Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам на Берасьцейшчыне ўсё больш выпадкаў, калі грамадзка актыўных людзей звальняюць з працы, спасылаючыся на заканчэньне кантракту. Праваабаронцы перакананыя, што за гэтым стаяць палітычныя матывы.

Рыгор Грык, актывіст руху "За свабоду" з Баранавічаў, застаўся бяз працы. Кіраўніцтва Баранавіцкага вагоннага дэпо не працягнула з актывістам кантракту. За апошнія два гады яго звальняюць трэці раз. Як перакананы іншы баранавіцкі актывіст Віктар Сырыца, прычынай звальненьня кожны раз аказваецца актыўная грамадзянская пазыцыя.

Актывісты зьвярнуліся ў камітэт абароны рэпрэсаваных, кажа Віктар Сырыца: "Мы ўжо зьвярнуліся ў гэты камітэт. Нам абяцалі дапамагчы. Ужо раз, дарэчы, у мінулым годзе, Грыку аказвалася з фонду дапамога. Хай яна і невялікая, але ж гэта дапамога".

Бяз працы засталіся рабочыя "Пружанскага малочнага камбінату" Вячаслаў Васільеў і Алег Дайнэка. Адміністрацыя заводу папярэдзіла іх пра непрацяг кантракту.

Уладзімір Малей, юрыст прафсаюзу РЭП, кажа, што ў такім выпадку прымусіць кіраўніцтва працягнуць кантракт з тымі, хто недаспадобы, немагчыма. Але тут ёсьць магчымасьць праз суд атрымаць трохмесячны заробак для звольненых.

"Наймальнік за месяц папярэдзіў, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт. А мы за два тыдні зьвярнуліся з заявай аб прыпыненьні кантракту датэрмінова ў сувязі з парушэньнямі працоўнага заканадаўства. Суд вынес рашэньне ў выніку — кампэнсаваць актывістам каля трох мільёнаў рублёў. Такія моманты заканадаўства мы прымянялі таксама і пры абароне правоў Сяргея Вакуленка. Два разы, калі яго звальнялі, мы датэрмінова прасілі прыпыніць кантракт і атрымлівалі кампэнсацыю".

Аляксандар Мех за ўдзел у парлямэнцкай кампаніі страціў адразу дзьве працы. Ён рабіў выкладчыкам рэгіянальнага вучэбнага цэнтру і інжынэрам ААТ "Белтрансгаз". Пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў, акрамя Аляксандра Меха, з працы звольнілі і актывіста ягонай ініцыятыўнай групы Аляксандра Стральчука.

Спробы аднавіцца на працы ня мелі посьпеху, кажа Аляксандар Мех: "Я прайшоў восем судоў, справа слухалася ў розных інстанцыях, нават і ў Вярхоўным судзе. Але суды выносілі рашэньні на карысьць майго звальненьня. Увогуле, мяркую, што ціск на людзей, якія займаліся актыўнай палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, дасягнуў сваёй мэты. Многія адышлі ад палітыкі, баючыся страціць сваю працу".
XS
SM
MD
LG