Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Беларусь прадаваць збожжа насуперак Расеі?


Днямі Расея ўвяла забарону на экспарт збожжа за межы РФ. Масква заклікала партнэраў па мытным саюзе таксама ўстрымацца ад зерневага экспарту. Ці выканае Беларусь гэтую просьбу?


Прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін 9 жніўня агучыў дадзеныя: паводле прагнозу ўраджай збожжа сёлета складзе 60-65 млн. тон, што на траціну меней чым летась. Пры гэтым унутраная патрэба Расеі ў збожжы складае 78 млн. тон. Пуцін заявіў, што «разьлічваць на хуткае зьняцьце забароны на экспарт пакуль не даводзіцца».

Як паведаміў першы намесьнік прэм’ер-міністра Расеі Ігар Шувалаў, забарона на экспарт збожжа тычыцца ўсіх дзяржаваў, у тым ліку і партнэраў па мытным саюзе – Беларусі і Расеі.

Пры гэтым Шувалаў падкрэсьліў, што пакуль, да стварэньня адзінай эканамічнай прасторы, у адрозьненьні ад імпарту экспартная палітыка застаецца прэрагатывай дзяржаваў-чальцоў мытнага саюзу. Іншымі словамі, камітэт мытнага саюзу ці Расея ня могуць патрабаваць ад Беларусь спыніць экспарт збожжа, могуць толькі прасіць. Пакуль.
Камітэт мытнага саюзу ці Расея ня могуць патрабаваць ад Беларусь спыніць экспарт збожжа, могуць толькі прасіць.


Тым часам на гэтым тыдні былі падведзеныя папярэднія вынікі збору ўраджаю ў Беларусі. Сабрана пакуль 6 мільёнаў тон. Паводле прагнозу ўсяго будзе сабрана прыкладна 8 мільёнаў, на мільён-паўтара меней, чым плянавалася. Напачатку ліпеня сусьветныя цэны на збожжа падвысіліся на 30%. Тады ж Аляксандар Лукашэнка заявіў: «У гэтым годзе патрабаваньні да ўборкі будуць самыя жорсткія... таму, што сёньня ў сьвеце не хапае хлеба. У Расеі і Казахстане засуха, а Эўропу затапіла... Будзе высокая цана на збожжа”. З гэтых словаў вынікае, што Беларусь меркавала зарабіць на збожжавым экспарце. Ці адмовіцца яна ад гэтых плянаў у сувязі з просьбай Расеі?

З камэнтароў міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіла Русага гэта не вынікала. Наадварот, ён сказаў, што ня бачыць неабходнасьці ўводзіць забарону на экспарт збожжа. Праўда, міністар дадаў, што па афіцыйных каналах прапаноў аб забароне на экспарт беларускага збожжа не паступала. «Прыйдуць матэрыялы – будзем разглядаць, але я пакуль не бачу патрэбы ... Кожны глядзіць, як рацыянальна выкарыстоўваць рэсурс у сытуацыі, якая склалася ў яго дзяржаве... У нас дастаткова збожжа. Мы можам і паставіць за межы рэспублікі», – заявіў міністар. Незразумела, ці міністар меў на ўвазе пастаўкі ў Расеі ці за межы мытнага саюзу, чаго Расея прасіла не рабіць.

У інтэрвію Інтэрфаксу міністар дэманстраваў аптымізм : "Думаю, тут няма ніякіх праблем. Гэта ўнутраная справа дзяржаў... у нас не ўзьнікне ніякіх праблем з Расейскай Фэдэрацыяй і ў Расейскай Фэдэрацыі – з намі... Ня будзе і ў нас аніякіх праблем на ўнутраным рынку". Між іншым, Беларусь імпартуе з Расеі пшаніцу і ячмень, праўда, у невялікіх аб’ёмах – летась была закуплена каля 6 тысячаў тон пшаніцы і тысячы тон ячменю, сёлета за паўгода – каля 5 тысяч тон збожжа. Агульны імпарт збожжа ў краіну сёлета склаў 68 тысяч тон.

Зразумела, такія невялікія аб’ёмы імпарту з Расеі, якія страчваюцца ў сувязі з расейскай забаронай, Беларусь і сапраўды зможа лёгка кампэнсаваць у іншых месцах.

Са словаў міністра сельскай гаспадаркі наўпрост не вынікала таксама, што Беларусь абавязкова будзе экспартаваць збожжа.
Ураджай можа атрымацца не такім вялікім, як чакаецца, і ня будзе асабліва чаго прадаваць.
На думку некаторых экспэртаў ураджай можа атрымацца не такім вялікім, як чакаецца, і ня будзе асабліва чаго прадаваць.

Але, гледзячы па ўсім, у палітычным пляне Менск пакуль трымае паўзу, пакідаючы адкрытымі розныя магчымасьці і не сьпяшаючыся пайсьці насустрач Маскве ў выкананьні яе просьбы.

Дарэчы, Казахстан адрэагаваў на просьбу Расеі таксама адмоўна. Прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі Казахстану заявіў, што краіна не зьбіраецца ўводзіць абмежаваньні на экспарт свайго збожжа, нават калі ўраджай будзе ніжэй за чаканы. Астана чакае, што Масква “будзе прасіць аб пераарыентацыі казахстанскага экспарту збожжа на расейскі рынак”. Чыноўнік мінсельхарчу сказаў, што “расейскі рынак без арыентаваньня зьяўляецца для нас самым блізкім, зразумелым і лягістычна выбудаваным. І без указаньняў нашы прадпрымальнікі будуць пастаўляць збожжа на расейскі рынак”.

Чакаецца, што Казахстан сёлета зьбярэ прыкладна 15 млн. тон збожжа, і пры гэтым 8 млн. тон пойдзе на экспарт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG