Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Куфар Ларысы Геніюш


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 г.

У савецкай Беларусі з Ларысы Геніюш імкнуліся зрабіць этнаграфічную паэтку. Пасьля таго, як у 1967 годзе ў часопісе «Полымя» была надрукаваная яе паэма «Куфар», усе крытыкі, як змовіўшыся, пісалі пра кросны і калаўроткі ў паэзіі Геніюш.

Ва ўяўленьні Юльяна Пшыркова лірычная гераіня паэткі «расьціла лён і марыла ткаць дываны і паясы для таго, хто ёй прысьніцца ўночы».

Данута Бічэль сваю прадмову да зборніка «На чабары настоена» гэтак і пачала: «Ларыса Геніюш стварае свае вершы, быццам прадзе дзівосны кужаль і тчэ на бабуліных кроснах узоры ў ромбікі зь беларускіх патаемных слоў».

Пра недатканыя паэткай палотны і яе напоўнены посьцілкамі, хусткамі і сьвіткамі бабулін куфар пісаў у сваёй рэцэнзіі на зборнік «Невадам зь Нёмана» Адам Мальдзіс.

Сапраўды, у паэме «Куфар» па-майстэрску ўслаўлялася спрадвечнае рамяство жанчыны-ткальлі. Паэма насамрэч нагадвала музэй беларускага ткацтва, дзе наведнік мог цешыцца непаўторнымі ўзорамі падвойных дываноў, абрусаў і кашуляў-вышыванак.

Але Ларыса Геніюш не была этнаграфічнай паэткай. Яна была пясьняркай беларускай незалежнасьці і вястункай свабоды ў заняволеным камуністычнай уладай краі.

На дне яе куфра, прыхаваныя ад празьмерна цікаўных вачэй, маглі сымбалічна ляжаць зусім іншыя рэчы. Там мог знаходзіцца тастамэнт старшыні Рады БНР Васіля Захаркі ад 6 сакавіка 1943 году, паводле якога Ларыса Геніюш стала сакратаром беларускага ўраду на выгнаньні.

Там магла зьберагацца яе лягерная кашуля з нашытым на сьпіне арыштанцкім нумарам 0-287.

Там магла знаходзіцца самаробная паштоўка з Пагоняй, перавітая бел-чырвона-белай стужкай, якою павіншавалі паэтку сябры ў яшчэ гулагаўскім 1954 годзе.

Там Ларыса Геніюш магла перахоўваць сваю праскую кнігу «Ад родных ніў», над старонкамі якой ніякавелі нават спрактыкаваныя спэцдасьледчыкі ў спэцфондах, прачытаўшы, напрыклад, такія радкі: «Нам ня страшны сыбірскі больш холад, / нам ня страшны маскаль альбо лях, / чужы серп не патрэбны, ні молат — / мы разгорнем крывіцкі наш сьцяг!»

У тым куфры мог перахоўвацца апошні ліст ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, перададзены ім на волю з засьценкаў гестапа незадоўга перад расстрэлам і выкрадзены з праскага архіва Ларысы Геніюш невядомымі асобамі ў 1963 годзе…

Вось які куфар Ларысы Геніюш уяўляўся мне, калі я перагортваў тысячы пажоўклых ад часу архіўных старонак з фонду № 31 у зацішнай чытальнай зале аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі.

Ларыса Геніюш. «Размаўляць па-беларуску — гэта модна…»
Размаўляць па-беларуску — модна.
Мовы маці, кажуць, не забыць.
Для мяне ж гэта ня модна — толькі родна.
Гэта так, як піць, як есьць, як жыць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG