Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: камунальнікі супраць праваабаронцаў


Магілёўскі Дом саветаў.

Магілёўскі Дом саветаў.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар абавязаны выплаціць камунальнай управе Ленінскага раёну Магілёва 13 мільёнаў 658 тысяч рублёў запазычанасьці за арэнду сядзібы.

Такое рашэньне прыняў Магілёўскі абласны гаспадарчы суд, куды з пазовам зьвярнуліся камунальнікі. Такіх грошай у праваабаронцаў няма, і яны будуць вымушаныя пакінуць памяшканьне.

Паводле сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыса Бухеля, недаплату камунальнікі вылічылі ад 24 красавіка 2008 году. Ад таго дня няўрадавую арганізацыю пазбавілі льготнага каэфіцыенту аплаты арэнды, аднак пра гэта камунальнікі не паінфармавалі праваабаронцаў. Цягам двух гадоў, як сьцьвярджае Бухель, яго арганізацыя плаціла паводле тых рахункаў, якія выстаўлялі камунальнікі.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар неаднойчы зьвяртаўся да ўлады, каб яму пакінулі палёгку ў аплаце арэнды сядзібы як гуманітарнай некамэрцыйнай арганізацыі.

Барыс Бухель.
"У судзе, аднак, высьветлілася, што ў заканадаўстве не існуе крытэрыяў, якія вызначаюць гуманітарны складнік дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў. Камунальнікі й управы маёмасьці выканаўчай улады самі гэта вызначаюць, зыходзячы са свайго разуменьня. Мы даводзілі, што аказваем прававую дапамогу грамадзянам бясплатна, але ніхто гэтага не хацеў чуць. Суд паказаў, што любую няўрадавую арганізацыю, якая сумленна плаціла арэндную плату з улікам паніжальных каэфіцыентаў, можна задняй датай прызнаць недысцыплінаваным платнікам і спагнаць вялізную запазычанасьць. Аргумэнтацыя простая — ёсьць указ прэзыдэнта, які вышэйшы за дамову на арэнду. Такі падыход вядзе да таго, што ўлада зьнішчыць грамадзкія арганізацыі, якія палічыць небясьпечнымі для сябе", зазначае Барыс Бухель.

Паводле праваабаронцы, у суд камунальнікі зьвярнуліся пасьля патрабаваньня ўправы маёмасьці гарвыканкаму.

Плаціць 14 мільёнаў запазычанасьці й судовых выдаткаў праваабаронцы не зьбіраюцца, бо няма з чаго. Ад займанай цяпер сядзібы ім давядзецца адмовіцца. Далейшыя свае дзеяньні праваабарончая арганізацыя цяпер прадумвае.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар утвораны ў 1998 годзе. Ад 2006 году арганізацыя ўваходзіць у камісію пры ўправе юстыцыі аблвыканкаму па назіраньні за месцамі пазбаўленьня волі ў рэгіёне. Камісію ачольвае сябра праваабарончага цэнтру. Няўрадавая арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях.
XS
SM
MD
LG