Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на апошнія ўзрушэньні ў Расеі, выкліканыя небывалай сьпёкай і пажарамі, пазыцыі расейскага кіраўніцтва выглядаюць даволі стабільнымі.

Пра гэта заявіў у інтэрвію Радыё Свабода экспэрт расейскай сацыялягічнай установы «Левада-Цэнтар» Дзяніс Волкаў. Ён абвяргае зьвесткі расейскай газеты "Ведомости", якая ў аўторак напісала, што рэйтынгі прэзыдэнта Мядзьведзева і прэм'ера Пуціна нібыта пагаршаюцца:

"Газэта "Ведомости" не зусім карэктна выкарыстоўвала нашыя дадзеныя, бо, калі глядзець на дынаміку, то згодна з ліпеньскіми дадзенымі мы, наадварот, зафіксавалі пэўнае падвышэньне рэйтынгаў Пуціна і Мядзьведзева. Калі параўноўваць дадзеныя травеньскія і чэрвеньскія, то там сапраўды ёсьць зніжэньне ў чатыры працэнты ў Пуціна і адзін у Мядзьведзева. На працягу 11 гадоў мы праводзім маніторынг рэйтынгу Пуціна, і ён вагаецца на ўзроўні 40-50 працэнтаў, а ваганьні ў 4 адсоткі некалькі вышэй, чым статыстычная хібнасьць. Таму нельга казаць пра тэндэнцыі да паніжэньня, па нашых дадзеных гэтага не бачна".

"Вы праводзілі апытаньне даверу да расейскага кіраўніцтва яшчэ да піку пажараў. Як яны могуць паўплываць на пазыцыі расейскай улады?"

"Наша наступнае апытаньне будзе праз тыдзень, праз два, і мне здаецца, што драматычных змяненьняў дакладна не будзе. Калі мы паглядзім, як тэма пажараў падаецца ў СМІ і як сябе вядуць першыя асобы, то ствараецца ўражаньне, што становішча незвычайнае, але ўлады трымаюцца досыць кампэтэнтна. Калі танула падводная лодка «Курск», то Пуцін не перарываў адпачынку, а зараз ён на палях, на перадавой і ствараецца ўражаньне, што расейскае дзяржава ў надзвычайнай сытуацыі працуе нашмат эфэктыўней, чым у паўсядзённым жыцьці. Ад канкрэтных падзей, ад канкрэтных крокаў рэйтынгі першых асоб ня вельмі залежаць, лідэраў ўспрымаюць як гарантаў дабрабыту, і людзі глядзяць на іх як на сымбалічныя фігуры".

"Калі расейцам давядзецца выбіраць паміж Мядзьведзевым і Пуціным, то хто зараз мае больш шанцаў?"

"Мы бачым, што Мядзьведзеў пачынае ўспрымацца больш незалежнай фігурай. Ён становіцца побач з Пуціным ва ўспрыманьні грамадзкай думкі, я кажу не аб разьмеркаваньні сілаў унутры палітычных груповак, а аб разуменьні. Адносна выбараў, то ўсё залежыць ад таго, як задаць пытаньне. Калі яны ідуць ўдваіх, то Пуцін аўтаматычна лідзіруе. Калі мы ставім адкрытае пытаньне, каго б вы хацелі бачыць прэзыдэнтам, то разрыў істотна памяншаецца, ён складае каля 10 працэнтаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG