Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётэрынг "Я заклікаю апазыцыю абраць адзінага кандыдата"


Прадстаўнікі беларускай апазыцыі пакуль ня вызначыліся з працэдурай вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Эўрапейскія экспэрты зьвязваюць гэта са зьменай настрою апазыцыйных палітыкаў на больш прагматычны, а таксама з нежаданьнем кансалідавацца.

У інтэрвію "Нямецкай хвалі" нямецкі экспэрт па Беларусі Марцін Шон адзначае, што апазыцыя ўжо не надае будучай прэзыдэнцкай кампаніі вялікага значэньня і больш працуе над сваім іміджам на пэрспэктыву. Бальшыня апазыцыйных палітыкаў цьвяроза ацэньвае сытуацыю і не разьлічвае на перамогу на гэтых выбарах.

"Калі ўлічыць, што няма такой еднасьці, якая была на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і што ЭЗ крыху "астыў" у адносінах да беларускай апазыцыі, то можна разглядаць такі падыход як даволі прагматычны, - адзначыў Марцін Шон. - Усё, што я мог назіраць цягам апошніх паўгода, ніколькі ня сьведчыла пра тое, што ў прадстаўнікоў вядучых апазыцыйных структур ёсьць гатоўнасьць абраць адзінага кандыдата".
Калі ўлічыць, што няма такой еднасьці, якая была на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і што ЭЗ крыху "астыў" у адносінах да беларускай апазыцыі, то можна разглядаць такі падыход як даволі прагматычны


Былы прадстаўнік Эўрапарлямэнту, а цяпер кіраўнік бэрлінскага Фонда імя Конрада Адэнаўэра Ханс-Герт Пётэрынг адзначае вострую неабходнасьць для апазыцыі выпрацаваць агульную стратэгію.

"Я заклікаю прадстаўнікоў апазыцыі абраць адзінага кандыдата, які стаў бы рэальнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Згуртаванасьць і кансалідацыя - гэта фактары, якія ўплываюць на перамогу".

Паводле Пётэрынга, удзел у выбарах апазыцыя павінна разглядаць як доказ свайго адзінства.

Таксама нямецкія экспэрты адзначаюць, што на вынікі выбараў у многім паўплывае падтрымка кандыдатаў звонку.

"Беларускія апазыцыянэры зразумелі, што на Брусэль ужо ставіць нельга, бо ЭЗ стаў меней падтрымліваць апазыцыю. Апроч таго тэма эўрапейскай інтэграцыі мае ня вельмі вялікае значэньне для беларускіх выбарцаў", - адзначае Марцін Шон.

Таму некаторыя прадстаўнікі апазыцыі вырашылі, што варта хутчэй арыентавацца на Расею. "Любы палітык, які разьлічвае заняць пасаду прэзыдэнта Беларусі, павінен лічыцца зь яе ўсходняй суседкай", - лічыць Шон. Маўляў, без падтрымкі Расеі ў Беларусі ня будзе значных пераменаў, аднак расейскі фактар ня стане вырашальным для вынікаў выбараў.

Ханс-Герт Пётэрынг падзяляе такую пазыцыю. Ён адзначыў, што нядаўні паказ двух фільмаў "Хросны бацька" па расейскім тэлебачаньні прадэманстраваў, што Крэмль ужо не падтрымлівае Лукашэнку так, як раней. "Аднак пакуль ніхто ня можа прадказаць, наколькі моцна Масква ўмяшаецца ў будучую выбарчую кампанію", - адзначае Пётэрынг.

Спадар Пётэрынг ня лічыць, што цікавасьць ЭЗ да беларускай апазыцыі паменшылася. Аднак ён называе вырашальным фактарам для посьпеху апазыцыі на выборах не дапамогу звонку, а тое, наколькі згуртаванымі будуць яе шэрагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG