Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на забарону ўладаў, 16 жніўня акцыя ў памяць зьніклых адбудзецца


Андрэй Саньнікаў, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька.

Андрэй Саньнікаў, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька.

Афіцыйныя ўлады забаранілі апазыцыі праводзіць 16 жніўня шэсьце і мітынг з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Але лідэры палітычных партыяў і рухаў заклікалі правесьці акцыю ў фармаце «ланцуга неабыякавых людзей» і прыйсьці 16 жніўня а 18-й гадзіне з партрэтамі зьніклых.

Лідэр Менскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Віктар Івашкевіч распавёў, што ў сераду сам наведаў Менгарвыканкам, дзе яму наагул не маглі даць уцямнага адказу наконт заяўкі. А сёньня па пошце прыйшла чарговая адпіска:

«У сувязі з парушэньнем пункту 5 Закону аб масавых мерапрыемствах шэсьце і мітынг забараняюцца. І ўсё. Маўляў, аформлена неналежным чынам заяўка. Улады фактычна хаваюцца ад прыняцьця рашэньня, далі фактычна адпіску, абсалютна неканкрэтную».

У чым парушэньні ў афармленьні, заяўнікам так і не патлумачылі. Віктар Івашкевіч, які падаваў падобныя заяўкі ў Менгарвыканкам каля 50 разоў і дасканала ведае працэдуру, назваў адмову гарадзкіх уладаў «анэкдатычнай». Нягледзячы на забарону ўладаў, акцыю вырашана праводзіць, кажа спадар Івашкевіч:

«Мы заклікаем усіх прыйсьці 16 жніўня а 18-й гадзіне да Акадэміі навук з партрэтамі зьніклых. Тыя людзі, якія ня маюць магчымасьці самастойна іх вырабіць, атрымаюць партрэты на месцы. Галоўная задача — прыцягнуць да праблемы зьніклых увагу беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці».

Акцыю вырашана правесьці ў фармаце «ланцуга неабыякавых людзей».

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч засяродзіў увагу на наступным:

«Трэба быць вельмі пільнымі, каб там не было ніякіх арганізаваных выступленьняў, каб там не было ніякай трыбуны, раз яны не дазволілі. Але каб было як мага больш людзей з партрэтамі зьніклых. Гэта проста наш абавязак — ушаноўваць іх памяць».
Трэба быць вельмі пільнымі, каб там не было ніякіх арганізаваных выступленьняў, каб там не было ніякай трыбуны, раз яны не дазволілі.


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў распавялі пра свае візыты ў амбасады Расеі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Літвы, Кітаю. Акцыя зацікавіла замежных дыпляматаў, і яны маюць намер прасачыць за яе ходам.

Анатоль Лябедзька паведаміў і пра тое, што дагэтуль няма адказу на ліст у Генэральную пракуратуру адносна завядзеньня крымінальнай справы па фактах, паказаных у фільме «Хросны Бацька»:

«7 жніўня мы павінны былі атрымаць ад генэральнага пракурора. Але да сёньняшняга дня мы ніякага адказу не атрымалі. Адзінае, чаго мы дамагліся, — паведамленьня, што гэтая справа знаходзіцца ў пракурора Бычко ў вытворчасьці. Аднак, відаць, настолькі там праблемы вялікія, непад’ёмныя, што пракуратура, якая павінна кантраляваць выкананьне законаў, сама не выконвае дзейнае заканадаўства».

Зараз рыхтуецца зварот па справе зьніклых у Эўрапарлямэнт. Пад ім падпісалася больш за тры дзясяткі палітыкаў, дзеячаў грамадзтва і культуры. Раней зварот з просьбай аб міжнародным расьсьледаваньні быў дасланы ў Раду бясьпекі ААН.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зьвярнуліся да грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў праваабарончых, грамадзкіх арганізацый з заклікам масава выйсьці на акцыю 16 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG