Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень івацэвіцкай калёніі строгага рэжыму №22 Валеры Леванеўскі кажа, што ўлады, перавёўшы Мікалая Аўтуховіча ў “ Ваўчыныя норы --> http://www.svaboda.org/content/article/2123579.html ”, хочуць там яго максымальна ізаляваць ад сьвету.







Абламейка
: Спадар Валеры, вы пабывалі ў розных беларускіх калёніях, у тым ліку паўтара года 2004-6 гадах праседзелі ў івацэвіцкай калёніі №22 – так званых “Ваўчыных норах”. Чым яна адрозьніваецца ад іншых?

Леванеўскі
: У гэтай калёніі ёсьць шэраг адмоўных і шэраг станоўчых момантаў. Адзін станоўчы аспэкт – там добрае паветра, яна знаходзіцца ў лесе, асфальту там мінімум, практычна няма.

Адмоўнае – там вельмі кепская вада, ад яе многія чэшуцца, яна для піцьця практычна непрыдатная, бо там забалочаная мясцовасьць. Там шмат камароў – летам ад іх немагчыма жыць. Зімой – вельмі холадна, там свая кацельня, начальства эканоміць і ў выніку ў памяшканьнях вельмі холадна.

Калі я там быў, побытавыя ўмовы былі надзвычай дрэнныя. У свой час я дамогся там бібліятэкі, бо яе там не было. Спалі людзі ў драўляных бараках, зрэшты, калі я сыходзіў, там пачыналася нейкае будаўніцтва... Можа там ужо нешта пабудавалі.

Абламейка: Мікалай Аўтуховіч некалькі разоў падоўгу галадаў, у яго слабое здароўе, выпалі зубы... Як там з мэдычным абслугоўваньнем?

Леванеўскі: Санітарная частка, дакладней санітарны пункт – вельмі маленькі, гэта асобная будыніна, дзе могуць зьмясьціцца ня болей за шэсьць чалавек. Мэдычнае абслугоўваньне там вельмі дрэннае. За ўвесь час майго там знаходжаньня я ня змог атрымаць нейкай кваліфікаванай мэдычнай дапамогі.

Зубнога лекара там няма, ёсьць толькі чалавек, які выдзірае зубы – тэхнік зубны. У кожным выпадку тады там было так. Зубы там палячыць немагчыма. Я ведаю, што ў Аўтуховіча праблема з зубамі. Адзіная апэрацыя, якая там выконваецца, гэта выдзіраньне зубоў.

Харчаваньне там ня надта добрае. Справа ў тым, што калёнія гэтая знаходзіцца наводшыбе, маршрутны транспарт адсутнічае, таму наведваньне гэтай турмы ўскладнена нават сваякамі. Я ў свой час дамогся, каб там хадзіў аўтобус, але праз год яго адмянілі, бо аказаўся нерэнтабельны. Пакоі адпачынку там нядрэнныя ў параўнаньні зь іншымі калёніямі, іх там хапае для доўгіх спатканьняў.

Крама там пастаянная адсутнічае. Ёсьць там турэмная лаўка - гэта калі раз у тыдзень або раз у два тыдні (як вызначыць адміністрацыя) асуджаны прыходзіць і выпісвае нейкія харчы, якія ёсьць у турэмнай лаўцы, і зь яго рахунку сьпісваюць адпаведныя грошы. Выбар тавараў кепскі, цэны ў параўнаньні з горадам завышаныя працэнтаў на 30.

Абламейка: А ці могуць вязьні неяк скардзіцца , адстойваць свае правы?

