Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя чарговым разам паспрабавала аб'яднаць свае сілы для прэзыдэнцкай кампаніі. Прадстаўнікі асноўных палітычных сілаў і патэнцыйных кандыдатаў учора правялі сустрэчу ў Вільні. На пачатку наступнага тыдня яны мяркуюць прадоўжыць кансультацыі наконт супольнай стратэгіі і тактыкі ў часе выбараў.

Больш за 20 беларускіх палітыкаў былі запрошаныя ў мінулы чацьвер у Вільню на прэзэнтацыю вынікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў Беларусі Балтыйскай службай Інстытуту Гэлапа. Паводле іх, між іншым, 52% апытаных лічаць, што ў Беларусі насьпеў час для буйных пераменаў. А 9% рэспандэнтаў заявілі, што гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.

Пасьля гэтай прэзэнтацыі прысутным прадстаўнікам палітычных сіл і патэнцыйных кандыдатаў быў прапанаваны праект супольнай стратэгіі і пляну дзеяньняў падчас выбарчай кампаніі. Праект быў падрыхтаваны экспэртамі АДС. Гаворыць сустаршыня гэтай апазыцыйнай кааліцыі Анатоль Лябедзька:

"На наш погляд, погляд АГП, нам трэба трымацца двухкрокавай стратэгіі: калі на працягу жніўня мы зможам дамовіцца пра стратэгію і плян канкрэтных дзеяньняў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, дык тады на парадак павышаецца пэрспэктыва выйсьці на адзінага кандыдата".

На тэму адзінага кандыдата апазыцыйныя сілы беспасьпяхова дыскутуюць ужо два гады, хаця асаблівых рознагалосьсяў у ацэнцы сытуацыі ў краіне і патрэбы адзінства ў іх нібыта няма і ніхто не сказаў канчатковага "не". Таму спадзяваньняў наконт таго, што ўдасца хутка дамовіцца цяпер, ні ў кога няма. Пакуль жа размова ідзе пра скаардынаванае вылучэньне ў выбарчыя камісіі і назіраньне. Між тым сама гутарка ў Вільні пра стратэгію апазыцыі была шмат для каго з запрошаных нечаканай. Юрась Губарэвіч прадстаўляў на сустрэчы рух "За свабоду":

"Дыскусіі таксама не атрымалася, таму што дакумэнт шмат для каго быў новы. Мы вырашылі азнаёміцца зь ім, і, можа, наступная сустрэча адбудзецца ў бліжэйшы панядзелак. Калі ж казаць пра першыя заўвагі пасьля прагляду гэтага дакумэнту, то, на маю думку, ён не зьяўляецца цэласным. Абсалютна адсутнічае мэханізм выхаду на адзінага кандыдата, і ўвогуле разьдзел пра кандыдата ў часе гэтай кампаніі не дапрацаваны. Невядома нават, ці прапануецца ісьці зь некалькімі кандыдатамі, ці з адзіным".

Адзін з удзельнікаў віленскай сустрэчы Віктар Івашкевіч мяркуе, што ўжо да канца месяца могуць вызначыцца два прэтэндэнты на тое, каб быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Аднак вырашаць гэта будзе не пляцоўка, запачаткаваная ў Вільні, а самі палітыкі, якія заявілі аб прэзыдэнцкіх амбіцыях, мяркуе спадар Івашкевіч. На ягоную думку, на сустрэчы ў панядзелак лідэры апазыцыі зоймуцца тым, што не выклікае спрэчак:

"Уся гэтая каардынацыя працаў, якія трэба ў любым выпадку праводзіць, незалежна ад прозьвішча адзінага кандыдата… Гэта мы павінны бліжэйшым часам вырашыць і разьмеркаваць паміж сабой абавязкі, хто чым канкрэтна займаецца".

Між тым некаторыя ўдзельнікі сустрэчы ў Вільні адмаўляюцца працягваць дыялёг. Алесь Міхалевіч кажа, што зацікаўлены толькі ў сумесным назіраньні і вылучэньні прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі:

"Не, я не зьбіраюся асабіста ў гэтым удзельнічаць. Як толькі іншыя ўдзельнікі гэтага працэсу выпрацуюць канкрэтныя мэханізмы каардынацыі назіраньня і вылучэньня ў выбарчыя камісіі, я адразу далучуся да сумеснай працы. Я вельмі не люблю кааліцыйныя паседжаньні, на якіх нічога не вырашаюць. Я хачу займацца канкрэтыкай — выбарчай кампаніяй".

Важнае месца ў прапанаванай стратэгіі апазыцыі на выбарах адведзена арганізацыі масавых пратэстаў у выпадку фальсыфікацый — "плошчы". Аднак Алесь Міхалевіч мяркуе, што пра "плошчу" яшчэ рана казаць.

Такім чынам, сустрэча ў Вільні ня стала сэнсацыяй у перадвыбарчай кампаніі апазыцыі. Як прызналі яе ўдзельнікі, гэта чарговая спроба знайсьці пляцоўку для супольнай дзейнасьці ў часе выбараў і зрабіць першыя крокі да супрацоўніцтва. Важны пазытыў — дамоўленасьць аб працягу дыялёгу.

Пры гэтым кожная каманда захоўвае сваю стратэгію і свае мэты ў выбарчай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG