Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі арыштаваў галоўнага сьледчага Камітэта дзяржкантролю Дзмітрыя Адамовіча. У КДБ пакуль не камэнтуюць справу, у КДК кажуць, што "такой інфармацыі для распаўсюду няма".

Таксама адхілены ад займаемай пасады памочнік старшыні Камітэта дзяржкантролю Віктар Пісарык.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданьне "Ежедневник".

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пакуль не камэнтуюць інфармацыю аб затрыманьні начальніка сьледчага ўпраўленьня дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзьмітрыя Адамовіча. "Без камэнтароў",-- заявіў БелаПАН начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч. Пры гэтым ён не выключыў, што нейкая інфармацыя аб гэтым можа зьявіцца ў бліжэйшы час.

Адносна затрыманьня Дз.Адамовіча і звальненьня В.Пісарыка ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю карэспандэнту "Свабоды" паведамілі, што "такой інфармацыі для распаўсюду ў мэдыях няма".




Журналіст Павал Шарамет мяркуе, што за чарговым наступам КДБ на Камітэт дзяржкантролю стаіць каманда памочніка прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі, якая паступова бярэ пад кантроль праваахоўныя структуры.
Глядзі: "Дні адыёзнага кантралёра скончыліся"



"Ежедневник"
прапануе такую вэрсію.

Падчас праверкі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) КДК Савет бясьпекі выявіў схемы, па якіх “адмазваліся” ад крымінальнага перасьледу бізнэсоўцы. Прычым, цэнтральнай фігурай па многіх эпізодах такіх схем праходзіў менавіта арыштаваны цяпер начальнік Упраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў ДФР КДК.

Схемы працавалі проста і цалкам законна: расьсьледаваньне крымінальнай справы прыпынялася зь якой-небудзь нагоды (напрыклад, у сувязі з вышукам падазраванай, якая нікуды не хаваліся), а потым пра яго забываліся на 5, 6 або 9 гадоў, пакуль не сканчаўся тэрмін прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці або пакуль не выключаўся з Крымінальнага кодэксу адпаведны артыкул.

Пасьля таго, як вынікі праверкі былі дакладзеныя кіраўніцтву краіны, пачалася апэратыўная распрацоўка органаў фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі з боку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, які цяпер адыгрывае вядучую ролю ў барацьбе з карупцыяй у праваахоўных органах. Удар быў накіраваны супраць трох чыноўнікаў: саветніка старшыні КДК Віктара Пісарыка, намесьніка дырэктара ДФР КДК Віктара Марозава і начальніка Упраўленьня расьсьледаваньняў злачынстваў ДФР КДК Дзьмітрыя Адамовіча.

В.Пісарык у свой час пралабіраваў прызначэньне на пасаду намесьніка дырэктара ДФР КДК В. Марозава, які цалкам зьмяніў структуру сьледзтва органаў фінансавых расьсьледаваньняў. Зроблена гэта было пад маркай прафіляктыкі карупцыі.

Спачатку тэрытарыяльнае сьледзтва органаў фінансавых расьсьледаваньняў было выведзена з-пад прамога падпарадкаваньня цэнтральнага сьледчага ўпраўленьня ДФР КДК, і, каб яшчэ больш узмацніць кантроль над сьледзтвам, у дэпартамэнце ствараецца Упраўленьне працэсуальнага нагляду. На пасады начальнікаў сьледчага і нагляднага упраўленьняў В. Марозаў ставіць двух сваіх блізкіх сяброў, якіх напрасткі падпарадкоўвае сабе. Пры гэтым у сьледчым упраўленьні быў створаны яшчэ адзін аддзел, які падмяў пад сябе ўсе расьсьледаваньні фінансавых злачынстваў, дзе фігуравалі буйныя сумы. Кіраваць аддзелам В. Марозаў прызначае свайго хрэсьніка, замкнуўшы на сабе такім чынам і сьледзтва, і кантроль над ім у ДФР КДК.

Зянон Ломаць
Сам жа В. Марозаў знаходзіўся ў блізкіх сяброўскіх адносінах з В. Пісарыкам, які забясьпечваў яму прыхільнасьць старшыні КДК Зянона Ломаця.

Гэтая схема была прынятая ў КДБ за працоўную, таму, каб пачаць распрацоўку, у першую чаргу было ініцыяванае адхіленьне ад пасады В. Пісарыка. Прычым зроблена гэта было на такім узроўні, каб старшыня КДК ня меў магчымасьці абараніць свайго пратэжэ.

На мінулым тыдні чэкісты правялі ў дачыненьні да ДФР КДК беспрэцэдэнтную супрацькарупцыйную апэрацыю, -- паведамляе "Ежедневник".

Спачатку “на гарачым” быў затрыманы пасярэднік у перадачы буйнога хабару службовым асобам ДФР КДК. Ён даў сьведчаньні супраць начальніка Ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў ДФР КДК Д. Адамовіча.

3 жніўня Д. Адамовіча папрасілі прыехаць у КДБ нібыта для таго, каб узгадніць пазыцыі па адной сумеснай апэратыўнай распрацоўцы. Сам Адамовіч так і сказаў падначаленым, што едзе ў КДБ. Больш яго ніхто ня бачыў.

Як распавялі «Ежедневнику» ў Камітэце дзяржбясьпекі, першапачаткова галоўны фінансавы сьледчы Д. Адамовіч сапраўды паехаў у КДБ, але па дарозе нечакана перадумаў і накіраваўся ў Генэральную пракуратуру, дзе і быў перахоплены проста на ганку будынку. Пры гэтым Адамовіч аказаў актыўны супраціў апэратыўнікам КДБ, але яго скруцілі, запіхнулі ў машыну і павезьлі на вачах пракурорскіх работнікаў.

За санкцыяй на арышт Д. Адамовіча чэкісты прыйшлі да намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Кукліса, але санкцыі не дачакаліся. Пасьля гэтага санкцыю на арышт даў старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.

Зараз КДБ рыхтуе даклад для кіраўніка дзяржавы, у якім ня толькі апісваюцца ўсе гэтыя падзеі, але і даюцца ацэнкі дзейнасьці як арыштаванага Д. Адамовіча, яго непасрэднага начальніка В. Марозава, іншых людзей зь іх каманды, так і намесьніка генэральнага пракурора М. Кукліса.

Як будуць разьвівацца падзеі, будзе залежаць ад кіраўніка дзяржавы, – заключае «Ежедневник».

Афіцыйная рэакцыя і камэнтары пасьней на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG