Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан асудзіла забойства лекараў у Аўганістане


Дзяржаўная сакратарка ЗША Гілары Клінтан выпусьціла сёньня заяву, у якой назвала забойства на мінулым тыдні 10 мэдыкаў у Аўганістане “брыдкім актам бессэнсоўнага гвалту”.

Тым часам аўганскія ўлады расьсьледуюць абставіны гібелі дзесяці супрацоўнікаў міжнароднай мэдычнай гуманітарнай місіі. Загінулі шэсьць амэрыканцаў, брытанец, грамадзянін Нямеччыны і два аўганцы. У ліку ахвяраў – тры жанчыны, а таксама амэрыканскі лекар, які прапрацаваў у Аўганістане 30 гадоў. Усе яны былі забітыя ў правінцыі Бадахшан – пры нападзе талібаў, якія абвінавацілі лекараў у шпіянажы на карысьць ЗША і місіянэрскай дзейнасьці. Мэдыкі працавалі пад эгідай Міжнароднай місіі дапамогі, якая называе сябе хрысьціянскай няўрадавай арганізацыяй і працуе ў Аўганістане з паловы 60-х гадоў.

У сувязі з гэтай трагедыяй прадстаўнік камандаваньня міжнародных сілаў генэрал Ёзэф Блоц заявіў:

“З пункту гледжаньня міжнародных сілаў у Аўганістане гэта вельмі, вельмі трагічны інцыдэнт. Мы асуджаем гвалт, які прывёў да гэтага трагічнага здарэньня. Я думаю, што гэта яшчэ адна нагода для таго, каб каардынаваць намаганьні ўсіх структураў, але бясьпека на дарогах у правінцыях Нурыстан і Бадахшан – справа перш за ўсё аўганскіх уладаў”.
XS
SM
MD
LG