Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанцы зьвяртаюцца да кандыдатаў на прэзыдэнта


Жыхары Воршы просяць, каб кандыдаты ўключылі ў сваю праграму вырашэньне пытаньня з рэстаўрацыяй будынка кляштара базыльянаў — помніка архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя.

Аршанцы сабралі подпісы пад калектыўным зваротам да патэнцыйных кандыдатаў, якія маюць намер балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду. У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца:

"Нас, жыхароў горада Воршы, вымушае зьвярнуцца да Вас бязьдзейнасьць і безадказнасьць уладаў, якія ня могуць забясьпечыць захаванасьць помніка архітэктуры рэспубліканскага значэньня. Летам 2003 году гарадзкім камунальным прадпрыемствам з кляштара былі поўнасьцю зьнятыя канструкцыі даху, пасьля чаго будынак быў перададзены Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы. З таго часу канструкцыі гэтага помніка імкліва разбураюцца пад узьдзеяньнем атмасфэрных ападкаў, і будынак знаходзіцца пад пагрозай поўнага зьнішчэньня".

У лісьце таксама згадваецца, што прадстаўнікі грамадзкасьці гораду ўжо зьвярталіся і ў Віцебскую эпархію, і ў выканкам, але плёну гэта не прынесла. Толькі пасьля звароту ў пракуратуру Аршанскі гарвыканкам запатрабаваў, каб эпархія да канца гэтага году аднавіла дах на будынка. Аднак цяпер ужо сярэдзіна жніўня, а працы па кансэрвацыі будынка так і не пачаліся.

У гарвыканкаме таксама не знайшлося сродкаў, каб аднавіць гэтую частку гістарычнай спадчыны: калі ў 2008 годзе Воршу рыхтавалі да сьвяткаваньня Дажынак і рэстаўравалі шмат якія аб'екты, паўразбураны будынак кляштара часова прыкрылі зьверху маскіровачнай сеткай. Пасьля Дажынак сетку зьнялі. Паўразбураны помнік архітэктуры амаль што ў самым цэнтры Воршы не дадае гораду турыстычнай ды інвэстыцыйнай прывабнасьці. Такім чынам, "гэтая сытуацыя ёсьць яшчэ адным прыкладам безадказнага стаўленьня дзейнай улады да архітэктурнай спадчыны гораду", гаворыцца ў звароце, які аршанскія актывісты мяркуюць перадаць патэнцыйным кандыдатам падчас перадвыбарчых сустрэчаў. Адна зь іх адбудзецца ў Воршы ўжо заўтра. На яе чакаюць Рыгора Кастусёва і Яраслава Раманчука.

Руіны базылянскага кляштара ў Оршы.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG