Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыюмфальнае шэсьце электронных кніг. Міма Беларусі


Паводле прагнозаў гіганта праграмнага забесьпячэньня, амэрыканскай кампаніі Microsoft, да 2020 году 90% усіх тэкстаў будзе прадавацца ў электронным выглядзе, а разам з пэрсанальным кампутарам адным са спосабаў прагляду інфармацыі будзе электронная кніга, якая ўжо пачала трыюмфальнае шэсьце па сьвеце. Ці апанавалі «рыдэры» Беларусь? Ці назіраецца ажыятажны попыт на «кішэнныя бібліятэкі»?

У бальшыні беларускіх інтэрнэт-крамаў зараз можна знайсьці адмысловы разьдзел, які рэклямуе прыстасаваньні для чытаньня — так званыя электронныя кнігі. Яшчэ год-два таму набыць навінку было праблематычна, даводзілася рабіць замовы праз Кіеў ці Маскву. Цяпер прапануецца прадукцыя больш чым двух дзясяткаў вытворцаў, кошты стартуюць ад 250 даляраў і заканчваюцца на адзнацы ў 3-4 разы вышэйшай. У адной з крамаў параілі, на чым лепш спыніць свой выбар:

«Я б рэкамэндавала LBook eReader V3. Каштуе 315 даляраў па курсе. Таксама можна спыніцца на іншай хадавой мадэлі — PocketBook 360, тут ёсьць абсалютна ўсё, апроч інтэрнэту і тэлефона. Гэта чыстае прыстасаваньне для чытаньня. Экраны ўва ўсіх выпадках — манахромныя».

Першыя электронныя кнігі зьявіліся пры канцы 1990-х. Тады яны не знайшлі масавага карыстальніка: выяваздольнасьць пакідала жадаць лепшага, час аўтаномнай працы быў мінімальны, не было падсьвятленьня, марудна «прамалёўваўся» экран. Прарыў у галіне прыпадае на 2007-ы, калі зьявіліся экраны з тэхналёгіяй «электроннай паперы». Навінка распрацоўвалася пад імітацыю звычайнага чарніла на паперы: сьветла-шэры фон, чорныя літары і адсутнасьць сьвячэньня. Адрозна ад вадкакрышталёвых манітораў, карцінка фармуецца ў адлюстраваным сьвятле, як на звычайнай паперы. Да таго ж энэргія спажываецца толькі ў момант «перагортваньня» старонак, таму зараду батарэі хапае на тысячы аркушаў. Прыкладам, у згаданым ужо LBook eReader — на 10 тысяч старонак, у Sony Book Reader — на 7500.

Адзін з найбольшых плюсоў электроннай кнігі палягае ў тым, што ў адной «чыталцы» можа захоўвацца ледзьве не палова Нацыянальнай бібліятэкі. Акрамя таго, электронная кніжка сама памятае, на якой старонцы вы спыніліся. Існуе магчымасьць ствараць герархічныя структуры захаваных кніг такім чынам, каб хутка знайсьці патрэбны твор. Экспэрты прагназуюць, што пры цяперашніх тэмпах разьвіцьця тэхналёгіяў ужо праз 10 гадоў набыць папяровы носьбіт інфармацыі будзе складана. З такімі прагнозамі пагаджаюцца і тыя, хто ў такой пэрспэктыве ня надта і зацікаўлены. Вось што кажа прыватны выдавец Зьміцер Колас:

Зьміцер Колас
«Цалкам магчыма. Прынамсі, ёсьць такія падазрэньні, што ўся цывілізацыя зьвядзецца да нанатэхналёгій, і калі зьнікне, то не пакіне пасьля сябе ўвогуле нічога. Ніякага сьледу. Зьнікне, як былая Атлянтыда. Бо ўсе адкіды будуць перапрацоўвацца на 100%, а ўся інфармацыя будзе на электронных носьбітах. І калі лясьне, то ўсё лясьне цалкам».

У Беларусі няма статыстыкі што да хаджэньня электронных кніг. А вось у суседняй Расеі ўпершыню агучылі дынаміку зьменаў у гэтым сэктары рынку. Так, за 2009 год агульны аб’ём продажу рыдэраў склаў блізу 200 тысяч. Нягледзячы на крызіс, ад кварталу да кварталу рост — у разы. Чым прываблівае электронная кніга чытачоў? Існуе ж магчымасьць здабываць інфармацыю праз айфоны, айподы, mp3-прыстасаваньні, нават звычайныя тэлефоны. Вось што мяркуе менскі праграміст Аляксей Сакалоў:

«Так, але гэта зусім розныя рэчы. Найперш, з электроннымі кнігамі адпачываюць вочы — як на звычайнай паперы. Няма ніякай адсьветкі, усё выглядае, як у звычайнай кнізе. Можна зрабіць любы зручны фон — ці жаўтаваты, ці белы, ці як у старой кнізе. Апроч таго, можна запісаць сабе колькі заўгодна кніг. Часьцей за ўсё ў гэтых прыстасаваньняў ёсьць доступ у інтэрнэт. То бок залазіш у інтэрнэт, спампоўваеш неабходную кнігу і — чытаеш. І яшчэ адзін момант: калі паглядзець, колькі купляеш звычайных кніг і колькі грошай на іх траціш, а потым думаеш, куды гэтыя кнігі яшчэ скласьці, то выгода відавочная. Бо выкідаць „жывыя“ кнігі няправільна; можна, вядома, дарыць, але ж хочацца час ад часу нешта перачытаць. Менавіта для гэтага і існуюць электронныя кнігі — запампаваў, колькі захацеў, і чытай хоць усё жыцьцё. Яшчэ і дзецям можна пакінуць».

Казаць пра масавасьць такога захапленьня ў Беларусі не выпадае. Усё ж 300-400 даляраў за электронную кнігу — істотна больш, чым каштуюць іншыя дасягненьні тэхнічнай думкі. Дый электронныя бібліятэкі пакуль ня надта разнастайныя. Бальшыня кніг спампоўваецца па-пірацку, хоць асобныя бібліятэкі ў той жа Расеі ўжо маюць дзяржаўную падтрымку. Дзеля справядлівасьці, усё большая колькасьць выдаўцоў дазваляе разьмяшчаць свае творы ў інтэрнэце, лічачы, што гэта служыць дадатковай рэклямай. Але гэта пераважна расейскія аўтары. Выдавец Зьміцер Колас прызнае, што ў выпадку зь беларускамоўнай літаратурай справы стаяць ня так добра, як у суседзяў:

Яшчэ ня так пашыраны ў беларускага карыстальніка вось гэтыя рыдэры і іншыя прыстасаваньні, каб разьлічваць, што будзе вялікі попыт на такога віду электронныя выданьні.
«Я займаюся беларускамоўнай кніжкай. Улічваючы гэта, яшчэ ня так пашыраны ў беларускага карыстальніка вось гэтыя рыдэры і іншыя прыстасаваньні, каб разьлічваць, што будзе вялікі попыт на такога віду электронныя выданьні. Там жа пэўныя фарматы, якія падтрымліваюцца, і ў гэтых фарматах практычна нічога няма. Але з улікам таго, што ўсё роўна ў кампутары ўсе тэксты „ўбітыя“, яны нікуды не выкідаюцца, перайсьці на электронныя кнігі будзе ня так цяжка».

Карэспандэнт: «Але гэта тычыцца перадусім новых аўтараў, сучасных. Таго, што выдавалася раней, у электронным выглядзе, натуральна, няма…»

«Так, але рэч у тым, што, як мне ўяўляецца, электронную кнігу падрыхтаваць лягчэй, маючы тэкст. Для гэтага павінна быць праграма, якая яго пераганяе са звычайнага рэдактара ў адпаведны фармат. Карацей кажучы, усё гэта ня так цяжка. Быў бы попыт, а перарабіць — гэта даволі хутка».

Экспэрты, аналізуючы вартасьць электронных кніг, кажуць як пра бясспрэчныя плюсы новых тэхналёгіяў, так і мінусы. Такім чынам, перавагі:

  • малы аб’ём, але бязьмежныя магчымасьці захаваньня на электронных і аптычных носьбітах дзясяткаў ці нават соцень тысяч кніг;
  • нізкі кошт распаўсюду, бо аплачваецца толькі аб’ём інфармацыі, перададзены праз кампутарную сетку, альбо сам носьбіт (дыск);
  • на парадак меншы тэрмін вырабу электроннай кнігі параўнальна з папяровай — лічаныя дні ў параўнаньні зь месяцамі;
  • простая і хуткая зьмена гарнітуры і кегля шрыфту;
  • магчымасьць карыстацца кнігай пры нізкім узроўні асьветленасьці;
  • магчымасьць ня толькі прачытаць, але і праслухаць тэкст — у так званых аўдыёкнігах text-to-speech.

Аўдыёкнігі — гэта тэксты, прадстаўленыя ў гукавым выглядзе. Часьцей за ўсё творы начытваюць акторы, у рэдкім выпадку — самі аўтары. 300-350 старонак у сярэднім даюць 10 гадзін гучаньня. У інтэрнэце можна знайсьці самыя розныя жанры і кірункі: сучасная проза, клясыка, фантастыка, фэнтэзі, казкі для дзяцей, кнігі па маркетынгу, псыхалёгіі, бізнэсе і эканоміцы.

І ўсё ж — якія недахопы бачаць спэцыялісты ў электронных кнігах? Вось некаторыя сыстэматызаваныя прэтэнзіі:

  • высокі кошт, што не спрыяе масаваму распаўсюду электронных кніг;
  • адсутнасьць эстэтычнага складніка, які для бальшыні людзей застаецца важным адносна «жывой» кнігі;
  • несумяшчальнасьць старых прыстасаваньняў з новым праграмным забесьпячэньнем;
  • час працы пераноснай электроннай кнігі ад батарэі абмежаваны;
  • складанасьці пераводу ў электронны фармат ілюстраваных папяровых выданьняў — працы па гісторыі мастацтва, фотаальбомы, мапы і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG