Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты сарвалі пэрформанс кампаніі “Гавары праўду”


Намесьнік начальніка ГУУС выхоплівае плякаты ў актывістаў.
Намесьнік начальніка ГУУС выхоплівае плякаты ў актывістаў.
Актывісты кампаніі «Гавары праўду» перадалі міністру адукацыі Аляксандру Радзькову ліст з просьбай ліквідаваць управу па справах моладзі Міністэрства адукацыі. Супрацоўнікі міліцыі сарвалі пэрформанс, які намерваліся правесьці ўдзельнікі акцыі, а таксама затрымалі аднаго з актывістаў — Міхася Пашкевіча.

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» прымеркавалі сваю акцыю да Міжнароднага году моладзі, які, згодна з ініцыятываю ААН, пачынаецца 12 жніўня 2010 году. Журналістам мэту акцыі перад яе пачаткам патлумачыў адзін з актывістаў Міхась Пашкевіч:

«Мы перадамо міністру Радзькову ліст з заклікам ліквідаваць управу па справах моладзі міністэрства, бо апошнія пяць год гэтая ўправа не спраўляецца са сваімі функцыямі, і мы гэта абгрунтавалі. Ці патрэбна нам такая праца? Я думаю, што не, і ад імя кампаніі „Гавары праўду“ мы перадамо такі ліст міністру, дзе пералічваем усе нашы прэтэнзіі».

Некалькі маладых людзей у майках з надпісам «Гавары праўду» паспрабавалі разгарнуць на прыступках Міністэрства адукацыі каляндар у выглядзе плякатаў з датамі: калі моладзь прымушаюць убіраць бульбу, адпрацоўваць суботнікі і прымусовыя разьмеркаваньні. Аднак каля дзясятка міліцыянтаў у цывільным адабралі плякаты, а таксама перашкаджалі журналістам рабіць фота- і відэаздымкі. Неўзабаве да моладзі выйшаў чыноўнік, які назваўся памочнікам міністра, узяў ліст і паабяцаў перадаць яго Аляксандру Радзькову. Удзельнікі сарванага пэрформансу пракамэнтавалі падзеі гэтак:

Юначка: «Я лічу, што гэта ненармальная сытуацыя, калі міліцыя ўмешваецца ў мірныя акцыі. Але калі ўсе будуць баяцца, то хто будзе іх праводзіць і нагадваць уладзе пра яе абавязкі?»

Юнак: «Я думаў, што мяне затрымаюць і я выйду зь якога-небудзь пастарунку ўвечары. Аднак усё больш-менш добра — акцыя ўдалася».

Пасьля таго як акцыя-пэрформанс была завершаная і моладзь разышлася, перад уваходам у мэтро супрацоўнікі міліцыі затрымалі Міхася Пашкевіча.

У Міністэрстве адукацыі кажуць, што чыноўнікі на адпачынку.

Максім Грышчанка кажа Міхасю Пашкевічу, каб «мірна разышліся».

Намесьнік начальніка ГУУС перашкаджае здымаць фотакарэспандэнту «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч.

Затрымліваюць Міхася Пашкевіча.


У карэспандэнткі «Радыё Свабода» Галіны Абакунчык выхопліваюць тэлефон, якім яна здымала затрыманьне Міхася Пашкевіча.

Міхась Пашкевіч перадае ліст у Мінадукацыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:25 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG