Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: міліцыянты сканфіскавалі газэту аргкамітэту БХД “Крыніца”


На аўтавакзале ў Горадні міліцыянты затрымалі сёньня Міколу Баўсюка — каардынатара аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі па Гарадзенскай вобласьці. Яны патлумачылі, што «паступіў сыгнал», на які яны «павінны рэагаваць».

Міколу Баўсюка даставілі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе ў яго сканфіскавалі каля ста асобнікаў газэты «Крыніца», каля сямідзесяці праграмаў старшыні аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага, які выказаў жаданьне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама некалькі дзясяткаў блянкаў для збору подпісаў аб перадачы каталікам былога кляштару ў Менску. Міліцыянты склалі пратакол канфіскацыі друкаванай прадукцыі, сказалі, што адбудзецца дзесяцідзённая праверка і адпусьцілі спадара Баўсюка.

Мікола Баўсюк хацеў распаўсюдзіць «Крыніцу» на сходзе абласной кааліцыі Аб’яднаных сілаў, што адбываецца ў нядзелю ў Горадні. Ён кажа, што ў аўтобусе, якім ехаў зь Менску, калі складаў нумар зь некалькіх старонак, у яго склалася ўражаньне, што нехта гэта бачыў і патэлефанаваў у міліцыю. Іншага тлумачэньня, чаму і як яго маглі затрымаць на аўтавакзале, у яго няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG