Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва не выключае палітычных матываў зьнікненьня Захаранкі


Юры Захаранка.

Юры Захаранка.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Віктар Конан адказаў на запыт маці зьніклага 11 гадоў таму экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі.

Ульяна Захаранка зьвярнулася да генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з просьбай даць інфармацыю пра тое, што зроблена органамі пракуратуры за 11 гадоў у пошуках яе сына і тых асобаў, якія яго гвалтоўна выкралі, паведамляе газэта "Народная воля".

На зварот адказаў Віктар Конан. Ён паведаміў, што пракуратура Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы па факту зьнікненьня Ю. Захаранкі. Тэрмін сьледзтва працягнуты да 24 верасьня гэтага года. Дасьледуюцца розныя вэрсіі супрацьпраўных дзеяньняў, "у тым ліку з-за карысьці, на глебе асабістых непрыязных стасункаў, у зьвязку зь яго палітычнай дзейнасьцю, а таксама шэраг іншых".

Як гаворыцца ў лісьце з генпракуратуры, "нягледзячы на прымаемыя меры, устанавіць месца знаходжаньня Ю. Захаранкі, а таксама канкрэтную асобу, датычную да гэтага, дагэтуль не ўяўляецца магчымым".

У зьвязку з гэтым "папярэдняе расьсьледаваньне па названай крымінальнай справе не завершанае, зьвесткі аб канкрэтных апэратыўна-вышуковых мерапрыемствах і сьледчых дзеяньнях, якія праводзяцца па ёй, да заканчэньня расьсьледаваньня разгалошваньню не падлягаюць".

Таксама В. Конан паведаміў, што хадайніцтва аб пратэсьце на рашэньне суду Кастрычніцкага раёна Менску па грамадзянскай справе аб прызнаньні Ю. Захаранкі памерлым накіравана пракурору Менска для разгляду.
Калі Лукашэнка застанецца ля ўлады яшчэ на пяць гадоў, то справа Захаранкі хутчэй за ўсё будзе спынена ў зьвязку з заканчэньнем тэрміну даўніны.


Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, гэта першы за 12 гадоў адказ Генпракуратуры па справе Ю. Захаранкі за подпісам высокага чыноўніка. А. Воўчак адзначыў, што чакаў больш разгорнутага адказу, а ліст за подпісам В. Конана "вельмі павярхоўны".

Тэрмін разгляду спраў па артыкуле "наўмыснае забойства", па якой узбуджана справа Ю. Захаранкі, складае 15 гадоў. Цяпер пайшоў 12 год. "Калі Лукашэнка выйграе прэзыдэнцкія выбары і застанецца ля ўлады яшчэ на пяць гадоў, то справа Захаранкі хутчэй за ўсё будзе спынена ў зьвязку з заканчэньнем тэрміну даўніны".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG