Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лябедзька: "Супольную пазыцыю выпрацаваць і падпісаць"


У менскай сядзібе БНФ адбылося пасяджэньне прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, на якой абмеркавана агульная стратэгія і сумесны плян дзеяньняў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі тыя, хто папярэдне сустракаўся ў Вільні —Уладзімер Някляеў, Сяргей Калякін, Аляксей Янукевіч, Анатоль Ляўковіч, прадстаўнік аргкамітэту дзеля стварэньня БХД, прадстаўнік кандыдата ад партыі "Зялёныя" Юр'я Глушакова, а таксама прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэньні Партыі працы і жаночай партыі "Надзея". Не было сярод удзельнікаў Алеся Міхалевіча і прадстаўнікоў руху "За свабоду". Старшыня АГП Анатоль Лябедзька распавёў:

"Дамовіліся да 12 жніўня выпрацаваць супольную пазыцыю і пісьмова зафіксаваць яе як супольнае рашэньне тых, хто хоча працаваць разам падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Тыя, хто падпісваецца пад гэтым, тыя працуюць разам. Астатнія, калі яны не падпісаліся, відаць, азначае, што яны ствараюць іншую кааліцыйную супольнасьць".

Таксама ўдзельнікі пасяджэньня абмеркавалі пытаньне кропкавых санкцый Эўразьвязу, якое будзе разглядацца ў кастрычніку.

"Лягічна, каб палітычная апазыцыя Беларусі выпрацавала тут свой падыход. Нам патрэбнае агульнае пасланьне для Брусэлю аб тым, што на сёньня няма ніякіх падстаў для адмены санкцый ці папярэдняга рашэньня аб замарожваньні гэтага пытаньня. Гэта важна. Лічу недарэчным, каб гэтыя санкцыі былі цалкам адмененыя ў кастрычніку перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Гэта была б параза дэмакратычных сілаў Беларусі і гэта было б недальнабачным рашэньнем Брусэлю. Мы павінны такі супольны дакумэнт накіраваць у амбасады і ў Брусэль як пазыцыю дэмсілаў Беларусі. Цягам двух-трох дзён такі дакумэнт будзе падрыхтаваны і прапанаваны для падпісаньня ўсім палітычным суб'ектам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG