Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры — эўрарамонт, на ускраінах — разруха


Дамы ёсьць, ходніка няма.

Дамы ёсьць, ходніка няма.

Сёньня актывісты стваранай Партыі свабоды й прагрэсу распачалі збор подпісаў за рамонт і падаўжэньне ходніку на вуліцы Каштанавай у магілёўскім мікрараёне Саломенка. За дзьве гадзіны трое актывістаў назьбіралі сто пяцьдзясят подпісаў. Кожны падпісант атрымаў канвэрт з анкетай выбарца і зваротам лідэра руху «За свабоду», патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнцтва Аляксандра Мілінкевіча.

Сяргей Кагулкін
«Мы перакананыя, што не такі ўжо вялікі працэнт выбарцаў падтрымлівае сёньняшнюю ўладу. А выказаць сваю пазыцыю нязгоднаму няма дзе. Такім чынам, не парушаючы закон, мы спрабуем даць людзям альтэрнатыўны канал для выказваньня сваіх крыўдаў і прапановаў. У запоўненай анкеце яны ўсё гэта могуць напісаць і даслаць Мілінкевічу, які прыкладзе максымум намаганьняў для вырашэньня актуальных праблемаў людзей», цьвердзіць удзельнік збору подпісаў на вуліцы Каштанавай Сяргей Кагулкін.

Ходнік на Каштанавай, даўжынёй больш за кілямэтар, не рамантаваўся дзесяць зь лішнім гадоў. Бэтонная плітка павышчэрблівалася ад часу, а дзе-нідзе зусім разбурылася. Камунікацыйныя люкі ў аварыйным стане. Улады абяцаюць паправіць ходнік у 2011 годзе.

Камунікацыйныя люкі ў аварыйным стане.

«Для дзесяцітысячнага мікрараёну Саломенка гэты ходнік цэнтральны. Ягоны стан жахлівы. Увосень і ўвесну ён ператвараецца ў паласу перашкодаў. Калі мы назьбіраем хаця б палову подпісаў ад колькасьці тых, хто тут пражывае, гэта будзе выдатна. Яны стануць сьведчаньнем таго, што гэтая праблема турбуе людзей і вымагае тэрміновага вырашэньня. Мы ўсе — падаткаплатнікі, дык чаму „вылізваюць“ цэнтральную пешаходную вуліцу Ленінскую, а пэрыфэрыйныя вуліцы застаюцца па-за ўвагай?» — кажа Сяргей Кагулкін.

Па разбураным ходніку людзі ня ходзяць — ідуць па ягонай узбочыне.

Падпісанты, якія атрымалі зварот і анкету ад Мілінкевіча, камэнтаваць іх адмаўляліся. Казалі, што дома пачытаюць і, можа, што напішуць. Ахвотней казалі пра стан ходніка.

«Я тут жыву больш за дзесяць гадоў. Па гэтай дарожцы хаджу штодня. Аднойчы ўпала. Памятаю гэтае здарэньне дагэтуль. Ліхтары ня сьвецяць. Лістота разраслася, ніхто не падразае», зазначае адна з падпісантак.

Найцяжэй рухацца па ходніку зь дзіцячымі вазкамі. Камунікацыйныя люкі шмат дзе парабілі пасярэдзіне ходніка. Плітка абсунулася.

20 жніўня магілёўскія актывісты-лібэралы зьбіраюцца правесьці пікет на вуліцы Каштанавай. Па дазвол яны зьвярнуліся ў гарвыканкам учора.

За рамонт ходніка людзі падпісваліся ахвотна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG