Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Расейскі палітоляг Павал Сьвяцянкоў не выключае, што Масква, задумаўшы скінуць Лукашэнку, можа не прадугледзець далейшае разьвіцьцё падзеяў – хто і калі прыйдзе на зьмену пераемнікам Лукашэнкі.

На думку экспэрта "калі ня будзе сур'ёзнага вонкавага ціску на Беларусь", то, хутчэй за ўсё, на маючых адбыцца выбарах дзеючы прэзыдэнт Беларусі атрымае перамогу.

У інтэрвію агенцтву REGNUM Павал Сьвяцянкоў выказаў меркаваньне, што "Захад у адзіночку, мабыць, ня зможа дэстабілізаваць рэжым Лукашэнкі", паколькі афіцыйны Менск абапіраецца "на падтрымку Масквы і сыстэмныя адносіны з Крамлём, нават нягледзячы на тыя канфлікты, якія назіраюцца ў апошні час".

Акрамя гэтага, як мяркуе расейскі палітоляг, Захад пабаіцца дэстабілізаваць Беларусь, паколькі "ў гэтым рэгіёне яму зусім не патрэбная рэалізацыя кіргіскага сцэнару, г.з., некантраляванага развалу соцыюму".

На думку сп. Сьвяцянкова, "Захад зараз наўрад ці зацікаўлены ў рэзкіх зьменах у Беларусі".

“Іншая справа Расея, якая канфліктуе з рэжымам Лукашэнкі. У Масквы, вядома ж, можа зьявіцца спакуса скінуць беларускага прэзыдэнта. Але тут існуе небясьпека рэалізацыі ўсходнеэўрапейскага сцэнару ў тым выглядзе, у якім ён здарыўся ва ўсіх краінах былога сацлягеру ў канцы васьмідзесятых гадоў ХХ стагодзьдзя. Спачатку блізкімі Крамлю элітамі і часткай народу зрыналіся старыя застойныя кіраўнікі тыпу Эрыха Хонэкера, і да ўлады прыходзілі новыя перабудовачныя правадыры, але затым іх хутка зьмятала народная рэвалюцыя, і краіна пачынала пераарыентоўвацца на Захад”, – заўважае палітоляг

Ён дадае, што сёньня існуе "адрозная ад нуля імавернасьць", пры якой "Масква можа скінуць Лукашэнку", асобу, шмат у чым непрымальную для Захаду, якая самім фактам свайго існаваньня гарантуе Беларусі адмову ад інтэграцыі з заходнім сьветам, а затым празаходнія сілы, набраўшы моцы, могуць скінуць новых прамаскоўскіх стаўленікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG