Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завяршылася ўступная кампанія ў ВНУ. Тыдзень таму адбылося залічэньне на бюджэтныя аддзяленьні, а сёньня цалкам сфармаваныя сьпісы студэнтаў на платнае навучаньне. Калі на прэстыжныя факультэты бюджэтных плыняў конкурс быў вельмі высокі (даходзіў да 360 балаў), то на платныя аддзяленьні часта бралі ўсіх, хто падаў дакумэнты.


У Белдзяржунівэрсытэт на бюджэт залічана 2093 студэнты, 2134 студэнты будуць вучыцца на платнай аснове. З агульнай колькасьці тых, хто паступіў, 811 (48%) маюць сумарны бал, вышэйшы за 300. Каб стаць студэнтам факультэту міжнародных адносінаў, трэба было набраць на бюджэтнае аддзяленьне 360 балаў, на юрфак — 348 балаў, на спэцыяльнасьць "кампутарная бясьпека" — 340, на актуарную матэматыку — 338 балаў. Каб вучыцца на платнай аснове, прахадныя балы маглі быць на 100—150 пунктаў ніжэйшыя. Іншымі словамі, за грошы студэнтам можа стаць амаль кожны ахвотны. Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў кажа:

"Кожны год падае ўзровень і выпускнікоў сярэдняй школы, і выпускнікоў вышэйшай школы. Мне дэкан факультэту прыкладной
Кожны год падае ўзровень і выпускнікоў сярэдняй школы, і выпускнікоў вышэйшай школы.
матэматыкі скардзіўся, што ён студэнтаў на першым курсе вучыць матэматыцы, падкрэсьліваю — асновам матэматыкі ва ўнівэрсытэце, уяўляеце? Натуральна, ёсьць дзеці-самародкі, ёсьць вельмі таленавітыя дзеці, такіх невялікая колькасьць. Яны пасьпяхова скончаць унівэрсытэт. Але гэтыя выпускнікі надоўга тут не затрымаюцца. Яны зьедуць за мяжу, і гэта тэндэнцыя".

А вось на тую ж матэматыку і фізыку ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце наагул конкурсу не было. Узялі ўсіх, хто падаў заявы. Летась на матэматыку можна было паступіць, набраўшы 103 балы, на фізыку — 87 балаў. На іншыя факультэты на бюджэт сёлета можна было лёгка прайсьці ў сярэднім са 150 баламі. На платнае аддзяленьне тут конкурсу не было на ніводным факультэце, за выключэньнем спэцыялізацыяў "лягапэд" (156 балаў) і "практычная псыхалёгія" (254 балы).

Атрымліваецца замкнёнае кола: нізкія балы — цяжкасьці ў навучаньні, нізкі ўзровень падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. А потым слабыя пэдагогі будуць рыхтаваць слабых вучняў...

Уражвае розьніца паміж прахаднымі баламі бюджэтнікаў і платнікаў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Каб стаць студэнтам-бюджэтнікам перакладніцкага факультэту са спэцыялізацыяй "ангельская мова", трэба было набраць 355 балаў, на платнае аддзяленьне хапіла і 135 балаў. Розьніца — у 220 балаў! Суадносіны паміж бюджэтнікамі і платнікамі са спэцыялізацыяй "нямецкая мова" — 347 і 173, "міжкультурныя камунікацыі" — 342 і 154, "кампутарная лінгвістыка"— 306 і 144.

Дацэнт, загадчыца катэдры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ня стрымлівае эмоцый:
Гэта ж дуб'ё, дуб дубам сядзяць, а дыплёмы потым атрымоўваюць.


"Зараз жа ў нас усеагульная вышэйшая адукацыя. Бяруць усіх. Летась узялі ўсіх, хто падаў дакумэнты, уяўляеце? І потым нам іх вучыць. Гэта ж дуб'ё, дуб дубам сядзяць, а дыплёмы потым атрымоўваюць".

Карэспандэнтка: "А як жа яны сэсіі здаюць?"

"А ў нас ёсьць такія групы адмысловыя — групы выроўніваньня. Я іх называю "групы ЗПР". Таму што яны прыходзяць "на нулі". Іх трэба за першы сэмэстар падагнаць да ўзроўню астатніх. А астатнія ўжо далёка наперад прасунуліся! Наша адукацыя зараз — "nothing", як кажуць ангельцы. Нішто".

Такім чынам, атрымліваецца, што паступіць у ВНУ, а потым і атрымаць дыплёмы могуць усе, хто здаў цэнтралізаванае тэставаньне. Няважна, на якія мізэрныя балы. Галоўнае, каб бацькі гатовыя былі заплаціць за адукацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG