Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі грамадзка-культурны дзеяч у Літве. Нарадзіўся 6 красавіка 1928 году на Гарадзеншчыне ў вёсцы Алешавічы Мастоўскага раёну. У 1943 годзе сям’я пераехала ў Вільню, у якой Хведар Нюнька ў 1948 годзе скончыў расейскую гімназію. У 1953 годзе скончыў лясны факульт Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Працаваў у праектных інстытутах Вільні. З 1989 году старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы. Сябра прэзыдыюму Рады БНР з 1997 году. Жыве ў Вільні.



Што для вас свабода?


Свабода, калі можаш не баяцца выказываць сваю пазыцыю і крытычныя меркаваньні пра ўладу, можаш свабодна езьдзіць і жыць у іншай краіне, практычна ўплываць на выбары і дзейнасьць існуючай улады, маеш права на недатыкальнасьць законнай уласнай маёмасьці, калі жывеш у краіне, дзе існуе незалежная законадаўчая, судовая і выканаўчая ўлады.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Праезд і побыт у Беларусі.



Што для вас шчасьце?


Шчасьце, калі ты задаволены жыцьцём, цэніш кожны пражыты дзень, калі блізкія людзі цябе разумеюць і цэняць, а чужыя паважаюць, калі дасягаеш пастаўленай мэты.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Расчараваньня ў сваіх ідэалах і ў блізкіх па духу сябрах.



Які талент вы хацелі б мець?


На жаль, таленту ня маю, але прыстойнасьць і добрасумленьне павінен захаваць на ўсё жыцьцё.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Шмат ёсьць цікавых пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў, але выдзяліць хачу Радзіма Гарэцкага і Генадзя Бураўкіна.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Вырашаць праблемы Таварыства беларускай культуры, сачыць за падзеямі ў Беларусі і сьвеце, чытаць кнігі.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Жыцьцёвы лёс быў да мяне прыхільны, таму мяняць нічога не хацеў бы.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Разьлічваць на свае сілы і магчымасьці. Прымаць адказнасьць за свае рашэньні.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Жыве Беларусь !



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У цывілізаванай капіталістычнай дэмакратычнай сыстэме.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


Задавальняе Літва з частым наведваньнем Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Сучасная эпоха вельмі цікавая.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Даў бы магчымасьць пачаць беларусізацыю насельніцтва краіны, каб замест савецкага стварыўся беларускі народ.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Беларусь павінна стаць сябрам Эўразьвязу.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


З Расеяй трэба наладзіць нармальныя цывілізаваныя добрасуседзкія адносіны на ўзаемавыгаднай эканамічнай аснове.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура ў наш час непрымальная. Асабістая ўлада парушае нармальны лад жыцьця і прыводзіць да ігнараваньня цывілізаваных чалавечых законаў, зьніжае дабрабыт народа.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Адзінага рэцэпту зьмены дыктатуры няма. (Гітлер, Сталін, Мілошэвіч і інш.)

Эканамічны фактар, суседнія краіны, акружэньне кіраўніка паказвае, што такая зьмена можа адбыцца даволі хутка.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі зьменіцца антыбеларускае кіраўніцтва — пытаньне мовы вырашыцца само сабою.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Калі беларусы не загавораць па беларуску, то Беларусь перастане існаваць як дзяржава, а народ як нацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG