Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць 13-ы турнір па футболе памяці Генадзя Карпенкі


Генадзь Карпенка

Генадзь Карпенка

7 жніўня ў Менску, на поле БДАТУ на вуліцы Натуралістаў, праходзіць 13-ы турнір па футболе «Кубак Свабоды» памяці палітыка Генадзя Карпенкі.

Сёлета ўдзел у турніры бяруць шэсьць каманд — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Партыі БНФ, руху «За Свабоду», Беларускай асацыяцыі журналістаў і аргкамітэта партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Апошняя зьяўляецца дэбютантам турніру.

Удзельнікі каманд пасьля лёсаваньня былі разьдзелены на дзьве падгрупы, у якіх адбудуцца кругавыя міні-турніры. Аўтсайдэры груп на гэтым спаборніцтва закончаць. А зборныя, якія зоймуць у групах першае і другое месцы, правядуць паўфіналы. Пераможцы пар арганізуюць фінальны дуэт.

Дзейным уладальнікам «Кубка Свабоды» зьяўляецца каманда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».

За час правядзеньня турніру памяці Карпенкі чатыры разы ўладальнікам галоўнага трафэю станавілася зборная журналістаў. Акрамя таго, тройчы турнір выйгравала каманда АГП, тройчы — зборная Партыі БНФ, па адным разе — зборныя фонду імя Карпенкі і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1999 году. Дагэтуль падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка турнір назвалі яго імем.

Сёлета з дня сьмерці віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савета, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук прафэсара Генадзя Карпенкі споўнілася 11 гадоў. Ён памёр 6 красавіка 1999 году ва ўзросьце 49 гадоў, праз тыдзень пасьля таго як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG