Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праваабаронцы Валерыя Шчукіна й актывіста грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Віктара Калесьніка супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі канфіскавалі буклеты, прысьвечаныя правам жанчын. Паводле Валера Шчукіна міліцыянты склалі пратакол незаконнай перавозкі друкаванай прадукцыі. Буклеты застануцца ў міліцыі, зазначае праваабаронца, да суду, які мае вызначыць, што зь імі рабіць далей.

Колькі ўсяго канфіскавалі буклетаў, Валер Шчукін ня кажа, зазначае толькі, што міліцыянты забралі ўсё, што было ў машыне. Буклеты вырабленыя грамадзянскай кампаніяй «Наш дом».

У Ленінскім аддзеле міліцыі Шчукін і Калесьнік прабылі чатыры гадзіны. Іх затрымалі ў Магілёве на вуліцы Ленінскай.

Шчукін: «Паводзілі міліцыянты сябе карэктна, аднак я на іх усё адно напісаў скаргу. Нас пратрымалі чатыры гадзіны замест трох. Не далі мне копіі пратаколу правапарушэньня, а таксама не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Я доўга дамагаўся, каб мяне азнаёмілі з пратаколам канфіскацыі. На ўсе мае патрабаваньні мне адказвалі, што не паложана».

Дату суду актывістам паведамяць пазьней.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG