Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: “Зроблены сур’ёзны крок”


Прадстаўнікі беларускай апазыцыі зьвярнуліся ў Раду Бясьпекі ААН з просьбай разгледзець на ўзроўні Рады пытаньне палітычных зьнікненьняў у Беларусі і правесьці міжнароднае расьсьледаваньне. У звароце гаворыцца, што праваабаронцы і сваякі зьніклых апанэнтаў дзейных уладаў скарысталі ўсе ўнутраныя, рэгіянальныя і міжнародныя мэханізмы прававой абароны, але безвынікова.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка «не стварыў умоваў для правядзеньня дакладнага і бесстароннага расьсьледаваньня гэтых спраў і блякаваў спробы міжнароднай супольнасьці даведацца праўду пра лёсы зьніклых». Незалежнае расьсьледаваньне грамадзкасьці выявіла датычнасьць да гэтых зьнікненьняў высокіх службовых асобаў.

Аўтары звароту адзначаюць, што справы зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага дагэтуль застаюцца не расьсьледаваныя беларускімі ўладамі. А свой зварот апазыцыянэры і праваабаронцы накіравалі ў Раду Бясьпекі ААН, зважаючы на рэзалюцыю аб стварэньні Міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні забойства былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры ў 2005 годзе і іншых палітычна матываваных забойстваў у Лібане. Зварот ужо накіраваны міністрам замежных спраў сталых сяброў Рады Бясьпекі ААН — Кітаю, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША. Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, будзе цікава пабачыць рэакцыю Расеі. І калі расейскі бок падтрымае правядзеньне такога расьсьледаваньня, то гэта ня будзе шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пра спадзяваньні на Раду Бясьпекі Аляксей Янукевіч сказаў:

«Ня тое, каб было вялікае спадзяваньне на Раду Бясьпекі, але, прынамсі, быў такі прэцэдэнт. І калі Рада Бясьпекі такое пытаньне разглядала, і калі новая хваля грамадзкай увагі ўзьнялася да гэтай справы ў зьвязку з паказам фільмаў „Хросны Бацька“ па расейскіх каналах, мы павінны паспрабаваць прыцягнуць новыя інстытуцыі да расьсьледаваньня палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі. І прыцягнуць чарговы раз увагу міжнароднай супольнасьці да гэтай праблемы».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які таксама падпісаў зварот да Рады Бясьпекі ААН, адзначае, што ў Беларусі сьледчым органам «не даюць магчымасьці свабоды дзеяньняў, каб давесьці справу зьніклых да канца».

Калі на месцы ня хочуць гэтым займацца, мы просім стварыць міжнародную камісію.
«Прайшло 10 і 11 гадоў, як людзі зьніклі, а справа зь месца і ня рухаецца. Тут нешта абяцаюць, справы нібыта не закрытыя, але ж ніхто і не праводзіць актыўных дзеяньняў, каб разабрацца і высьветліць, хто вінаваты. Час жа паставіць кропку ў гэтых справах. Хто вінаваты — няхай адказвае. Калі на месцы ня хочуць гэтым займацца, мы просім стварыць міжнародную камісію — няхай яна разгледзіць аб’ектыўна, незалежна ні ад чаго. Я лічу, што зроблены сур’ёзны крок».

Праваабаронца Алег Воўчак адзначае, што ў фільмах «Хросны бацька» гаварылася пра датычнасьць вышэйшых службовых асобаў да зьнікненьняў у Беларусі.

«Гэта год вырашальны, год прэзыдэнцкіх выбараў. І мы лічым, што Лукашэнка не павінен балятавацца, вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, пакуль ня будзе вырашана пытаньне са зьніклымі — мае ён дачыненьне да гэтага ці не. І мы спрабуем падняць гэтае пытаньне на такім высокім узроўні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG