Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нічыйная дзірка Коханава


Ад пачатку стагодзьдзя я прыехаў у Коханава чацьвёрты раз. Як і раней, на пэроне мяне сустрэў у традыцыйным «хакі» падцягнуты і бадзёры экс-палкоўнік, лідэр тутэйшай апазыцыі, праваабаронца Мікалай Петрушэнка. Спадар Мікалай тут жа паведаміў пра падзею, якой чакае 7-тысячны пасёлак у сярэдзіне жніўня.


Петрушэнка: «Коханава зараз рыхтуецца да прыезду Лукашэнкі, але гэта ўлада. Мы добра ведаем, што нас не паклічуць. Хутчэй пасадзяць пад арышт, і ля майго дома будзе стаяць міліцыянт…»

Насельніцтва ў паселішчы, што на чыгуначным шляху Берасьце — Масква, заўжды было вельмі пярэстым. Мне пра гэта 5 год таму сказаў беспрацоўны інжынэр Юры.

Юры: «У Коханаве пражываюць мясцовыя, тыя, што прыехалі з-пад Чарнобылю, экс-старшыні калгасаў, экс-дырэктары, экс-афіцэры і экс-зэкі…»

Тым ня менш сытуацыі, якія прымушалі мяне зрывацца сюды, былі палітычна экстрэмальнымі. Што, урэшце, дагэтуль дае падставу таму ж Петрушэнку называць Коханава «рэвалюцыйным гарадком». Адным разам пасёлак страйкаваў, бо работнікаў ДОЦа, як тут называюць мясцовы дрэваапрацоўчы цэх, меліся звальняць. Кіраўніцтва ў сувязі са зьменай статусу прадпрыемства паабяцала працаўладкаваць усіх па-новаму і… гэтага не зрабіла. Даведзеныя да адчаю рабочыя паабяцалі сустрэць Новы год у Менску, на прыступках Адміністрацыі прэзыдэнта…

Да другой вандроўкі падахвоцілі сябры мясцовага дачнага каапэратыву «Сакалянка». Вось якімі словамі сустрэлі мяне 3 гады таму пэнсіянэркі — спадарыні Стрэж, Купелявец, Нарчук ды Процкая. Між іншым, Петрушэнка цьвердзіць, што такія настроі захоўваюцца.

Спадарыні: «Я не разумею ўладу, Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, калі трэба было стаць прэзыдэнтам, шмат што абяцаў. А цяпер з народам паводзяць сябе вельмі жорстка — фашысты гэтага б не зрабілі… У нас вынішчэньне нацыі ідзе ў поўным сэнсе слова. Гэтая сотка будзе пуставаць. Але яны пераступілі, выцерлі ногі аб нас, утапталі ў бруд…»

Было так. Напачатку 90-х на беразе рэчкі Сакалянкі ўзьнік на плошчы ў 33 га каапэратыў. Землі перадаў коханаўцам ва ўладаньне мясцовы калгас. Аднак раённы землеўпарадчык у дакумэнтах памылкова пазначыў памеры кожнага зь лецішчаў, запісаўшы замест 10 сотак крыху больш за 5. Тым ня менш шмат гадоў людзі будаваліся і спраўна плацілі арэнду паводле факту, а не папераў. Аж пакуль памылка раптам не ўсплыла. Дачнікаў, якія нічога не падазравалі, абвясьцілі «захопнікамі». З Талачына падагналі транспарт, міліцыянтаў. У 18 чалавек параскідалі гумны, дзьве хаты. Пытаюся ў спадара Петрушэнкі, чым скончыліся тыя гісторыі.

Петрушэнка: «Што датычыць дачна-гародніннага каапэратыву, усё сьцішылася. Хто ўспамінае, кажа — а навошта вы зносілі хлявы, лазьні? Завадзкі, намесьнік па капітальным будаўніцтве, пайшоў на пэнсію. Марэйка, галоўны вэртыкальшчык, стаў дэпутатам і зьехаў у Віцебск. Спытаць няма з каго. Пра ДОЦ трэба забыць — здавалі ў арэнду слонімцам, бэльгійцам, армянам. Прызначыў новага дырэктара новы кіраўнік раёну. Што будзе — ніхто ня ведае. Усе сілы кінутыя зараз на тое, каб паказаць Лукашэнку новы экскаватарны завод. Тут „бацька“ плянуе выпускаць цэлую лінію мэліярацыйнай тэхнікі. Будуецца побач з заводам выпрабавальны палігон. Ліцэй будзе каваць кадры мэханізатараў-мэліяратараў. Стратэгічная мэта — адмыць грошы. Лукашэнка сказаў, што нам не патрэбная замежная тэхніка — самі будзем выпускаць…»

Карэспандэнт: «Колькі мяркуецца працоўных месцаў аддаць коханаўцам?»

Петрушэнка: «Пакуль з коханаўцаў кадраў няма. Коханаўцы любяць, каб ім плацілі грошы. На экскаватарным нагрузкі ўзрастаюць, заробкі на тым жа месцы…»

Зь Мікалаем Сямёнавічам вырашаем зрабіць скразное падарожжа па паселішчы, каб высьветліць перад прыездам Лукашэнкі палітычныя настроі ды ўзровень сацыяльнай абароненасьці коханаўцаў. Першай сустракаем пэнсіянэрку Вольгу Сьліжанкову, якую спадарожнік называе «ідэальным прадуктам сыстэмы». Яна ж частуе нас уласным «санэтам» у гонар прэзыдэнта.

Сьліжанкова: «Президент наш гений, а гении бывают лишь от бога. А бог ему открыл добрую дорогу. Он по ней уверенно идёт и за собой народ ведёт…»

На вуліцы Кірава з-за плота нас кліча спадарыня Тацьцяна Камінская.

Камінская: «Усё роўна да яго не прапусьцяць, а я б хацела яму сказаць!»

Карэспандэнт: «Скажыце!»

Камінская: «Запішыце — у нас на вуліцы не працуюць калодзежы, а калёнка — я пакажу, якая вада — піць нельга! У нас няма водаправоду, каб паставіць фільтры. Яна — з жалезам! Вада рудая. Тут калодзеж ёсьць, і мы просім адно — пачысьціць яго. У нас ёсьць Шатал — піша, піша, тры разы прыходзілі, сказалі, што няма грошай. На той вуліцы зусім няма вады. А тут п’ем, як ёсьць — а што рабіць?! Мы адстойваем гэтую ваду і ўсё роўна дзяцей поім, бо хочуць жывой вады. Паіць кіпенем — нерэальна. У мяне жоўцевы пузыр выдалілі. Гэта экалягічны Чарнобыль. А во ідзе — ён вам усё раскажа!»

Спадар Міхаіл Шатал — мясцовы праўдалюбец.

Шатал: «Напісалі мы калектыўны ліст 4 гады таму. Прыйшла адпіска — то няма калі, то матэрыялаў няма. 4 гады калодзеж і робяць. Паставіш у лядоўню слоічак вады — на палец іржавая…»

Улады, аднак, напярэдадні візыту хвалюе найперш зьнешні лоск.

Мікалай Петрушэнка
: «Лукашэнку ж чакаюць ня першы раз. І кожны раз пачынаецца вялікі шмон. І коханаўцы глядзяць, як з Талачына прыяжджаюць, пачынаюць траву выкошваць, уборку рабіць — у тым ліку і чыноўнікі! (Сьмяецца.) Фарбуюць платы, сады, а нашы гарэлку п’юць. Але адзін з Коханава зьбірае поліэтыленавыя бутэлькі, мэталалом, анучы. Каля свайго дома зрабіў звалку. Чыноўнікі бачаць — калі Лукашэнка будзе ехаць, Міколку падыме на рукі, дык той спытае — а што гэта такое? Дык яны вывезьлі адтуль — колькі, думаеш, прычэпаў? 11!» (Сьмех.)

* * *
Прызнаюся, гэтую вандроўку плянаваў адразу пасьля апошніх мясцовых выбараў. Тады ў марах Петрушэнка і сябры ўжо бачылі поўную перамогу апазыцыі ў Коханаве. І пра гэта я ня мог не нагадаць Мікалаю Сямёнавічу.

Карэспандэнт: «Я памятаю, перад мясцовымі выбарамі, калі вы, спадар Мікалай, гаварылі пра акругі, дзе толькі па адным кандыдаце — ад апазыцыі. І пра тое, што старшыня пассавету ад апазыцыі будзе. Усё-ткі не атрымалася. Што гэта — параза апазыцыі, альбо з гэтымі ўладамі на ўзроўні афіцыйнай выбарчай кампаніі змагацца ўжо немагчыма?»

Петрушэнка: «Выбары далі эфэкт — мы атрымалі доступ да радыё, дзяржава дала нам сродкі — мы выпусьцілі ўлёткі. Да таго, што нашы людзі не прайшлі, мы былі гатовыя. Лепш змагацца, чым „маніторыць“ гэты працэс. Зараз прыйшлі дэпутаты — дрэнныя, вядома — і мы думаем пра тое, як прымусіць іх працаваць. І зроблены графік прыёму дэпутатаў па асабістых пытаньнях. Мы арганізавалі турыстычны паход дзетак экалягічнага клюбу „Раднічок“ на пошук сухапутнага волаку на вялікім водным шляху з варагаў у грэкі. Райвыканкам выдзеліў аўтобус, ДАІ, мэдыкі правялі інструктаж. Мы стаялі ў майках „Нашага дома“, але перад намі выступіў новы мэр Коханава Мікалай Барышаў. Зараз райвыканкам разглядае пытаньне, каб усталяваць памятныя камяні па выніках экспэдыцыі. Змагацца з уладай трэба, але трэба і працаваць…»

Дарэчы, сам Мікалай Петрушэнка апошнім часам сканцэнтраваўся на праваабарончай дзейнасьці, вывучэньні сацыяльных праблем у рамках грамадзянскай кампаніі «Наш дом». Некаторыя яго жыцьцёвыя досьледы маглі б стаць зыходным матэрыялам для выступаў гумарыстаў. Мы ў цэнтры Коханава пасярод моста праз Сакалянку.

Петрушэнка: «Тут некалі была вялікая дзірка — можна было зламаць нагу. Пайшоў у пассавет — дзірку замацавалі. Але прайшоў год, і Валодзя Давідзенка зачапіўся, ляснуўся, і — падвойны пералом са зьмяшчэньнем касьцей. Цяпер выбары прайшлі — я не прайшоў, жонка — не, сына не дапусьцілі, усю апазыцыю разграмілі. Мо дэпутаты лепш працуюць? Пытаюся ў дэпутаткі Вераб’ёвай, загадчыцы музычнай школы — дзе твая выбарчая акруга? — „Па вуліцы Аршанскай, але да моста“. Пытаюся ў Барышава — „Мой ад таго пачатку Аршанскай і да моста“. А дзірка пасярод! А за мост адказвае ДРБУ — там дэпутат таксама ёсьць! А за тратуар ЖКГ — там 4 дэпутаты! Такім чынам, на адной „дзірцы“ 7-8 дэпутатаў. А яна як была, так і ёсьць!»

На прыпынку, яўна нападпітку, сядзелі ў чаканьні аўтобуса два задушэўныя сябры.

Спадар: «Я з Лукашэнкам хачу пагаварыць, каб грошы падвысіў — усё дорага! А ў калгасе я кароў пасу, адзін раз вып’ю — адымаюць 30 тысяч. А што за 300 тысяч? Я б ня піў, каб мне плацілі мільён — мне б на жыцьцё хапіла, правільна?»

Спыняю мужчыну ў працоўнай робе, які абмінае нас.

Карэспандэнт: «А вы ведаеце, што Лукашэнка прыяжджае?»

Спадар: «Кажуць… Каб ён прыехаў зь дзелавой прапановай! Зрабіць трэба, каб праца была, большы заробак. Я ўзімку печніком у краме, улетку ежджу ў Расею будаўніком — 20 тысяч у месяц расейскімі ў сярэднім…»

Карэспандэнт: «А завуць як?»

Спадар: «Валодзя, а прозьвішча не скажу, не хачу! Каб інфармацыя „не туды“ не пайшла, каб не расстралялі па дарозе…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Не давяраеце ўсё-ткі прэзыдэнту — цікавыя ў нас норавы ў Беларусі!»

Спадар: «Ну, так…»

У бібліятэцы, якой пашчасьціла — адрамантавалі перад прыездам Лукашэнкі, выказваецца ў чытальнай залі Ірына Шаматульская.

Шаматульская: «Хацелася б, каб бальніца вярнулася назад — хірургічнае аддзяленьне, гінэкалёгіі няма, каб больш ложкаў у дзіцячым аддзяленьні…»

З Талачына адмыслова на сустрэчу з намі прыехаў 22-гадовы чыгуначнік Раман Забэла. Хлопец таксама працуе ў рамках грамадзянскай кампаніі «Наш дом», цяпер ён капітан аднайменнай футбольнай каманды. Гісторыя, якая адбылася зь ім і яго сябрамі — нядаўняя мясцовая сэнсацыя.

Забэла: «Пачыналася так. Ёсьць у Талачыне ў парку альтанка, дзе зьбіраюцца выпіць. Мы, 10-15 чалавек моладзі, зрабілі сьцяг антыалькагольны — там намаляваныя чэрап і бутэлькі з надпісам „водка“. Людзі падыходзілі, фатаграфаваліся. Хвілін праз 15 прыехалі міліцыянты, прапанавалі паехаць у пастарунак. Там склалі пратакол, што ўключалі гучна музыку і вывесілі сьцяг, чым „перашкаджалі людзям адпачываць“. На судзе аднаму хлопцу далі дзьве базавыя велічыні, аднаго вызвалілі. Я празь Віцебскі абласны суд апратэставаў рашэньне, і мяне таксама вызвалілі ад адказнасьці. Усе нашы хлопцы спартовыя, а пачаліся раённыя першынства па футболе на коханаўскім стадыёне. Мы вырашылі сабраць каманду, тым больш, міліцыянты ўпершыню выставілі сваю. Пасьля першай гульні міліцыянты зьняліся: маўляў, няма каму працаваць. Насамрэч мы выйшлі да іх пры атрыбутыцы „Нашага дома“ — зялёныя майкі з надпісам і сонейкам. Міліцыянты, я лічу, спужаліся, каб не пайшло ў незалежную прэсу, што прайграюць сваім асуджаным…» (Сьмех.)

Я сустрэўся з тутэйшым каардынатарам яшчэ адной грамадзянскай кампаніі, «Гавары праўду» — 57-гадовым спадаром Леанідам Цімашковым.

Карэспандэнт: «Якую праўду перад візытам Лукашэнкі вы б хацелі данесьці да грамадзкасьці?»

Цімашкоў: «Першая праўда — беспрацоўе ў Коханаве. Многія мужчыны, каб трымаць сем’і, вымушаныя ехаць у Расею. Бо ў Коханаве прадпрыемствы існуюць напалову — няма заказаў. І заробкі нязначныя — у сярэднім 200-300 тысяч. На заводзе „Белэкс“, куды едзе Лукашэнка, у 2-3 разы больш, але прадпрыемства не для коханаўцаў. Вуліца Аршанская, асноўная, яшчэ ня мае тратуару ад вучылішча да стэлы, няма асьвятленьня…»

На пасялковым пляжы заўважыў знаёмага па мінулых вандроўках 61-гадовага сьлесара-абходчыка, спадара Канстанціна Козіка. Ён — коханаўская «зорка» ў галіне мастацкага сьвісту. У 2009-м за прафэсіяналізм стаў «чалавекам году» Віцебшчыны. Але зараз быў заклапочаны іншым.

Козік: «Калі раней былі катамараны, 2 трубы затапілі, на якія мацаваліся. Дзеці нырца дадуць і могуць галаву разьбіць…»

Трывога падвойвалася, бо 14 жніўня тут адбудуцца ўсебеларускія спаборніцтвы па жаночым рыбалоўным спорце. Усюдыісны Мікалай Петрушэнка спрычыніўся да арганізацыі і тут — а значыць, чакай і палітычных сюрпрызаў.

Петрушэнка: «Будзем на вуду лавіць акунёў, карпаў, плотку. Усіх радыёслухачак хачу запрасіць у госьці да нас. Прыяжджайце з вудай, лёскай без кручка, але з паплаўком. І — незалежна ад палітычнай прыхільнасьці. Каманда з трох чалавек можа быць ад грамадзкага аб’яднаньня. Мо і Радыё Свабода прышле трох сваіх журналістак — будзем вітаць…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG