Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летась пасьля ўрагану ніхто не дапамог. Так і цяпер будзе..."


8 жніўня ў Беларусі ў выніку ўраганнага ветру і залевы адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін быў пакалечаны. У 22 раёнах пашкоджаныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, а таксама пасевы на прысядзібных участках.

Паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, яшчэ і сёньня больш за тысячу паселішчаў застаюцца без электрычнасьці. У 22 раёнах пашкоджаныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, а таксама пасевы на прысядзібных участках. Сёньня пацярпелыя мясьціны наведалі карэспандэнты "Свабоды". Многія людзі скардзяцца на адсутнасьць дапамогі.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Зьнішчаныя ветрам

Парывы ветру ў нядзелю дасягалі 24 мэтраў у сэкунду. У Бабруйску ў гэты час загінуў кіроўца маршрутнага аўтобуса.

Загіблы мужчына 1961 году нараджэньня працаваў на маршрутным аўтобусе. На канцавым прыпынку ён вырашыў адпачыць:

"Перасеў на месца пасажыра. Насупраць стаяла дрэва — таполя дыямэтрам сантымэтраў восемдзесят, усярэдзіне дупло было. Узьняўся рэзка вецер. Таполя ня вытрымала націску ветру і павалілася проста на аўтамабіль. У выніку чалавек загінуў на месцы ад удару", — паведаміў супрацоўнік Бабруйскай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Сёньня без электрычнасьці застаюцца дачныя пасёлкі й вёскі заходняй часткі Магілёўскага раёну. Не чакаючы дапамогі, людзі самі даюць рады наступствам стыхіі.

"Дужа шмат паваліла дрэваў. Вываліла іх з камлём. Цягнік, дызэль, спазьніўся. Чакаў, відаць, недзе ў дарозе, пакуль пройдзе гэты сьмерч. За шэсьцьдзесят тры гады я такога яшчэ ня бачыла. Сьвечку запаліла й малілася, каб толькі дах цэлы быў. Канёк вунь сарвала. Парнікі паламала. Самае галоўнае, што сьвятла няма, і кажуць, да вечара чорт яго ведае, ці дадуць", кажа дачніца зь вёскі Сінюга.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, наступствы стыхіі ў Бабруйскім, Асіповіцкім, Глускім, Клічаўскім, Бялыніцкім раёнах ліквідуе 41 брыгада электрыкаў.

"Мы перакідаем сілу й тэхніку зь іншых раёнаў, якія не пацярпелі. Увесь пэрсанал займаецца ліквідацыяй пашкоджаньняў ужо з ночы. Калі стыхійныя зьявы не паўторацца, плянуем аднавіць электразабесьпячэньне да канца сёньняшняга дня", — кажа спэцыяліст аб’яднаньня "Магілёўэнэрга".

Як цьвердзяць у прэсавай службе Магілёўскай абласной управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, навальніца не пагоршыла сытуацыі з пажарамі ў лясах і на тарфяніках рэгіёну. Асобныя асяродкі ёсьць, аднак яны пад кантролем, запэўніваюць ва ўправе.


МЕНШЧЫНА

"Гаспадара дома давялося даставаць з-пад завалаў на гарышчы"

Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі і часткова іншыя раёны пацярпелі напярэдадні на Меншчыне. Калецтва атрымаў жыхар вёскі Бутрымава на Вілейшчыне. Удакладняе тутэйшая жыхарка Алена:

"Прыдушыла яго моцна. Каб мог трошкі дыхаць, то жонка дапамагала і суседзі. Цяпер ён у лякарні, і стан яго цяжкі. А хату раскрыла цалкам. Нават цагліны са сьцен вецер павыдзіраў. "Разьдзеў" вецер цалкам хату".

Спадарыня Алена скардзіцца і на сваё гора:

"Вось і на маім падворку дрэвы паваліла, пшаніцу ўсю паклала. Усё паразносіла, параскідала. Страшна было: неба зь зямлёй зьмяшаліся — нічога не было відаць. Гэтая бура нанесла вялікія страты".

Яшчэ адзін жыхар Меншчыны — Віктар Дашкевіч з Капыльшчыны — паведаміў "Свабодзе" пра буйны град напярэдадні:

"Уся зямля была белая. Пабіла ўсе пасевы і яблыкі на дрэвах. І, канечне, ніхто нічым нам не дапаможа. Бо летась таксама быў град. На маім участку ад бацьвіньня бульбы засталіся толькі цымбуры. Ніхто не дапамог. Так і цяпер будзе".

Меркаваньні Віктара Дашкевіча спраўджвае і супрацоўніца аднаго зь сельсаветаў Меншчыны Тацьцяна:

"На нашай тэрыторыі 32 вёскі. І практычна ўсе яны пацярпелі. Так што хутка да нас пачне езьдзіць рознае начальства. І кожны з правяральнікаў будзе цікавіцца: а што зрабіў сельсавет? А чым мы можам дапамагчы людзям? Толькі хіба дзьвюма рукамі…"


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Тут — лье, а там — гарыць

Шмат шкоды непагадзь нарабіла ў вёсках Крукавічы й Кротаў Калінкавіцкага раёну.

Прадстаўніца Крукавіцкага сельсавету апавяла:

"На тэрыторыі савету пацярпела прыкладна 16 дамоў. Стыхія ішла такой незразумелай паласой. У Крукавічах багата дахаў пазносіла. У адной сядзібе хлеў поўнасьцю раскрыла й частку хаты. У іншых — паўдаху разбурыла, а ў некаторых па чатыры лісты сарвала".

У вёсцы Кротаў Капліцкага сельсавету ад шквалістага ветру пацярпела 10 дамоў. Моцны вецер з дажджом абрынуўся на вёску ўчора блізу 16 гадзіны.

Апавядае мясцовы жыхар спадар Мікалай:

"Усе дома былі, у калідоры стаялі. Так рвала ўсё, а потым дождж хлынуў. Пацякло прама ў хату. Дык мы карыты паставілі на падлогу. Зразу моцна лінуў, але неўзабаве перастаў".

Спадар Мікалай не чакае, пакуль у мясцовую краму прывязуць шыфэр. Дамовіўся з суседам, у якога ёсьць ужываны шыфэр — ім і будзе лапіць дзірку ў даху:

"Я сам, і каго-небудзь яшчэ найму, і закрыю гэтую дзірку. У аднаго гаспадара, я пытаўся. ёсьць шыфэр, бо ў краме яго ж няма. Шыфэр гэты ўжо быў ва ўжытку. Але накрыю хоць і такім, бо дажджы пойдуць — і ў хату зноў пацячэ".

У мінулыя выходныя, апрача штармавога ветру й дажджу, адзначаліся й пажары.

У 9 раёнах Гомельшчыны выяўлена было 18 лясных і травяных пажараў. Паводле афіцыйных зьвестак, іх удалося своечасова выявіць і патушыць.

Усяго з пачатку лета ў рэгіёне зарэгістравана 269 узгараньняў лесу, тарфянікаў і кустоўя на плошчы 125 гектараў.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Страхавыя выплаты не кампэнсуюць стратаў

На Берасьцейшчыне шкода ад стыхіі ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў рублёў. Страхавыя выплаты не кампэнсуюць стратаў.

Моцная навальніца, якая прайшла на выходныя, пакінула без электрычнасьці шэраг рэгіёнаў. Пацярпелі таксама жылыя і гаспадарчыя пабудовы, паведамілі нашаму радыё ў абласным аддзеле МНС:

"Пажараў не было. У Івацэвіцкім раёне зафіксаваны пашкоджаньні дахаў дзевяці жылых дамоў і шасьці сельскагаспадарчых будынкаў. Адбылося таксама адключэньне электраэнэргіі ў Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Кобрынскім раёнах".

Шкода ад ветру для Мілейкаўскага СПК склала каля 25—30 мільёнаў рублёў. Разбураныя ветрам будынкі не былі застрахаваныя, таму ўсе працы праводзяцца за кошт самой гаспадаркі.

У тутэйшай вёсцы Панасавічы пашкоджана больш за 30 пабудоў. Тутэйшая жыхарка ўдакладняе, што дзяржава дапамагла аднавіць дахі толькі на хатах. Свае хлявы многія гаспадары рамантавалі за свой кошт:

"Дамы ўсім адрамантавалі, незалежна ад таго, ці застрахаваны будынак, ці не. Вядома, прыйшлося плаціць напачатку пэўныя сумы грошай. Людзі былі незадаволеныя. Хлявы ўжо мы рамантавалі самастойна".
XS
SM
MD
LG