта рабіць. Але тут такая заблытаная сыстэма — датацыі ідуць вытворцам малака, датацыі ідуць малаказаводам, прычым ідуць ускосна, празь перакрыжаванае субсыдыяваньне энэрганосьбітаў, вызваленьне ад падаткаў, вызваленьне ад экспартнага мыта і так далей… Гэта так цяжка зразумець неспэцыялісту, дый спэцыялісту таксама. Заблыталіся ўжо ў гэтым сацыялізьме. Мы ніяк ня выйдзем з СССР».

Дырэктара Ляхавіцкага малочнага заводу Аляксандра Жукоўскага рост закупных коштаў на малако не палохае:

«Гэта правільнае, прадуманае рашэньне, выверанае. Яно грунтуецца на сытуацыі, якая сёньня складаецца на ўсясьветных рынках. А завод не разваліцца ад гэтага, вытрымае. Хопіць грошай, каб заробкі выплачваць людзям, і каб падаткі заплаціць, і каб разьвівацца».

Карэспандэнтка: «Гэта адразу ж адаб’ецца і на коштах у крамах?»

«Прадукцыя будзе даступная. Нават калі цэны на 1-2% уздымуць. Але ж пакуль не ўзьнялі. Чаго раней часу разважаць? Расея ўзьняла кошты на газ на 13%, а дзе браць, каб плаціць?»

Як паўплывала сьпякотнае надвор’е на вытворчасьць малака?

Андрэй Юркоў: «Я сам з усходу Беларусі. Нас крыху падпаліла, але падсмажыла нас дзесьці па лініі Дняпра, на ўсход ад Дняпра. А на захад ад Дняпра, тым больш у цэнтральных раёнах Беларусі, ня кажучы ўжо пра Берасьце, Горадню — там спрыяльныя ўмовы, кармоў багата, суха і сушыць ня трэба».

А вось у суседняй Расеі — праблемы. Прычым ня толькі са збожжам, кажа Андрэй Юркоў:

«Для малочнай гаспадаркі збожжа ня так прынцыпова, тут больш прынцыповыя грубыя кармы — сянаж, сілас, сена. А гэта ў Расеі таксама выгарала. І жывёлагадоўля: буйная рагатая жывёла, каровы — гэта будзе ўсё скарачацца. І гэта вельмі спрыяльны момант для Беларусі. Ужо ж датэрмінова, на мінулым тыдні адмянілі ўсе забароны на імпарт прадукцыі зь беларускіх малаказаводаў. Таму што, безумоўна, у Расеі на рынку складаецца моцны недахоп прадукцыі».

Два дні таму старшыня праўленьня Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака Расеі Андрэй Даніленка паведаміў, што Расея мае намер пакрыць 10% спажываньня малочных прадуктаў за кошт паставак зь Беларусі. Паводле ягоных слоў, Беларусь гатовая пастаўляць у Расею штогод 4 мільёны тон малочнай прадукцыі ў пераліку на малако.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG