Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пракуратура вынесла папярэджаньне няштатнай карэспандэнтцы


10 жніўня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Бублікава атрымала ад Гомельскай абласной пракуратуры папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону «Аб СМІ».



Як падае сайт БАЖу, у дакумэнце ад пракуратуры сьцьвярджаецца, што Т.Бублікава займаецца журналісцкай дзейнасьцю незаконна, бо ня мае працоўных і іншых стасункаў са сродкамі масавай інфармацыі.

Пракуратура Гомельскай вобласьці зацікавілася журналісцкай дзейнасьцю Тацяны Бублікавай на падставе заявы Віктара Лебяшкова. Спадар Лебяшкоў, які працуе аграномам у калгасе «Ўрыцкае», 30 чэрвеня даў Тацяне Бубліквавай і «невядомаму маладому чалавеку» камэнтар на тэму ўплыву сьпёкі на расьліны і ўраджай. Пазьней аграному стала вядома, што яго інтэрвію было ў эфіры польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

У заяве спадар Лебяшкоў паведаміў, што дакумэнтамі здымачнай групы не цікавіўся і не даваў згоды на паказ яго інтэрвію ў эфіры «Белсату». Аграном папрасіў «правесьці праверку законнасьці дзейнасьці Т. Бублікавай і невядомага маладога чалавека ад імя тэлеканалу «Белсат»».

У ходзе праверкі, якую праводзіла пракурор Алеся Рабцава, Тацяна Бублікава патлумачыла, што сапраўды сустракалася зь Віктарам Лебяшковым, каб узяць камэнтар аб засушлівым надвор’і. Аднак гэта было ў рамках супрацоўніцтва з прыватнай польскай фірмай «N.E.W. S. Informacije», зь якой яна мае дамову ад пачатку 2010 году. Паводле дамовы, выканаўца мае прадстаўляць відэаматэрыялы на замову польскага боку. На згаданую фірму не ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ.

Пракуратура папярэджвае што ў выпадку паўторнага парушэньня заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі Тацяна Бублікава будзе прыцягнута да больш строгай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG