Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс абнародаваў пляны істотнага скарачэньня кіруючага апарату ваеннага ведамства, у прыватнасьці, плянуецца ліквідаваць аб’яднанае камандаваньне ўзброенымі сіламі. Паводле Гейтса прапанаваны плян скарачэньняў дасьць эканомію ў 100 мільярдаў даляраў на працягу 5 гадоў.

Міністар падкрэсьліў, што плян рэформы прадугледжвае не скарачэньне выдаткаў на абарону, а іх рацыяналізацыю, скарачэньне неэфэктыўных зьвеньняў кіраваньня ўзброенымі сіламі.

За 9 гадоў пасьля тэрарыстычнай атакі на Амэрыку 9 верасьня 2001 году штогадовыя ваенныя выдаткі ЗША вырасьлі амаль удвая і складаюць 700 мільярдаў даляраў, зь іх 170 мільярдаў – на вядзеньне баявых дзеяньняў у Аўганістане і Іраку.

Паводле міністра, галоўныя матывы прапанаванай рэформы – дзьве вайны, якія вядуць ЗША, і імклівы рост дзяржаўнага доўгу.
Робэрт Гэйтс

Паводле пляна Гэйтса, плянуецца ўжо ў наступным годзе скараціць на 10% выкарыстаньне зьнешніх падрадчыкаў, скараціць на 50 чалавек колькасьць страявых генэралаў і адміралаў, замарозіць на бліжэйшыя тры гады колькасьць працоўных месцаў ў Пэнтагоне і баявых камандаваньнях.

Самае “гучнае” заплянаванае скарачэньне – аб’яднанае камандаваньне ўзброенымі сіламі, якое месьціцца ў горадзе Норфалк, у Вірджыніі, і налічвае каля 5 тысяч супрацоўнікаў. Гэтая структура каардынуе дзейнасьць розных родаў узброеных сілаў ЗША, штогадовыя выдаткі на яе складаюць чвэрць мільярда штогод.

“Я даручыў кожнай вайсковай установе разгледзець пытаньне аб непатрэбных і неэфэктыўных зьвеньнях і структурах, – заявіў міністар Гэйтс, распавядаючы пра рэформу, – Зразумела, гэта палітычна вострае пытаньне. Зараз Кангрэс не дае права міністэрству абароны скасоўваць вайсковыя ўстановы. Але складана – гэта ня значыць немагчыма. І я мяркую, што Кангрэс будзе працаваць разам з намі па скарачэньні непатрэбных выдаткаў у гэтай частцы абарончага ведамства.”

Робэрта Гэйтса прызначыў міністрам абароны прэзыдэнт Буш, пры прэзыдэнту-дэмакрату Абаму ён захаваў сваю пасаду. Гэйтс карыстаецца аўтарытэтам у абедзьвюх вядучых партыях краіны, і як у Кангрэсе, гэтак і ў Сэнаце.

Але ўжо цяпер заканадаўцы гавораць, што кіраўніку Пэнтагону давядзецца пераканаць іх, што ягоны плян рэформаў не аслабіць абароназдольнасьць краіны.

Адзін з сэнатараў-дэмакратаў сказаў, што ня бачыць ніякай рацыянальнай асновы для скасаваньня аб’яднанага камандаваньня ўзброенымі сіламі.

Свайго міністра падтрымаў прэзыдэнт Барак Абама.

Экспэрты кажуць, што міністар спрабуе зрабіць тое, што гаспадар камэрцыйнай фірмы ў крызысе – скарачае адміністрацыйныя выдаткі, зьвеньні кіруючых структур. Але паколькі ваеннае ведамства – не бізнэсовая фірма, то, як прызнаў сам міністар, і як лічаць экспэрты, змаганьне за рэформу будзе няпростым.
XS
SM
MD
LG