Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязьвізавы памежны рэжым з Латвіяй можа запрацаваць ужо ў жніўні


Дамову аб бязьвізавым рэжыме для жыхароў памежных тэрыторый Беларусь і Латвія могуць падпісаць ужо у жніўні. Як расказаў «Эўрарадыё» начальнік консульскага аддзелу беларускай амбасады ў Латвіі Алег Андрэеў, цалкам узгодненыя і ўсе пытаньні з латвійскім бокам, сур’ёзных разыходжаньняў у пазыцыях Менску і Рыгі няма.

Беларусь і Латвія меліся падпісаць дамову раней, але была затрымка з тым, што мяжа праходзіць ня толькі з Латвіяй, але і з Эўразьвязам. Таму сьпярша трэба было атрымаць «дабро» ад Брусэля. Рашэньне са штаб-кватэры ЭЗ было станоўчым.

З латвійскага боку ў зону візавага спрыяньня ўключаны другі па велічыні горад Даўгаўпілс, зь беларускага — тры раённыя цэнтры з прылеглымі населенымі пунктамі. Праўда, да падпісаньня міждзяржаўнага пагадненьня назвы гарадоў пакуль не агалошваюцца.

12 лютага пагадненьне пра бязьвізавы рэжым для жыхароў памежных тэрыторый Беларусь падпісала з Польшчай. Аднак парлямэнты абедзьвюх краінаў пакуль яго не ратыфікавалі. Таксама чакаецца падпісаньне аналягічнага дакумэнта зь Літвой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG