Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-га жніўня апазыцыя зьбірае "ланцуг неабыякавых людзей"


Арганізатары акцыі 16 жніўня Андрэй Саньнікаў, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька.
Арганізатары акцыі 16 жніўня Андрэй Саньнікаў, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька.

Улады Менска забаранілі апазыцыі праводзіць 16 жніўня шэсьце і мітынг з патрабаваньнем міжнароднага расьследаваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага ў сувязі з парушэньнямі ў афармленьні заяўкі. Прычым, у чым парушэньні, заяўнікам там і не патлумачылі.

Лідэр Менскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які падаваў падобныя заяўкі ў Менгарвыканкам каля 50 разоў і дасканала ведае працэдуру, назваў адмову гарадзкіх уладаў "анэкдатычнай фармальнай адпіскай".

Нягледзячы на забарону ўладаў ініцыятары акцыі заклікалі сваіх прыхільнікаў прыйсьці 16 жніўня а 18-й гадзіне да Акадэміі навук з партрэтамі зьніклых, каб правесьці акцыю ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей".

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч засяродзіў увагу, што "трэба быць вельмі пільнымі, каб на акцыі не было трыбуны і публічных выступаў".

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідэр грамадзянскай ініцыятывы "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў распавялі пра свае візыты ў амбасады Расеі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Літвы, Кітаю. Акцыя зацікавіла замежных дыпляматаў, і яны маюць намер прасачыць за яе ходам.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зьвярнуліся да грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў праваабарончых, грамадзкіх арганізацый з заклікам масава выйсьці на акцыю 16 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG