Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: наступны год трэба абвясьціць годам незалежнасьці


У выдавецтве “Беларускія ведамасьці” выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка “Дэпутаты незалежнасьці. 20 год незалежнасьці Беларусі (25 жніўня 1991 – 25 жніўня 2011)”. У інтэрвію Радыё Свабода адзін з аўтараў кнігі, Зянон Пазьняк, тлумачыць мэту выданьня кнігі і знаёміць зь яе зьместам.


Абламейка: Зянон Станіслававіч, якую задачу вы ставілі перад сабой, прыступаючы да працы над гэтай кнігай?

Пазьняк
: Гэтая кніжка была задуманая да 20-годзьдзя незалежнасьці Беларусі. Спачатку я меркаваў выдаць буклет, адным лістом. Потым пачаў працаваць і стала зразумела, што трэба выдаваць іншае выданьне, бо падзея вельмі вялікая – гэта найвялікшая падзея за апошнія 200 гадоў! Мы здабылі рэальную незалежнасьць, без крыві – гэта вельмі істотна. І мы знаходзімся цяпер у такім стане, што няма каму аб гэтым пісаць. Гэтым павінны займацца акадэмічныя інстытуты, пры нармальнай сытуацыі ўжо была б сэрыя манаграфій, дасьледаваньняў, бо зьява таго заслугоўвае.

Але мы апынуліся ў стане ўнутранай акупацыі, нацыянальная навука практычна зьнішчаецца. І вось тут паўстае пытаньне – практычна, напісаньнем гісторыі павінны заняцца мы самі. Гэта нядобра, павінны займацца гісторыкі-прафэсіяналы, якія разумеюць, што такое нацыянальная палітыка, заснаваная на нацыянальных інтарэсах, што такое нацыянальная гісторыя. Такога цяпер няма, мы бачым, што адбываецца і ў навуцы, і ў палітыцы. І таму было прынятае такое рашэньне – рыхтаваць кніжку з аналізам, з гістарычным асэнсаваньнем, з успамінамі.

Мы здабылі рэальную незалежнасьць, без крыві – гэта вельмі істотна.
Я зьвярнуўся да Сяргея Навумчыка, бо такую кніжку, калі хутка, то рыхтаваць разам, з розных пунктаў гледжаньня. Калі б было больш аўтараў, было б яшчэ лепей, але гэта вялікая работа, і гэта пакуль што нам не пад сілу. Таму мы ўзяліся за гэта ўдвох і паставілі задачу стварыць такую падарожную кніжку, якую можна лёгка чытаць, якая была б транспартабэльная, і якая б закранала асноўныя пытаньні, зьвязаныя са здабыцьцём дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Абламейка:
На вокладцы пазначана, што кніга выходзіць да 20-годзьдзя незалежнасьці, якое прыпадае на 25 жніўня 2011 году. Гэта значыць, да слаўнай гадавіны яшчэ цэлы год...

Пазьняк: Невыпадкова, што мы ўзяліся яе пісаць заранёў. Падзея настолькі вялікая, што гэты год трэба прысьвяціць ёй. Трэба каб нашы вучоныя, нашы культурныя дзеячы, нашы палітыкі, наша нацыя думалі пра гэта, асэнсоўвалі, радаваліся, што мы маем зараз дзяржаву, і думалі над тым, каб яна квітнела, каб яна вярнулася да нармальнасьці. Бо тое, што мы зараз маем з уладай – гэта ненармальна, мы маем антыбеларускую ўладу. Усё гэта патрабуе сур'ёзнага акадэмічнага асэнсаваньня. І чакаць, што нехта гэтым зоймецца, каму не баліць ні душа, ні сэрца, мы не зьбіраемся. Так мы пачалі гэты год незалежнасьці.

Я лічу, што год, які пачынаецца 25 жніўня, павінен быць прысьвечаны гэтым падзеям, асэнсаваньню, абмеркаваньню, якое значэньне для нашай культуры і для нашай нацыі мае гэтая падзея. Павінны быць і ўспаміны, і дыскусіі, гэта вельмі істотна, каб гэта не было зьнішчана. Бо тое, што мы зараз назіраем у афіцыйнай палітыцы рэжыму, гэта ўсё накіравана на зьнішчэньне памяці пра незалежнасьць, на затоптваньне фактаў, на ліквідацыю праўдзівай беларускай гісторыі з заменай яе на хлусьлівую міталёгію, і гэтага нельга дапусьціць. Пакуль мы жывыя, мы ня можам дапусьціць, каб затапталі нашу незалежнасьць і памяць пра яе. Наша кніга – першая ластаўка, якая цяпер выйшла ў выдавецтве "Беларускія ведамасьці".

Абламейка
: Які пасыл, на вашу думку, нясуць чытачу тыя тэксты, што аўтары сабралі ў гэтай кніжцы?

Я лічу, што год, які пачынаецца 25 жніўня, павінен быць прысьвечаны гэтым падзеям, асэнсаваньню, абмеркаваньню, якое значэньне для нашай культуры і для нашай нацыі мае гэтая падзея.
Пазьняк:
Чытач, прачытаўшы гэтую кніжку, павінен перапоўніцца годнасьцю і гонарам за сваю Бацькаўшчыну і за свой народ, таму што тое, што ўдалося зрабіць у 1991 годзе, гэта цуд, гэта перамога нацыянальнага дэмакратычнага авангарду. Выдатная, бліскучая, малымі сіламі, з выкарыстаньнем моманту, з асэнсаваньнем стратэгіі, з бліскучай тактыкай. І калі падыходзіць да гэтай зьявы з клясычнымі меркамі эўрапейскага парлямэнтарызму, з клясычнымі меркамі суадносінаў сілаў, то гэта немагчыма растлумачыць.

Трэба было асэнсаваць і даць адказ, як так стала магчымым, што 10 працэнтаў дэпутатаў апазыцыі ў Вярхоўным Савеце – дэпутатаў Народнага Фронту – фактычна здабылі незалежнасьць і навязалі сваю волю і палітыку цэламу Вярхоўнаму Савету. А так яно было. І вось у нашай кнізе разьбіраюцца складнікі гэтай перамогі. Якім чынам гэта ўдалося зрабіць.

Там ёсьць зьявы абсалютна нестандартныя. Гэта рэальнае асэнсаваньне, што такое Вярхоўны Савет з пункту гледжаньня палітычнага, сацыяльнага, псыхалягічнага. Усё гэта было тады прааналізавана і быў зроблены вывад, і прынятая правільная тактыка – як перамагчы гэтую арду, якая валодае 90% галасоў. І гэта ўдалося. Гэта факт, у гэтым нельга сумнявацца, ёсьць факт перамогі і факт незалежнасьці. Гэта зроблена І вось гэтаму трэба даць тлумачэньне і асэнсаваньне. Тыя людзі збоку, які спрабавалі рабіць нейкае асэнсаваньне, не змаглі думаць навуковымі паліталягічнымі катэгорыямі, як так можна было зрабіць. Можна.

здабыцьцё нашай незалежнасьці – гэта таксама цуд, але гэты цуд зыходзіў з рэальнай тактыкі і рэальнай стратэгіі, рэальных людзей і рэальнай барацьбы.
У гісторыі было шмат цудаў, і здабыцьцё нашай незалежнасьці – гэта таксама цуд, але гэты цуд зыходзіў з рэальнай тактыкі і рэальнай стратэгіі, рэальных людзей і рэальнай барацьбы. І ўсё гэта адлюстравана ў нашай кнізе. Усё гэта ёсьць, і людзі яшчэ гэтыя жывуць. Таму (паўтараю) беларусы, якія гэта прачытаюць, павінны перапоўніцца гонарам за сваю Бацькаўшчыну і за свой народ. Некалі Караткевіч сказаў: "І адзін можа", а нас было 30. І вось гэтыя 30 змаглі тое, чаго не змаглі астатнія 300, якія былі супраць нас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG