Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтым летам беларусы ўжо перанесьлі тры хвалі анамальна высокіх тэмпэратур. Абсалютны тэмпэратурны максымум за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў (да 38,9 градуса) быў зафіксаваны на поўдні краіны 8 жніўня. Чацьвёртая хваля сьпёкі пачынаецца ў Беларусі ўжо ў гэтую пятніцу і працягнецца прыкладна тыдзень.


У гэты анамальны пэрыяд мэдыкі па-ранейшаму раяць:

1) Піць шмат вады — гэта ня толькі прадухіляе абязводжваньне, але і зьніжае ў крыві ўзровень трамбацытаў, які звычайна павышаецца ў сьпёку.

2) Устрымлівацца ад алькаголю, бо ва ўмовах сьпёкі гэта адна з галоўных прычынаў траўматызму, у тым ліку і на вадаёмах. Таксама алькаголь спрыяе ўзьнікненьню гіпэртанічных крызаў, інфарктаў і інсультаў.

3) Быць асьцярожнымі з тымі прадуктамі харчаваньня, якія хутка псуюцца і цяжка засвойваюцца, бо яны пагражаюць рознымі праблемамі са страўнікава-кішэчным трактам, аж да цяжкіх атручэньняў.

4) Не захапляцца прэпаратамі, якія зьніжаюць ціск, сачыць за рытмам сэрца.

Беларускія адмыслоўцы ў галіне судова-мэдычнай і працоўнай экспэртызы, аднак, мяркуюць, што людзі, як правіла, ігнаруюць падобныя парады. Як сьведчыць практыка, траціна насельніцтва ўвогуле неадэкватна паводзіць сябе падчас экстрэмальнай гарачыні. Шмат хто лічыць папярэджаньні мэдыкаў забабонамі і ўпэўненыя, што нічога ня здарыцца, а, як звычайна, пранясе.
Галоўны вораг свайго здароўя — сам чалавек.
Сюды ж належаць і кіраўнікі фірмаў, дзе тэмпэратура ў памяшканьнях перавышае нарматыўныя паказчыкі. Замест таго каб скараціць працоўны дзень сваіх падначаленых на 1-2 гадзіны, яны патрабуюць тых жа працоўных паказчыкаў, што і ў звычайнае надвор’е.

Але найчасьцей галоўны вораг свайго здароўя — сам чалавек. Невыпадкова шмат выклікаў у службу хуткай дапамогі, паводле беларускіх мэдыкаў, зьвязаныя з наступствамі алькагольнай перадазіроўкі. Больш як на траціну павялічылася колькасьць зваротаў у сувязі з кішэчнай інфэкцыяй. Колькасьць зваротаў з сардэчна-сасудзістымі захворваньнямі павялічылася на 12%, а з ішэмічнай хваробай сэрца — на 17,3%, сьведчаць супрацоўнікі хуткай дапамогі ў беларускай сталіцы.

А вось супрацоўнікі Брытанскага інстытуту псыхіятрыі маюць падставы сьцьвярджаць, што анамальная сьпёка шкодзіць ня толькі целу, але і псыхіцы. Паводле статыстыкі, у гарачыя дні расьце колькасьць дэпрэсій і нават суіцыдаў. Так, калі сярэднясутачная тэмпэратура перавышае +18, колькасьць самагубстваў павялічваецца на 20%.

Зразумела, праблемы здароўя зьвязаныя ня толькі са сьпёкай. Ня меншую ролю адыгрываюць і розныя іншыя анамаліі надвор’я, якіх штогод у Беларусі, паводле Гідрамэтэацэнтру, рэгіструецца ад 9 да 30. Сярод анамальных зьяў, найбольш небясьпечных з гледзішча аховы здароўя, — наступныя:

Павышаная вільготнасьць


Гэтая зьява вельмі характэрная для Беларусі. Лічыцца, што жыхары вільготных рэгіёнаў у два разы часьцей, чым у сярэднім у сьвеце, пакутуюць на вушныя інфэкцыі. Да таго ж вільготнае асяродзьдзе спрыяе часьцейшым і больш інтэнсіўным прыступам падагры, розным захворваньням апорна-рухальнага апарату.

Частыя навальніцы


Рэзкія зьмены атмасфэрнага ціску перад навальніцай часта выклікаюць галаўныя болі і млосьць. Прычым гэта адчуваюць на сабе ня толькі мэтэазалежныя людзі. Як сьведчаць дасьледчыкі Каралеўскага каледжа Лёндану (Брытанія), зьніжэньне вонкавага атмасфэрнага ціску прымушае клеткі мозгу рэзка перабудоўвацца на іншы рэжым узаемадзеяньня, а гэта, у сваю чаргу, правакуе боль. Прыступы могуць суправаджацца парушэньнем увагі, зьніжэньнем канцэнтрацыі, пагаршэньнем каардынацыі рухаў і г.д.

Таксама цяжка пераносяць пэрыяд перад навальніцай алергікі і астматыкі. Вецер у гэты час разносіць алергенны пылок, які пранікае ў насаглотку і лёгкія.

Ліўневыя дажджы


Паводле амэрыканскіх навукоўцаў з унівэрсытэту Нью-Мэксыка, у краінах з дажджлівым кліматам інфэкцыя распаўсюджваецца і прыжываецца хутчэй, прычым гэта тычыцца і розных "экзатычных" хваробаў, кшталту чумы, якая апошнім часам сустракаецца нават у ЗША. Справа ў асаблівасьцях ня толькі самой чумной палачкі, але і яе асноўных пераносчыкаў — блох. У дажджлівае надвор'е яны актыўна размножваюцца і выдатна адчуваюць сябе, і, адпаведна, разносяць заразу.

Сярод аматараў вільгаці — і кішэчная палачка, якую можна падхапіць, купаючыся ў забруджанай сажалцы ці брудным фантане. Нават трапіць пад дождж у гэтым сэнсе не канечне бясшкодна: у вадзе зь неба таксама можа быць розная інфэкцыя.

Моцны вецер


У цяперашнюю сьпёку шмат хто марыць пра прахалодны вецер.
Для здароўя шкодная ня толькі сьпёка, але і іншыя анамалі надвор'я.


Аднак арганізм чалавека ўспрымае яго як сыгнал патэнцыйнай небясьпекі. Сардэчны пульс часьцее, дробная мускулатура прыходзіць у тонус, чалавек можа нават адчуць эмацыйнае ўзбуджэньне — бо цела рыхтуецца да магчымай атакі. Як сьведчаць брытанскія фізіёлягі, ветранае надвор’е, да таго ж, можа справакаваць звужэньне або ацёк крывяносных сасудаў мозгу, што пагражае моцнымі прыступамі галаўнога болю. У сваю чаргу, канадзкія адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што ў моцны вецер удвая часьцей абвастраецца мігрэнь.

Экстрэмальны холад


Калі вы настальгічна сумуеце па марознай зіме, падумайце, што шмат для каго яна скончылася... інфарктам. Нягледзячы на тое, што ўсплёск сардэчна-сасудзістых праблем лекары прагназуюць на сьпякотны час, менавіта маразы часьцей за ўсё прыводзяць да такіх сумных наступстваў.

Спрыяюць гэтаму адразу некалькі фактараў. Па-першае, многія прызвычаіліся грэцца "народнымі сродкамі" — алькагольнымі напоямі. На холадзе ж крывяносныя сасуды непазьбежна звужаюцца, што ўзмацняе крывацёк, павышае нагрузку на сэрца і вядзе да росту артэрыяльнага ціску. Прыкры вынік — інфаркты, арытміі і іншыя сур'ёзныя сардэчныя праблемы.

Нават і без захапленьня сьпіртным холад — ня надта добрая рэч для слабога сэрца. Каб падтрымліваць тэмпэратуру цела на належным узроўні, сэрца мусіць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, а гэта таксама можа выклікаць інфаркт. Да таго ж кроў ад холаду непазьбежна гусьцее, што павышае рызыку іншых захворваньняў, у тым ліку інсульту.
XS
SM
MD
LG