Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залесьсю абяцаюць хуткую рэстаўрацыю сядзібы Агінскага


Мястэчка Залесьсе на Смаргоншчыне, дзе месьціцца сядзіба кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага, адзначыла 320-годзьдзе ад моманту першага ўзгадваньня.


Юбілейную нагоду арганізатары фэсту «Залесьсе запрашае сяброў» скарысталі дзеля таго, каб чарговым разам нагадаць: маёнтак мае патрэбу ў тэрміновай рэстаўрацыі, бо празь некалькі гадоў разбурыцца і тое нямногае, што захавалася.

У Залесьсі створаная ініцыятыўная група зь ліку прадстаўнікоў мясцовай улады, работнікаў культуры, прадпрымальнікаў. Неабыякавыя грамадзяне прыйшлі да высновы: галоўным прыярытэтам павінна стаць гісторыка-культурнае адраджэньне мястэчка. Балазе, падмурак для культывацыі турызму ёсьць — сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, якая адносна пасьпяхова перажыла шматлікія спробы перапрафіляваць яе ў стайню, склады, гаспадарчыя пабудовы. Аднак будынак памалу занепадае, і калі надалей ігнараваць ягоны стан, які, то ў пэрспэктыве давядзецца ўкладаць у аднаўленьне нашмат больш, чым хапіла б зараз.



Між тым цікавасьць да гістарычнай мясьціны выяўляюць ня толькі ў Беларусі. На юбілей Залесься прыехалі госьці з Польшчы, Літвы, Латвіі. Нараджэнец Беларусі Станіслаў Кляпацкі цяпер працуе намесьнікам старшыні спорткамітэту ў літоўскіх Троках. І можа шмат расказаць пра тое, як са зруйнаванага замку літоўцы стварылі аб’ект міжнароднага паломніцтва:

«Я вельмі рады, што мяне запрасілі на гэты юбілей. Канечне, я ня памятаю, што было тут 320 гадоў таму, але я рэальна бачу, што сядзіба гэтая не забытая. І, як выказалі спадзяваньне прадстаўнікі аргкамітэту, у наступным годзе тут нарэшце пачнуцца рэстаўрацыйныя працы. Гэта вельмі прыемна, таму што нельга забыць гэтую гістарычную мясьціну».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык пасьля заканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў зьбіраецца вярнуцца на радзіму. Пакуль жа, як можа, лабіруе пачатак аднаўленчых працаў у маёнтку Агінскага:

«Вельмі хвалююся, у чарговы раз наведаўшы гэты цудоўны куток нашай краіны. Гэта мая радзіма, тут я нарадзіўся, тут я вырас, тут я стаў сталым чалавекам. Праз два гады я буду на сваёй радзіме, буду ў сваім родным Залесьсі дажываць свой век. Павінен сказаць: я не чакаў, што столькі зьедзецца гасьцей на гэтае сьвята. Добра, што нашы сустрэчы набываюць міжнародны характар. Да нас у госьці завіталі сябры з Польшчы, Літвы, Латвіі. А гэта сьведчаньне таго, што залеская зямля прыцягвае многіх. Бо тут зусім па-іншаму дыхаецца».

Ведаючы, што аднымі прамовамі праблему ня вырашыш, залесцы скарысталі юбілей, каб прадэманстраваць свае таленты. Былі наладжаныя выставы рамёстваў, працавалі імправізаваныя падворкі, дзе ўсе ахвотныя маглі ацаніць кулінарныя здольнасьці мясцовых гаспадыняў. На сцэне, усталяванай ля старога млына, гучэлі беларускія, польскія, латыскія сьпевы.

Наведнікаў фэсту, здаецца, было нашмат больш, чым жыхароў Залесься. Раз-пораз сустракаліся знаёмыя твары. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Тамковіч якраз на рэабілітацыі ў санаторыі «Вяжуці». Кажа, што адміністрацыя наладзіла калектыўны выезд на мерапрыемства. У Залесьсі Аляксандар Тамковіч упершыню, вось якія ўражаньні:

«Уражаньні вельмі добрыя, але сумна ад таго, што тут нарабілі тыя, хто быў да нас — я маю на ўвазе апошнія 50 гадоў. Тыя, хто зрабіў зь сядзібы Агінскага, зь некалі такога цудоўнага архітэктурнага комплексу, машынна-трактарны стан, а потым дом састарэлых. Нічога падобнага не маглі зрабіць самі, умелі толькі руйнаваць. Але тое, што мы бачым, гэта яшчэ ня самы горшы варыянт. Ёсьць куды больш сумныя відовішчы. Дзякуй Богу, хоць на дах хапіла грошай, дык яшчэ захавалі ўнутраныя памяшканьні ў больш-менш прыстойным выглядзе. Але гэта заслуга яшчэ тых уладаў, якія былі да галоўнага гісторыка, які сёньня кіруе беларускай гісторыяй».

Старшыня камісіі па справах ЮНЭСКО ў Беларусі Ўладзімер Шчасны — аўтар п’есы «Фантазія ля-мінор», прысьвечанай Міхалу Клеафасу Агінскаму. Некалькі гадоў таму ў пастаноўцы Маладэчанскага абласного драмтэатру яе сыгралі ў адным з памяшканьняў сядзібы. Спадар Шчасны верыць, што да 2015 году, калі будзе адзначацца 250-гадовы юбілей Агінскага, Залесьсе будзе мець нашмат больш прывабны выгляд:

«Зараз дзяржава трошкі, так бы мовіць, ачуняе ад Мірскага замку, ад Нясьвіскага замку, паколькі ўсе сродкі ідуць перадусім туды. І тады можна будзе зьвярнуць увагу і на гэты аб’ект. Проста патрэбен час. І дзякуй Богу, што такі час „Ч“ ёсьць — гэта 2015 год, калі споўніцца 250 год з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага».

Карэспандэнт: «І вы лічыце, што за 5 гадоў тут нешта рэальна аднавіць?»

«Я думаю, што абсалютна рэальна. Гэта ж не з нуля будзе, як дом Касьцюшкі, напрыклад, дзе з нуля падмурак адкопвалі. Тут усе сьцены ёсьць, яны абсалютна ў тым жа выглядзе, як былі пры жыцьці Агінскага. Проста трэба зрабіць нармальную, я б нават не сказаў „рэстаўрацыю“, а рамонт. Зрабіць нармальную экспазыцыю. А адпаведная аўра тут заўсёды была».

XS
SM
MD
LG