Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка. Нарадзілася на Гарадзеншчыне ў вёсцы Лушчыкі Воранаўскага раёну. Скончыла музычнае аддзяленьне Гомельскай пэдвучэльні і філялягічны факультэт Гомельскагага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Ляўрэат Першага фэстывалю аўтарскай песьні ў Беларусі. У 2003 годзе ў Гомелі выйшаў альбом «Хтось крануўся крылаў», на якім гучаць 35 трэкаў — лепшыя яе песьні на вершы Алеся Гаруна, Уладзімера Жылкі, Анатоля Сыса, Ларысы Геніюш ды іншых беларускіх паэтаў, а таксама народныя калядныя мэлёдыі. Жыве і працуе настаўніцай музыкі і сьпеваў у Гомелі.



Што для вас свабода?


Стабільны стан пазытыву ў штодзённым жыцьці і поўная адказнасьць за ўсё, што робіш і гаворыш.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Гардыня і адсутнасьць грошай.



Што для вас шчасьце?


Адсутнасьць стану няшчасьця.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Гневу Божага і банкруцтва сябе як маці.



Які талент вы хацелі б мець?


Ужо ніякі.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Спіс даволі вялікі, але крытэрый адзін — адсутнасьць фальшу.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Чытаць і піць каву, сьпяваць у касьцёле.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Не адказваю на пытаньні з пачаткам «Калі б...»



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Ад Ларысы Геніюш: «Трымайся праўды!»



Які ваш улюбёны дэвіз?


Служы людзям тым, чым Бог даў.



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У швэдзкай.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У Швэцыі ці ў Беларусі, але бяз гэтай дзяржавы.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У сучасную эпоху.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Барані Божа стаць мне кіраўніком дзяржавы!



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Добрасуседзкія.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Добрасуседзкія, з пачуцьцём надзейнага локця.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Я так ніколі не лічыла.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Як Бог захоча.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Думаю, што ніколі.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Беларуская нацыя зьнікне з мапы сьвету. Гэта адбываецца ўжо сёньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG