Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Аўрамчык: “Толькі амэрыканская тушонка”


Мікола Аўрамчык

Мікола Аўрамчык

Знакамітыя савецкія «Кацюшы» ў вайну езьдзілі на амэрыканскіх машынах, а ваяваць даводзілася безь вінтоўкі. У фашысцкім палоне часам давалі мармэляд, а рурскі шахцёр карміў савецкага палоннага бутэрбродамі і рагатаў. Пасьля вызваленьня быў адзіны шлях — на бальшавіцкую катаргу. Найстарэйшы беларускі пісьменьнік Мікола Аўрамчык узгадвае вайну ў перадачы «Вольная студыя».


Багдан Арлоў: «Малады паэт Мікола Аўрамчык рыхтаваўся да выніковага заліку за трэці курс пэдагагічнага інстытуту, калі пачуў па радыё выступленьне сталінскага намесьніка Молатава. Літаратурныя пляны маладога хлопца парушыла вайна. Менск пачалі бамбіць».

Мікола Аўрамчык: «Зачапіўшы ўвесь горад, ляцелі яны з паўднёвага захаду і проста кідалі-сеялі бомбы, беспрыцэльна. Бомбы ў дамы траплялі, трамвайныя рэйкі ўскоквалі, як струна парваная. Як пачалі самалёты налятаць, то мы ў бамбасховішчы хаваліся ў Менску. У цэнтры гораду было два бамбасховішчы: адно пад цяперашнім КДБ, другое пад карціннай галерэяй на вуліцы Карла Маркса».



Арлоў: «Даволі хутка Мікола Аўрамчык кінуўся ўцякаць ад немцаў, якія імкліва наступалі на ўсход. Думаў па дарозе забегчы ў родную вёску Плёсы ля Бабруйску, але горад быў ужо заняты немцамі, таму ад гэтай ідэі ён адмовіўся. Ліст да родных Мікола пакінуў па дарозе ў іншай вёсцы, адкуль была яго каханая дзяўчына.

Урэшце ўцёкі ва ўсходнім кірунку прывялі хлопца ў савецкае войска. Пасьля курсу маладога байца Мікола Аўрамчык трапіў у вайсковую частку ў ваколіцах возера Ільмень, што на Наўгародчыне. Там стаялі знакамітыя «Кацюшы».

Аўрамчык: «Я трапіў на „Кацюшы“ як наводчык 37-мілімэтровай скарастрэльнай зэнітнай гарматы. Гэтыя гарматы павінны былі на маршах і на стаянках ахоўваць „Кацюшы“ ад налётаў варожай авіяцыі. Калі мяне туды прыслалі, то аказалася, што там няма гэтых гарматаў наогул. І я трапіў ва ўзвод боезабесьпячэньня. Фактычна да палону я на фронце ня бачыў немцаў блізка. „Кацюшы“ былі 30-40 кілямэтраў ад перадавой, у нас пастаянная стаянка там, а як толькі трэба залпы рабіць, то мы „выляталі“ бліжэй да перадавой. Толькі самалёты нямецкія бачыў».

Арлоў: «Сваёй вінтоўкі баец Аўрамчык так і не дачакаўся — са зброі ў шарагоўцаў былі толькі гранаты. Ахоўваючы „Кацюшы“, давялося паспаць у вялізных скрынях з-пад снарадаў».

Аўрамчык: «Абмундзіраваньне было: шапка-вушанка, нацельная бялізна цёплая, кухвайкі, штаны падшываныя і паўкажухі. Але пры такой добрай экіпіроўцы ў нас, у абслугі „Кацюшаў“, не было вінтовак. У афіцэраў былі пісталеты ТТ і аўтаматы, а ў нас гранаты былі толькі — РГД і „лімонка“ Ф-1. Праўда, гранатаў гэтых было колькі ўлезе. Гэта нават сьмешнавата трохі — часьць цэлая безь вінтовак. Адзін дзень аб’явілі трывогу, што танкі прарваліся нямецкія. І камандзір дывізіёна прынёс мне супрацьтанкавае ружжо. Я першы раз у жыцьці ружжо тое бачыў! Як ім карыстацца? А ён таксама ня ведае. Мы заляглі, але апынулася, што гэта была ілжывая трывога, ніякія танкі не прарываліся. І тое ружжо зноў у мяне забралі, так што я фактычна быў з гранатамі толькі».

Мікола Аўрамчык ля роднай хаты ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне.



Арлоў: «Устаноўкі баявой рэактыўнай артылерыі, да якіх прыляпілася назва „Кацюшы“, сталі фактычна сымбалем савецкай арміі. Аднак мала дзе згадваецца, што ставіліся яны на амэрыканскія машыны».

Аўрамчык: «Вось дзьве рэчы, пра якія ў нас замоўчваюць альбо часамі ня хочуць гаварыць. „Кацюшы“ ў нас былі на амэрыканскіх машынах „Studebaker“. Гэта магутная машына! Здараліся выпадкі, што трэба было са сьнегу іншую машыну выбіць, дык „Studebaker“ выбіваў. І навалам — амэрыканская тушонка. Толькі амэрыканская тушонка была! У акружэньнях, праўда, ужо і сухароў нават не было».

Арлоў: «Нягледзячы на тое, што немцаў зблізку Мікола Аўрамчык пабачыў толькі ў палоне, вайсковае жыцьцё было суворым».

Аўрамчык: «Расстрэльвалі санітараў. Трыбунал судзіў. І мой камандзір паклікаў мяне:
Калі хочаш, ідзі глядзі: зараз будуць расстрэльваць за марадэрства.


— Баец Аўрамчык! Ка мне! Калі хочаш, ідзі глядзі: зараз будуць расстрэльваць за марадэрства.

Але я не глядзеў, адышоў адразу. Гэты санбат побач з намі быў пастаянна. А з правага боку стаяла машына. Дзіўная аўтамашына! Увесь кузаў абабіты дошкамі, а ў ёй — лейтэнант і шафёр. Аказалася, што там мяшкі ордэнаў і мэдалёў — нямецкіх і нашых, якія недзе зьбіраліся ў гэтую машыну».

Арлоў: «Мікола Аўрамчык фактычна ня ўдзельнічаў у сапраўдных баях, хаця нямецкія дывэрсанты часам змушалі пахвалявацца».

Аўрамчык: «Аднойчы вечарам мінамёт б’е. Па нас, па „Кацюшах“! Тут паніка! Што рабіць, што рабіць? Але ня міна за мінай, а недзе адзін стрэл, праз хвілінаў пяць — другі стрэл. Аказалася, што гэта прабраліся ў тыл нямецкі лейтэнант з нашым — рускім ці беларусам, ня ведаю — паніку рабіць. Таго захапілі, нашага. А немец уцёк».

Арлоў: «У 1942 годзе армія, у складзе якой ваяваў Аўрамчык, трапіла ў акружэньне. Немцы разразалі злучэньні праціўніка і бралі палонных. Сталася так, што яго захапілі хаўрусьнікі Гітлера — гішпанцы, уцячы ад якіх, паводле словаў Міколы Аўрамчыка, было зусім лёгка».

Аўрамчык: «Падышоў нейкі грузавік, набіралі людзей некуды ехаць. І павезьлі секчы капусту на калгаснае поле. І там я вельмі запраста ўцёк.
Павезьлі секчы капусту на калгаснае поле. І там я вельмі запраста ўцёк.
Іспанцы ня вельмі нас і сьцераглі, увесь час балбаталі толькі. Ня ведаю, можа і акрамя мяне хто тады ўцёк».

Арлоў: «Пасьля ўцёкаў з капуснага поля Мікола празь нейкі час выйшаў на бераг возера, у нейкі момант пад нагой трэснула галінка, гэта пачулі нямецкія салдаты. Ад іх уцячы было нашмат больш складана. Міколу Аўрамчыка чакаў сьмяротны лёс — вытрымаць працу ў каменнавугальных шахтах нямецкага Руру было б амаль немагчыма нават для маладога арганізму».

Аўрамчык: «Я лічыў, што загінуў, што адтуль ужо ніяк ня выберуся, з гэтага падзямельля. Нам што давалі за кармёжку ў лягеры шахцёрскім? Міска супу — альбо з сушанай бручкі, альбо са шпінату — і адзін раз у дзень чацьвярцінка хлебнай буханкі, гэта, відаць, грамаў 300. Часамі давалі вялізны гузік мармэляду нейкага. З такім харчаваньнем ня дзіва, што з шахты вывозілі штомесяц чалавек 40 канчаткова зьнясіленых у лягер сьмерці».

Арлоў: «Міколу выратаваў лёс і яго маладосьць. Немцу, які сачыў за столямі ў шахтах, спатрэбіўся памочнік, якога ахоўнікі дазволілі выбраць з палонных. На вочы патрапіўся малады Мікола. Праца зь нямецкім шахцёрам-мацавальшчыкам была цярпімай і дала шанец Аўрамчыку вярнуцца дадому жывым. У зносінах яму дапамагала нямецкая мова, якой Мікола так-сяк валодаў».

Аўрамчык: «Мы ўдваіх фактычна, немец і я. Больш нікога няма. Калі я ўбачыў, што ён робіць для мяне, што ён мне прыносіць бутэрброды — хлеб з салам перакладзены — дык я тады пачаў трохі гаварыць зь ім. Але гэта было так сьмешна, што ён рагатаў і за жывот хапаўся. Ну як карыстацца нямецкай мовай, ня ведаючы ні правілаў пабудовы сказа, ні артыкляў? Я проста на беларускі лад гаварыў нямецкімі словамі. Яго клікалі Паўль Бадэр, але я ў рамане пасьля замяніў прозьвішча. І шкадую цяпер, што замяніў».

Арлоў: «У палоне Мікола Аўрамчык захварэў на малярыю, але яго вылекавалі ў шпіталі. А ў красавіку 1945 году ў Рур прыйшлі ангельцы. Пасьля вызваленьня былыя палонныя каля месяца знаходзіліся ў разьмяшчэньні брытанскіх войскаў, а пасьля настаў час вяртацца на радзіму».

Друкарская машынка Міколы Аўрамчыка.



Аўрамчык: «Недалёка ад Бэрліну ёсьць горад Пархім. У ваколіцах гэтага гораду нас далучылі да 49-й арміі Грышына, і з гэтай арміяй мы пешкі ішлі ў Савецкі Саюз. За дзень праходзілі недзе кілямэтраў 45-50. Як з калоды картаў вымаюць карты-малоткі — так і ўсіх нас, палонных, у Беластоку выцягнулі ды сфармавалі страйбаты, якія накіроўвалі адразу ў Сыбір, на Ўрал. Туды, дзе была патрэбная працоўная сіла. Мой страйбат трапіў у Данбас».

Арлоў: «Так атрымалася, што зь нямецкага палону ў Руры Мікола Аўрамчык адразу трапіў на прымусовыя працы ў Данбас. Ці ўдалося яму перадаць вестку родным, калі цягнік ехаў праз Бабруйск? Пра бальшавіцкую катаргу Міколы Аўрамчыка і яго стасункі з КДБ — у наступнай перадачы».

Мікола Аўрамчык — беларускі паэт, пісьменьнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне. Аўтар шматлікіх кнігаў паэзіі і некалькіх раманаў. Разам зь Нілам Гілевічам стварыў знакамітую паэму «Сказ пра Лысую гару».
XS
SM
MD
LG