Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па просьбах вэтэранаў



…Палітычная ўлада спыняе вайну, усталёўвае або спрабуе ўсталяваць мір у грамадзянскай супольнасьці… ня дзеля таго, каб ліквідаваць наступствы вайны або прыбраць нераўнавагу, якая зьявілася ў апошняй ваеннай бойцы. Палітычная ўлада, ведучы свайго кшталту патаемную вайну, бярэцца надоўга ўпісаць гэты стасунак сілаў у інстытуты, у эканамічную няроўнасьць, у мову, у суадносіны тых або іншых слаёў насельніцтва.

Мішэль Фуко


Канстанцін Чарнец
Словы «па просьбах вэтэранаў» даўно сталі адыёзнымі. Кожны раз, калі ў СМІ гучыць гэткая прэамбула, слухачы-гледачы з насьцярогай рыхтуюцца да чаго-небудзь малапрыемнага. Штосьці забароняць або пераймянуюць, кагосьці засудзяць. Найноўшы казус здарыўся з «Народнай Воляй»: уважлівы 65-гадовы чытач абурыўся «некананічным» зьместам матэрыялаў пра 2-ю сусьветную вайну, што друкаваліся ў газэце, запатрабаваў ад выданьня прабачэньняў у бок вэтэранаў і… маркіроўкі газэты на капыл парнаграфічнага прадукту: «Небясьпечна для псыхічнага ўспрыманьня маладога пакаленьня». Суд спагадліва прыняў пазоў да разгляду.

Ролю няўцямнага маральнага ціску, якую ў больш традыцыйных грамадзтвах выконваюць рэлігійныя інстытуты, наша дзяржава інтуітыўна ўсклала на сівыя галовы вэтэранаў вялікай вайны. З ідэалягічнага пункту гледжаньня ўсё тут вытлумачальнае: згодна са сьветапоглядам сучасных кіраўнікоў краіны, Беларусь, іхная Беларусь — зразумелая і падуладная ім — зьявілася як гістарычны фэномэн у выніку «Вялікай Айчыннай вайны», а вэтэраны — непаказныя багі-дэміюргі гэтага крэацыйнага міту. Ад чыйго імя рукамі дбайных службоўцаў сярэдняга ўзросту дзеецца ўсё высокамаральнае на зямлі. Здаецца, непахісным аўтарытэтам шаноўных, але застарых для актыўнай палітычнай дзейнасьці людзей падмацоўваюць самыя нечаканыя дзяржаўныя задумы й праекты.
Ролю няўцямнага маральнага ціску, якую ў больш традыцыйных грамадзтвах выконваюць рэлігійныя інстытуты, наша дзяржава інтуітыўна ўсклала на сівыя галовы вэтэранаў вялікай вайны.
Як маладзейшыя грамадзяне могуць адмовіць у просьбе (няхай нават у лухце нейкай) сівым аксакалам, якія некалі ваявалі, нарызыкаваліся жыцьцём на тры пакаленьні наперад? Яны пакрыўдзяцца й памруць.

Просяць вэтэраны (альбо ананімныя сілы — з-за іхных сьпінаў), здаецца, не зашмат, але рэчаў эксклюзіўных. Калі ўзгадваеш некаторыя прыклады ўсюдыіснай вэтэранскай просьбатворчасьці, дзівісься мімаволі разнастайнасьці й усёахопнасьці цікавасьцяў гэтага пакаленьня: тут і славутае перайменаваньне цэнтральных праспэктаў, і забарона спэктаклю «Чонкін», і патрабаваньні зачыніць «Беларускі партызан», і перанос сьвятлафора, які засьціць бюст маршала… Зусім недарэчныя дробязныя зачэпкі сярод гэтых просьбаў таксама маюць сваю мэту: паколваць сумленнасьць суграмадзян, будзіць успамін пра «неаплатны доўг». У гэтым жанры шэдэўрам (на мой густ) ёсьць выпадак 2008 году з гарэлкай «Франтавая», якую вырабляе «Белдзяржхарчпрам»: франтавік пакрыўдзіўся на мэсыдж назвы, якая, маўляў, абвінавачвае савецкіх байцоў у заўсёдным прапойстве. Напужаны намесьнік гендырэктара менскага «Крышталю» неадкладна адказаў: «Нашае прадпрыемства выпусьціла гарэлку пад назвай «Франтавая» не з уласнай ініцыятывы, а па просьбе вэтэранаў…» Вось так «артылерыя б’е па сваіх».

Электаральны прыбытак з гэткага стаўленьня ўраду да «дзядоў» нацыі невялікі — толькі 42 тысячы былых франтавікоў засталося цяперака сярод нас: мізэрная колькасьць галасоў, дый тая год ад году імкліва зьмяншаецца. Функцыя вэтэранскага нагляду іншая, і ажыцьцявіць яе магчыма толькі ў варунках татальнай «маўклівасьці большасьці», адсутнасьці выразна артыкуляванай грамадзкай думкі. На месцы якой і гучыць часам вэрдыкт: «Па просьбах вэтэранаў…» Кожная драбніца ў ідэалягізаваным грамадзтве нібыта мае дачыненьне да памяці пра вайну, а таму й патэнцыйна знаходзіцца пад даглядам адмыслоўцаў па гэтай ваеннай памяці. А калі сапраўдных франтавікоў ня будзе, знойдуцца аўтарызаваныя пераемнікі — як адбываецца зараз у выпадку з «Народнай воляй».
XS
SM
MD
LG