Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскі раённы суд спыніў працэдуру падрыхтоўкі да разгляду скаргі выдаўца незалежнай крычаўскай газэты "Вольны горад" Уладзімера Кудраўцава.

Журналіст скардзіўся на міліцыянтаў, якія сканфіскавалі апошні нумар яго выданьня. Судзьдзя Антаніна Качанава запатрабавала, каб скаржнік засьведчыў у міліцыі копію міліцэйскага пратаколу і пацьвердзіў, што газэта "Вольны горад" існуе ў Крычаве і што менавіта ён яе выдавец.

Уладзімер Кудраўцаў лічыць, што патрабаваньні судзьдзі — гэта сьведчаньне таго, што яна ня хоча, каб пазоў наагул разглядаўся.

"У міліцыянтаў няма доказаў нашай віны. Акрамя пратаколу агляду месца адміністрацыйнага правапарушэньня яны больш нічога не складалі. Няма нават пратаколу канфіскацыі газэт. Супраць мяне няма ані адміністрацыйнага, ані крымінальнага перасьледу. Яны проста скралі газэты. Дагэтуль нам не адказалі з аддзелу міліцыі, куды іх адправілі. У тэлефоннай гутарцы кажуць — на экспэртызу, аднак пісьмовага пацьверджаньня няма. Судзьдзя шукае фармальныя падставы, каб не разглядаць пазову. Наагул цікава будзе, як у міліцыі будуць зацьвярджаць копію свайго пратаколу. Раней такіх патрабаваньняў не было",-- зазначае Ўладзімер Кудраўцаў.

Уладзімер Кудраўцаў зьвярнуўся ў суд, каб спагнаць з раённага аддзелу ўнутраных спраў 5 мільёнаў рублёў за парушэньне асабістых немаёмасных правоў, замацаваных у Канстытуцыі: права на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, права на распаўсюджваньне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі.

Раней пракуратура Крычаўскага раёну не знайшла падстаў для крымінальнага перасьледу супрацоўнікаў мясцовай міліцыі. Уладзімер Кудраўцаў вінаваціў трох міліцыянтаў у крадзяжы 297 асобнікаў свайго выданьня і перашкодзе прафэсійнай дзейнасьці журналістаў.

Міліцыянты канфіскавалі газэту, затрымаўшы кур’ера зь ёю 9 чэрвеня.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм расейскай тэлекампаніі "Хросны Бацька".

Недзяржаўная газэта "Вольны горад" друкуецца ў Смаленску. Выданьне не зарэгістраванае. Паводле беларускага заканадаўства, у такім статусе газэта павінна выходзіць накладам, ня большым за 299 асобнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG