Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свой мёд саладзейшы, чужы — даражэйшы


Удзельнікі зьезду пчаляроў.

Удзельнікі зьезду пчаляроў.

У Беларусі хутчэй можна ўбачыць рэкляму расейскага мёду, чым свайго ўласнага. У параўнаньні з суседнімі краінамі беларускае пчалярскае рамяство надзвычай адстае. Такая выснова зроблена на III Міжнародным зьезьдзе пчаляроў, які адкрыўся 5 жніўня ў пансіянаце «Кач’е» пад Гомелем.

У зьезьдзе бяруць удзел 179 пчаляроў, медавараў, пчолавэтэрынараў, навукоўцаў зь Беларусі, Украіны, Расеі, Эстоніі ды Казахстану.

Сяргей Сабураў.
Да арганізацыі зьезду спрычынілася Гомельскае грамадзкае аб’яднаньне «Златамёд», якое ачольвае Сяргей Сабураў:

«Калі параўнаць пчалярства Беларусі, Украіны й Расеі, то мы, падаецца, знаходзімся на апошнім месцы. Я для сябе зрабіў выснову, што мы ў пчалярстве — самая адсталая краіна. Напрыклад, на Гомельшчыне ў 90-я гады ў дзяржаўным сэктары было 16 тысяч пчаласем’яў. Цяпер іх налічваецца крыху больш за 4 тысячы. У прыватным сэктары, як падае статыстыка, — каля 29 тысяч пчаласем’яў».

Кандыдат навук з Украіны Пятро Хмара лічыць, што дзеля пашырэньня пчалярства патрэбны добрая кармавая база для пчол:

Пятро Хмара.
«Перш за ўсё павінна быць добрая кармавая база, дзеля чаго трэба сеяць нэктараносы, які часьцей называюць меданосамі. Апрача таго, на ўсякіх няўдобіцах патрэбны фацэлія, белыя й жоўтыя буркуны і ўсё такое іншае. Ня будзе кармавой базы — нельга пашырыць пчалярства. А потым ужо трэба асвойваць і новыя тэхналёгіі».

Беларускія адмыслоўцы ў справе пчалярства зьвяртаюць увагу на тое, што пчолам, па сутнасьці, няма дзе зьбіраць нэктар.

Гаворыць спадар Віктар зь Берасьця:

«Зрабіўшы аналіз мядовага канвэера, бачыш, што няма з чаго мёд браць. На Берасьцейшчыне з 6 тысячаў гектараў пасеянай грэчкі 1380 гектараў — гэта самаапыляльная грэчка, непрыдатная да збору нэктару. Сёлета пчалаводы тэлефанавалі, што пчала не ідзе й на рапс. Трэба ж разьбірацца з прычынамі».

Аматары пчалаводзтва зьвяртаюць увагу, што сельгасвытворцы ў пераважнай большасьці не дазваляюць прыватнікам вывозіць вульлі да меданосаў, а Міністэрства лясной гаспадаркі патрабуе плату за вулей, выстаўлены ў лесе. У цывілізаваных краінах, наадварот, такая справа заахвочваецца.

Пчаляр з Полацкага раёну спадар Андрэй зьвяртае ўвагу на заканадаўства, паводле якога, каб разводзіць пчолы на лецішчы, патрэбна згода суседзяў:
Разводзіць пчол можна толькі са згоды сумежных суседзяў. Атрымліваецца, што можна пчаляра шантажаваць: ня будзеш дзяліцца — ня дам згоды.

«Закон нас крыху падрэзаў у дачыненьні дачных участкаў. Разводзіць пчол можна толькі са згоды сумежных суседзяў. Атрымліваецца, што можна пчаляра шантажаваць: ня будзеш дзяліцца — ня дам згоды».

Паводле суразмоўцаў, сумленныя пчаляры ніколі ня выставяць на продаж фальшывы, няякасны мёд. Гэта робяць найперш перакупнікі.

Бракуе, на думку ўдзельнікаў зьезду, і рэклямы беларускага мёду. Рэклямуюць найперш на розных мядовых кірмашах прадукцыю расейскіх пчаляроў, прычым даволі дзіўную.

Пчаляр Сяргей з Гомелю: «Такая ідзе жорсткая рэкляма. Рэклямуюць алтайскі, башкірскі мёд. Іншым разам даюць нават фальшывую інфармацыю. Такога й мёду ў прыродзе няма — кедравы мёд, ядлоўцавы мёд. Пачынаеш размаўляць з прадавачкамі, а яны ў адказ: нам сказалі, што такі. Вось яны й рэклямуюць, хаця наш беларускі мёд, асабліва лясны, ён нічым не саступае, нават, на маю думку, больш карысны й смачны».


Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG