Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэльгійскія навукоўцы прапанавалі новы мэтад дыягностыкі Альцгаймэра


Групе бэльгійскіх дасьледчыкаў з Генцкага ўнівэрсытэту (Фляндрыя) пад кіраўніцтвам прафэсара Герта дэ Мэера ў супрацоўніцтве з калегамі з ЗША ўдалося распрацаваць новы мэтад дыягностыкі хваробы Альцгаймэра. Ён палягае ў вымярэньні ўзроўню пратэіну ў сьпіннамазгавой вадкасьці пацыента. У экспэрымэнце ўзялі ўдзел некалькі сотняў пацыентаў старэйшага веку. 114 зь іх мелі нармальную памяць, 200 — праблемную, 102 — хваробу Альцгаймэра. Каб пазьбегнуць перадузятасьці, дасьледчыкі нічога ня ведалі пра клінічны статус кожнага канкрэтнага пацыента.


Як сьцьвярджаюць навукоўцы, адкрыцьцё новага мэтаду раньняй дыягностыкі сындрому Альцгаймэра можа запачаткаваць новую эру ў лячэньні нэўралягічнай хваробы, якую доўгі час лічылі невылечнай. Мэтад дазваляе дакладна высьветліць, ці мае пацыент хваробу Альцгаймэра і якія ў яго шанцы захварэць на яе ў будучыні. Пры адпаведнай тэрапіі досыць верагодна спыніць гібель мазгавых клетак — працэс, у выніку якога людзі страчваюць здольнасьць запамінаць, думаць і разважаць. Дасьледаваньне новай мэтодыкі было апублікавана ў аўторак у вядомым амэрыканскім мэдычным часопісе "Archives of Neurology".

Схаваны характар Альцгаймэра


Паводле адмыслоўцаў, самае прыкрае ў хваробе Альцгаймэра — яе схаваны характар. Яна можа не праяўляецца дзесяцігодзьдзямі, а тым часам у галаўным мозгу пацыента адбываюцца незваротныя зьмены. Калі ж зьяўляюцца відавочныя прыкметы дэмэнцыі, ратаваць мозг ужо запозна.

Заклапочанасьць выклікае і тое, што сындром Альцгаймэра апошнім часам істотна памаладзеў. Калі раней ён сустракаўся пераважна ў людзей, старэйшых за 65 гадоў, то цяпер яго прыкметы сустракаюцца і ў маладзейшых, каму яшчэ няма і 50-ці. Чалавек на вачах робіцца нейкім іншым — мітусьлівым, забыўлівым, ня можа ні на чым засяродзіцца. Даволі хутка страчваюцца досьвед і памяць, набытыя цягам жыцьця. Як правіла, пры гэтым назіраецца паталягічнае ажыўленьне мінулага вопыту. Вельмі хутка разбураецца здольнасьць рабіць меркаваньні і высновы, абстрактна разважаць, рабіць параўнаньні. У блізкіх складаецца ўражаньне, што хворыя развучыліся рабіць звыклую калісьці для іх працу. Яны ня могуць мыць адзеньне, прыбіраць, гатаваць ежу, галіцца, пісаць. Гаворка робіцца незразумелай. На пазьнейшых этапах разьвіцьця хваробы Альцгаймэра назіраюцца эпілептычныя прыпадкі.

Сёньня на сындром Альцгаймэра ў сьвеце пакутуюць больш за 26 мільёнаў чалавек. Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2050 году колькасьць такіх хворых узрасьце на 275%, перавысіўшы 100 мільёнаў. Сур’ёзных спосабаў лекаваньня хваробы Альцгаймэра дагэтуль так і ня знойдзена.
Дагэтуль самая дакладная дыягностыка хваробы дасягалася пры патолягаанатамічным дасьледаваньні.

У пошуках амілоідных бляшак


Як сьведчыць бэльгійскі прафэсар Герт дэ Мэер, яго калегам удалося знайсьці даволі просты і дакладны спосаб раньняга выяўленьня сындрому Альцгаймэра. На яго думку, пункцыя сьпіннога мозгу, а таксама рэнтгенаскапія галаўнога мозгу — так званая ПЭТ (пазытронна-эмісійная тамаграфія) — здольныя выявіць у пацыента наяўнасьць амілоідных бляшак, унікальнай асаблівасьці гэтай хваробы.

"Калі аналіз сьпіннамазгавой вадкасьці паказвае раптоўна рэзкае павелічэньне колькасьці гэтых бэта-амілоідаў, а таксама таў-бялку дзесьці ў тры разы ў параўнаньні з нормай, мы можам казаць пра разьвіцьцё паталёгіі. Самае галоўнае, што яе мы можам распазнаць на такім раньнім этапе", -- падкрэсьліў дэ Мэер.

Апублікаваныя ў сьвежым нумары часопіса "Archives of Neurology" высновы бэльгійскіх навукоўцаў выклікалі супярэчлівыя водгукі іхніх калегаў.

Многія адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што вынікі, атрыманыя падчас экспэрымэнту ў адмысловых клінічна-лябараторных умовах, наўрад ці будуць дасягнутыя ва ўмовах звычайных шпіталяў. Выказваецца думка, што эфэктыўныя мэдыкамэнты, здольныя ліквідаваць амілоідныя бляшкі, зьявяцца ня сёньня і ня заўтра.

Мэдыкі прадбачаць таксама этычныя праблемы, зьвязаныя з магчымасьцю прадказваць разьвіцьцё хваробы ў настолькі аддаленай будучыні.

Пытаньне ў тым, ці павінны лекары паведамляць пацыентам, што іхнія аналізы паказваюць высокую рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра. Большасьць галасоў – за тое, што гэта павінна вырашацца паміж лекарам і пацыентам.

Паводле Стывэна Дэкоскі, дэкана мэдычнай школы Вірджынскага ўнівэрсытэту, "Гэта тое, чаго ўсе шукаюць — абсалютная дакладнасьць прагнозу".

Тым часам Майкл Уайнэр, прафэсар мэдыцыны, радыялёгіі, псыхіятрыі і нэўралёгіі ва ўнівэрсытэце ў Сан-Францыска, лічыць, што выяўленьне хваробы з дапамогай сьпіннамазгавой пункцыі і ПЭТ галаўнога мозгу — патэнцыйна эфэктыўны сродак дыягностыкі. Бо дагэтуль самая дакладная дыягностыка хваробы дасягалася пры патолягаанатамічным дасьледаваньні.

Прафэсар Уайнэр таксама спадзяецца, што праца бэльгійскіх навукоўцаў стане штуршком да стварэньня сучасных і эфэктыўных сродкаў лекаваньня гэтага захворваньня.
XS
SM
MD
LG