Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне забаранілі ўсе пікеты руху “Гавары праўду”


Вызначанае чыноўнікамі месца правядзеньня акцыяў грамадзян.

Вызначанае чыноўнікамі месца правядзеньня акцыяў грамадзян.

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці 15 жніўня пікет дзеля збору подпісаў за вылучэньне дырэктара дасьледча-асьветніцкай установы «Рух наперад» Уладзімера Някляева дэлегатам на Ўсебеларускі народны сход.

У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі гаворыцца, што заяўнікі ўказалі ня тое месца правядзеньня сваёй акцыі. Актывісты меліся зьбіраць подпісы на пляцоўцы перад гарадзкім домам быту, акурат насупраць будынка гарвыканкаму.

Заяўнікам чыноўнікі адпісалі, што месца, вызначанае для правядзеньня масавых акцыяў грамадзян, — пляцоўка перад былым Домам культуры й адпачынку на вуліцы Чалюскінцаў, 64А. У выпадку нязгоды актывістам прапануецца зьвярнуцца ў суд.

Вызначанае гарвыканкамам месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў грамадзян цяпер знаходзіцца ў аварыйным стане. Пра гэта гавораць засьцерагальныя шыльды з надпісам «Увага. Небясьпечная зона», а таксама стужкі, якімі абгароджаны будынак.

Пікеты дзеля збору подпісаў за Някляева на Ўсебеларускі народны сход улады не дазволілі таксама ў Бабруйску й Бялынічах. Там прычынай адмовы чыноўнікі назвалі нявызначанасьць даты правядзеньня сходу.
XS
SM
MD
LG