Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі неўраджай. Можна зарабіць


Сьцягі Рэспублікі Татарстан.

Сьцягі Рэспублікі Татарстан.

12 жніўня Беларусь з працоўным візытам наведаў прэзыдэнт Рэспублікі Татарстан Расейскай Фэдэрацыі Рустам Міньніханаў, які правёў перамовы спачатку з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім, а потым прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Рустам Міньніханаў
Сёлета Рустам Міньніханаў зьмяніў на прэзыдэнцкай пасадзе палітычнага доўгажыхара Мінцімера Шайміева. 73-гадовы Шайміеў кіраваў Татарстанам 25 гадоў і "пераседзеў" на сваёй пасадзе нямала крамлёўскіх лідэраў — Міхаіла Гарбачова, Барыса Ельцына, Уладзімера Пуціна. Праўда, на рэкорд з нашмат маладзейшым Дзьмітрыем Мядзьведзевым ужо не замахнуўся.

Як і прадказвалі адмыслоўцы, шмат якія расейскія рэгіёны будуць вымушаныя зьвяртацца да Беларусі ў справе сваёй харчовай бясьпекі. Нізкая ўраджайнасьць збожжавых, выкліканая беспрэцэдэнтнай засухай, а таксама зьнішчаныя пажарамі палеткі фактычна паставілі Расею на мяжу збожжавага дэфіцыту.

Падчас сустрэчы зь Сяргеем Сідорскім кіраўнік Татарстану наўпрост заявіў: рэспубліка зацікаўленая ў тым, каб набыць беларускае збожжа і бульбу, а таксама корм для жывёлы. Паводле слоў Міньніханава, замест плянаваных раней 5 мільёнаў тон збожжа сёлета з-за анамальна сухога надвор'я ў лепшым выпадку будзе сабрана каля 700 тысяч тон. Гэта пры тым, што Татарстан — жывёлагадоўчы рэгіён і мае вялікую патрэбу ў збожжавых.

У размове з Аляксандрам Лукашэнкам Рустам Міньніханаў пацьвердзіў намер пашырыць імпарт харчаваньня зь Беларусі. Лукашэнка, у сваю чаргу, як былы аграрый, пагадзіўся, што ў сытуацыі з засухай самая цяжкая шкода нанесена сельскагаспадарчай галіне. І запэўніў: нягледзячы на скарачэньне валавога збору, калі будуць рэзэрвы, то Беларусь, з улікам запасаў хлеба, "абавязкова дапаможа". Нагадаем, што нейкі час таму, прадбачачы праблемы з ураджаем у Расеі, Лукашэнка загадаў ураду маніторыць сытуацыю і зарабляць на экспарце збожжа, прадаючы яго "задорага".

Аднак ці трэба разглядаць візыт прэзыдэнта Міньніханава ў Менск выключна ў эканамічнай плоскасьці? Палітоляг Вячаслаў Оргіш не выключае, што ён меў і міратворчую місію — замірыць у зацягнутым канфлікце Маскву і Менск:

"Зададзены эканамічны кантэкст будзе рэалізаваны, гэта бясспрэчна. Але зразумела, што эканоміка ніколі ня рухаецца асобна ад палітыкі. Вядома, сёньня ў сытуацыі надзвычайнай напружанасьці ў адносінах паміж афіцыйным Менскам і Крамлём патрэбныя нейкія пасярэднікі, мэдыятары, якія б маглі пэўным чынам паспрыяць наладжваньню больш ці менш нармальных зносінаў. І прадстаўнікі расейскіх рэгіянальных элітаў, зь якімі беларуская ўлада заўсёды старалася ладзіць, у гэтым якраз маглі б адыграць сваю станоўчую ролю. Я мяркую, што якраз у гэтым пляне і трэба разглядаць візыт прэзыдэнта Татарстану, яго сустрэчы з кіраўніком беларускага ўраду і Лукашэнкам. Думаю, што абмяркоўваліся ня толькі эканамічныя пытаньні, а якраз пытаньні наладжваньня стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй".

Па абедзе кіраўніку расейскага рэгіёну быў прадэманстраваны комплекс "Менск-Арэна". У 2013 годзе Казань прыме Ўсясьветную летнюю студэнцкую ўнівэрсіяду, на якую толькі спартоўцаў зьедзецца некалькі тысяч. Да гэтай падзеі будуецца багата спартовых аб'ектаў, і беларускія чыноўнікі спадзяюцца, што татарстанскіх калегаў зацікавіць досьвед узьвядзеньня шматфункцыянальных палацаў.

Экспэрты канстатуюць, што за апошнія гады Татарстан пераўтварыўся ў трэці паводле значнасьці расейскі рэгіён пасьля Масквы і Санкт-Пецярбургу. У тым ліку і на зьнешнепалітычнай арэне.

Летась упершыню ў гісторыі расейска-амэрыканскіх адносінаў Казань з афіцыйным візытам наведала дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. У нейкім сэнсе гэта было прызнаньне асаблівага статусу рэспублікі: за часамі прэзыдэнцтва Барыса Ельцына ў Татарстане практычна ня дзейнічалі фэдэральныя законы і, па сутнасьці, рэгіён існаваў як сувэрэнная дзяржава, "асацыяваная з Расейскай Фэдэрацыяй" — менавіта такая форма ўзаемаадносінаў з цэнтрам была зафіксаваная ў нацыянальнай Канстытуцыі. Сытуацыя паступова стала зьмяняцца з прыходам да ўлады Ўладзімера Пуціна: прынамсі, толькі ў 2000 годзе жыхары Татарстану ўпершыню ўбачылі на вуліцах сваіх гарадоў расейскі трыкалёр. Дагэтуль яны абыходзіліся ўласнымі атрыбутамі незалежнасьці. Дарэчы, паводле гамы колераў сьцяг Татарстану вельмі нагадвае дзяржаўны беларускі.

За першае паўгодзьдзе таваразварот Беларусі і Татарстану перавысіў 400 мільёнаў даляраў — больш, чым са шмат якімі сувэрэннымі дзяржавамі. Аснову экспартных паставак у Татарстан складаюць трактары, рухавікі, корд для шынаў, дрот, паветраныя і вакуумныя помпы, маторныя прылады, газавыя кампрэсары і вэнтылятары, электраабсталяваньне для рухавікоў унутранага згараньня. Сёлета пачынаюцца пастаўкі беларускіх тралейбусаў, трамваяў і аўтобусаў. У сваю чаргу, Беларусь імпартуе нафту і сырыя нафтапрадукты, сынтэтычны каўчук, электрычныя генэратары, сьпірт.
XS
SM
MD
LG