Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У неабходнасьць і эфэктыўнасьць масажу неяк міжволі пачынаеш верыць, усяго толькі пагартаўшы любы прысьвечаны яму дапаможнік. Голыя, лысыя, пакрытыя падазрона густой высыпкай чорных кропак, з атрафіраванымі полавымі органамі істоты, якія нахабна ўсьміхаюцца з ілюстрацый, відавочна патрабуюць тэрміновага мэдыцынскага ўмяшаньня – прынамсі, на пляжы побач з такім чалавекам ніхто не прылёг бы. І піць зь ім віно з адной шклянкі наважыўся б хіба што які-небудзь сьвяты – зь ліку аматараў мыць ногі жабракам і цалавацца з чумнымі.

Цікава, што масаж, вядомы з часоў Гіпакрата, у сярэднявечнай Эўропе трапіў пад царкоўную забарону. Вядома ж, тлумачылася гэта найперш аскетызмам і фаталізмам, які царква на ўсю моц прапагандавала сярод вернікаў, дакранацца адно да аднога ды і да сябе самога бяз дай прычыны лічылася заняткам грахоўным: ад сэансу масажу не заўжды нараджаліся дзеткі, і раб божы ўзмацняўся адно ў целе, але ніяк ня ў духу і веры, масаж быў недапушчальным замахам на божую волю, ня кажучы ўжо пра лячэбны самамасаж, які, відаць, быў у вачах царквы паводле сваёй пачварнасьці чымсьці роўным аўтафэляцыі…

Але, здаецца, матывы такой забароны былі яшчэ і ў тым, што царква сама хацела быць, так бы мовіць, галоўным Масажорам, хацела мець манаполію на масаж ня толькі душы, але і плоці. Прыгадаем бічаваньні і самабічаваньні –
Дакранацца адно да аднога.
гэты масаж з садамазахісцкім падтэкстам, якому з імпэтам аддаваліся апантаныя вернікі, прыгадаем, як, апрануўшыся ў лахманы, масіравалі сябе цапамі, бізунамі і проста дубцамі грэшныя імпэратары і прасьветленыя душагубцы, прыгадаем розныя сэкты, кшталту хлыстоў, і рэлігійныя рухі, кшталту флягелянтаў, а зь імі нямецкую самотніцу Юту фон Шпонгайм, прыгадаем расейскую лазьню, сама ідэя якой, відавочна, паўстала на рэлігійным, праваслаўна-флягелянцкім грунце.

Нічога дзіўнага ў тым, што, напрыклад, у другой палове ХІХ стагодзьдзя ў Расеі нігілісты-атэісты паўсталі супраць гэтай царкоўнай манаполіі – узяць хаця б падзабытага цяпер героя рамана Чарнышэўскага, рэвалюцыянэра Рахметава,
Праз умелыя дотыкі.
які, як вядома, любіў без усялякіх папоўскіх санкцый спаць на цьвіках, што ёсьць клясычным прыкладам аздараўленчага кропачнага самамасажу, а таксама ёгі. У масажных салёнах таго часу, якія паадчыняліся ў Эўропе і Амэрыцы, дама атрымлівала тое, чаго не магла атрымаць у ложку з мужам – праз умелыя дотыкі, наўпрост не зьвязаныя ні зь якім сэксам: пра гэта піша, у прыватнасьці, доктар Купэр у сваім фундамэнтальным двухтомным дасьледаваньні “Гісторыя бізуна”. Also, масаж, як сказалі б пазьней, гэта справа хаця й буржуазная, але аб’ектыўна спрыяльная для рэвалюцыі.

Henry Gray. Anatomy of the Human Body. 1918

Зрэшты, ня ўсе рэлігіі ставіліся да масажу так непрымірэнча; у краінах больш сонечных за Эўропу ён ва ўсе часы быў адным з найважнейшых элемэнтаў культу. Прыхільнікі баканізму, рэлігіі, апісанай Вонэгутам у дасьледаваньні “Калыска для коткі”, маюць рытуал, называны імі “бока-мару”, калі двое вернікаў садзяцца і труцца сваімі голымі пяткамі і ступакамі, напяваючы пры гэтым адмысловае каліпса пра любоў да ўсіх і ўсяго (дарэчы, свае песьні былі і ў флягелянтаў – рэлігійны масаж натхняе на сьпевы). Нічога дзіўнага: паводле сыстэмы знакамітага японскага масажу шыацу, на ступаку ажно пяць біялягічна актыўных кропак, узьдзеяньне на якія здымае боль у нагах, стому, вяртае бадзёрасьць, аднаўляе сілы.

Толькі ўмоўна можна сказаць, што масаж – самая бясьпечная зь існых аздараўленчых і лячэбных мэтодык. З рук няўмелага масажыста можна выйсьці калекам. Невядома, што раптам стрэльне ў галаве чалавека, які, ціскаючы цябе, натрапіць
Можна выйсьці калекам.
на твой прадаўгаваты мозг – яго вобласьць знаходзіцца каля патыліцы. Гэты важны орган адказвае і за сэрца, і за мазгі, і за дыханьне: атрымаўшы ў гэтую кропку іголкай, жывёла меншых за чалавека памераў, кшталту сабакі ці коткі, памірае, а чалавек калі не памрэ, дык страціць прытомнасьць ці пакалечыцца. Менавіта ў гэтую кропку на шыі быка цэляць забойцы-тарэра, калі хочуць скончыць зь няшчаснай жывёлай адным ударам.

Што толькі ня робяць з рознымі біялягічна актыўнымі кропкамі, раскіданымі па чалавечым целе, прыхільнікі японскага і кітайскага масажу. Коляць іх іголкамі, нэфрытавымі і касьцянымі палачкамі, прыпальваюць палыннымі цыгаркамі, робяць у іх месцы надрэзы, прасуюць і ціскаюць, шмаруюць рознымі шмаравідламі. Пад масаж падводзяць салідную рэлігійна-філязофскую і мэдычную базы, цяжар якіх не вытрымлівае ў выніку ніводная такая кропка – зь віскатам даючы патрэбны вынік. Скажам, на кітайскі масаж чжэнь-цзю працуе цэлая філязофія – тая самая, дзе пра інь і ян. Для эўрапейцаў, дарэчы, яе пастулаты гучаць даволі па-сэксысцку. “Ян – увасабленьне мужчынскага пачатку, станоўчая моц, рух… У чалавека гэта вонкавая паверхня цела, верхняя яго частка і левая палова. Хваробы Ян – галаўны боль, высокая тэмпэратура, запоры, сутаргі, потлівасьць, мача цёмнага колеру.
Калі не памрэ, дык страціць прытомнасьць.
Ян – гэта звычка да халоднай ежы, грубы і гучны голас, шумнае дыханьне, бадзёры настрой. Інь – адмоўны, мацярынскі пачатак. Увасабляе ўсё цёмнае, пасіўнае, прыхаванае, зьменлівае, успрымальнае. Гэта ўнутраная паверхня цела, ніжняя яго частка і правая палова, гэта кепскі настрой, ныючыя болі, цьмяныя невыразныя вочы, марудная хада, слабое маўленьне, бледнасьць, адсутнасьць апэтыту, рэдкі стул, ціхі, часты подых…” Інь і Ян нібыта змагаюцца адно з адным, але пры гэтым утвараюць адно цэлае, іхную раўнавагу і закліканы падтрымліваць масаж чжэнь-цзю. Прыпозьненая хваля любові да ўсяго арыентальнага прынесла на абшары Беларусі і іншыя масажныя мэтодыкі: мангольскую туй-на, паўднёвакарэйскую су-джок і карэйскую народна-дэмакратычную чу-чхэ, ужо памянёную японскую шыацу разам з ама і до-ін, сучасную тайскую “сэкс а-ля Уэльбэк” і іншыя.

Эдуар-Бэрнар Дэба-Пансан. Масаж у гарэме. 1883

Калі я думаю пра беларускую масажную мэтодыку, то мне не прыгадваецца нічога, акрамя адной кранальнай гульні з глыбокага дзяцінства, якая, напэўна, таму і засталася ў памяці, што ўзьдзейнічала на нейкія асабліва актыўныя біякропкі і давала пачуцьцё цеплыні і шчасьця праз фізычны дотык і добры настрой сваякоў і блізкіх.
Да рогату і поўнае зьнямогі.
Дзіця клалі на жывот і пачыналася: “праехала машына” – і рука дарослага, складзеная лодачкай, “ехала” па маленькай сьпіне, “прайшоў слон” – і па ёй асьцярожна крочыў у накірунку шыі вялікі дарослы кулак, “прайшоў дзядзька” – і тое самае рабілі два пальцы, потым “прабягала мышка”… Апошняй, як ні дзіўна, на сьпіне зьяўлялася “машыністка” і пачынала “друкаваць, друкаваць, друкаваць” – да рогату і поўнае зьнямогі. Чым не масаж для дзіцяці? Чым ня сьветлы ўспамін на цёмную дарослую будучыню?

Калі б я быў баканістам, то выставіў бы наперад пяткі і выступіў бы зь невялікім казаньнем. Гісторыя нашых узаемадачыненьняў зь іншымі – гэта гісторыя дотыкаў, навука жыць зь іншымі – гэта і навука прымаць і адхіляць чужыя дотыкі. А ад дотыку да масажу адзін крок, кожны дотык – патэнцыйнае бока-мару. Масаж самому сабе і тым, хто заслугоўвае нашых дотыкаў, чым бы гэта ні сканчалася: цяжарнасьцю, любоўю, сьмерцю, аплатай у касу ці проста лёгкім віраваньнем крыві. Як пяецца ў той баканісцка-вонэгутавай песьні:

We will touch our feet, yes,
Yes, for all we’re worth
And we will love each other, yes,
Yes, like we love our Mother Earth.
XS
SM
MD
LG