Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія татары разьлічваюць на дапамогу з Татарстану


Прэзыдэнт Татарстану Рустам Міньніханаў.

Прэзыдэнт Татарстану Рустам Міньніханаў.

Беларускія татары спадзяюцца сустрэцца з прэзыдэнтам Татарстану Рустамам Міньніханавым.

Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту "Свабоды" сказаў муфцій Духоўнага ўпраўленьня мусульман Рэспублікі Беларусь Ісмаіл Варановіч.

"Мы яшчэ чакаем адказу, ці будзе вырашана пытаньне аб сустрэчы, ці не. Мы хочам папрасіць больш увагі, каб да нас павярнуліся тварам, улічылі нашы праблемы. На першым пляне — гэта матэрыяльная падтрымка, напрыклад, для будаўніцтва мячэтаў у Беларусі. Мы марым упершыню ў Беларусі адчыніць мэдрэсэ, хаця б сярэднюю духоўную навучальную ўстанову. А таксама мячэт у Менску".

Паводле І.Варановіча, фінансавай падтрымкі для беларускіх татараў з боку Татарстану амаль не паступае.

"Хаця ў пляне адукацыі яны ідуць нам насустрач. У татарскіх духоўных навучальных установах займаюцца і мусульмане зь Беларусі. Гэта нам вялікая падтрымка, бо раней мы пасылалі сваю моладзь у арабскія краіны. У пляне сьвецкага кірунку ў нас ёсьць два аб'яднаньні ў Беларусі, якім крыху аказваецца ўвага праз расейскую амбасаду ў Менску".

Паводле І.Варановіча, у Беларусі каля трох тысяч мясцовых татараў. Але большая частка татараў у Беларусі — мігранты.

Прэзыдэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Міньніханаў сёньня прыбыў у Беларусь з рабочым візытам.

У Менску кіраўнік Татарстану на сустрэчы з прэм'ерам Сяргеем Сідорскім заявіў, што ягоная рэспубліка зацікаўленая ў набыцьці беларускага збожжа і бульбы.
XS
SM
MD
LG