Леванеўскі: Ну вось тая ж лаўка адносіцца да турэмнай адміністрацыі, там у іх свой бізнэс, і кантролю з боку івацэвіцкай пракуратуры ніякага. Яна ў добрых дачыненьнях з адміністрацыяй, і кантроль, калі праводзіцца, дык фармальна. Пракурор, калі прыяжджае, зь вязьнямі не сустракаецца, скаргаў не выслухоўвае, недзе нешта адзначыць і ўсё. Скаргі, якія пішуць вязьні, не рэгіструюцца і недзе зьнікаюць, а людзей, якія іх пішуць, саджаюць ў штрафны ізалятар. Я гэта на сабе зазнаў. У штрафным ізалятары забараняюць многія рэчы, якія паводле закону павінны быць дазволеныя. Аднак чалавек паскардзіцца там ня можа. Суіцыд, ускрыцьцё жылаў – вельмі распаўсюджаная зьява ў гэтай калёніі, але ўсё гэта хаваецца. У час майго там знаходжаньня людзі частка ўскрывалі вены, адзін нават загнаў сабе штыр пад сэрца, але ўсё гэта хавалася, адтуль інфармацыя практычна не выходзіць.

Хачу падкрэсьліць, што ўсе гэтыя нэгатыўныя зьявы ў большай ступені ідуць ад рэжымна-апэратыўнага аддзелу, а калі браць начальнікаў атрадаў, адміністрацыю невысокага ўзроўню, то там нармальныя людзі. Але іх улада абмежаваная, там кіруе рэжымна-апэратыўны аддзел і начальнік калёніі.

Абламейка: Колькі там сядзіць народу?

Леванеўскі: Там павінна быць 300 чалавек. У маю бытнасьць колькасьць даходзіла да 500. Там два аднапавярховыя баракі, якія засталіся ад вайсковай часткі, і маленькая прыбудова, дзе знаходзіўся 1-шы атрад – гаспадарчая частка, абслуга, кухары. Цяпер можа нешта зьмянілася.

Абламейка: Як там вязьні бавяць час?

Леванеўскі. Спартовая пляцоўка там адсутнічае, я некалі дамагаўся, але безвынікова. Галоўны біч зэка – адсутнасьць працы. Заробак у 3-4 даляры ў месяц – гэта вялікае шчасьце. Там ёсьць прамысловая зона, але рэальная праца адсутнічае. Там не выконваецца тэхніка бясьпекі, шмат іншых парушэньняў, але адміністрацыя карыстаецца тым, што асуджаныя ня ведаюць сваіх правоў.

У маю бытнасьць, там было цяжка з гэтым. Там быў так званы зампаліт, дык гэта адзіны чалавек, ад якога ў мяне засталіся добрыя ўражаньні. На фоне ўсяго гэтага мярзоцьця ён стараўся неяк разьвіваць культуру вязьняў, дазваляў, каб сваякі прывозілі шахматы, шашкі і нарды, кніжкі. Гэта адзіны, хто мяне падтрымаў, каб там адкрылася бібліятэка. Людзі сумуюць.

Там нейкая вучэльня нібыта адкрывалася ў маю бытнасьць, ня ведаю, ці яна працуе цяпер. Там шмат моладзі, якая зусім непісьменная, чытаць ня ўмеюць. У іх вялікія тэрміны па 10-13 гадоў за забойства, іх туды з малалеткі пераводзяць. Агулам там адчуваецца безвыходнасьць...

Умоваў там для хворага чалавека, вядома, няма. Аўтуховіча ў тую дзірку закрываюць менавіта таму, каб ад яго не было нічога чуваць і не відаць. Туды і адвакату дабрацца вельмі складана.

Я буду шчасьлівы, калі на фоне той побытавай неўладкаванасьці, журналісты не забудуць пра Аўтуховіча, будуць прыяжджаць туды, цікавіцца побытам. Заклікаю людзей пісаць Аўтуховічу лісты – гэта вялікае сьвята для вязьня, асабліва ў такой калёніі, як "Ваўчыныя норы". Нават паштоўку паслаць або паслаць пусты канвэрт з маркай, каб ён мог паслаць адтуль ліст – гэта будзе магутнай яму падтрымкай. Можна і кніжкі дасылаць. Наогул там умовы страшныя, людзей там ломяць і калечаць духоўна, любая падтрымка Аўтуховічу будзе яму вельмі патрэбная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG