Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў, які набыў скандальную славу дзякуючы эратычным фільмам з удзелам герояў, падобных да вышэйшых асобаў беларускай, украінскай, грузінскай палітыкі, заяўляе пра вяртаньне да "любімай тэмы". Валаў мае нарэшце завяршыць "порна-мэтражную" стужку "Бацькава шчасьце", прысьвечаную любоўным прыгодам пэрсанажа, падобнага на Аляксандра Лукашэнку.

Два гады таму "эратычная бомба" супраць кіраўніка Беларусі была абясшкоджаная беларускімі спэцслужбамі, якія прыгразілі распачаць крымінальную справу за абразу прэзыдэнта, але цяпер сытуацыя прынцыпова зьмянілася.

Рэжысэр-правакатар, як сам сябе называе Аляксандар Валаў, набыў скандальную славу ў сярэдзіне 2000-х, калі ў інтэрнэце зьявілася ягоная палітыка-эратычная камэдыя "Юлія". У не абцяжаранай сэнсавай нагрузкай стужцы апавядалася пра таемныя сустрэчы прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі і тагачаснай кіраўніцы ўкраінскага ўраду Юліі Цімашэнкі. Потым былі ня менш гучныя працягі — "Мішыко" і "Вясельле дачкі".
Так, там пазнавальны кіраўнік краіны, аднак ён прадстаўлены не прэзыдэнтам, а дырэктарам саўгасу


На хвалі скандальнага посьпеху Валаў вырашыў пашырыць геаграфічныя рамкі і ўзяўся за фільм пад назвай "Бацькава шчасьце". Сюжэт такі: у беларускай глыбінцы працуе дырэктар саўгасу Лука, у якога два захапленьні — спорт і жанчыны. Але гаспадарку мае наведаць замежная дэлегацыя, і Лука, каб падтрымаць статус, выклікае з Масквы мадэляў, якіх пераапранаюць у даярак. "Маскоўскія даяркі" павінны былі стаць эратычным фонам у "Бацькавым шчасьці". Усяго, па словах рэжысэра, меркавалася шэсьць эратычных сцэнаў, уключна з "шокавым" эпізодам у кароўніку.

Аднак увасобіць сьмелыя задумы Валаву не далі. Генэральная пракуратура Беларусі, дазнаўшыся, на каго замахнуўся "парнограф", прыгразіла "прававой ацэнкай" кінатвору: у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам, паклёп і абраза прэзыдэнта цягнуць на 4 гады пазбаўленьня волі. Валаву давялося апраўдвацца: фільм не дакумэнтальны, а мастацкі; пэрсанаж хоць зьнешне і падобны да Лукашэнкі, але няма ніякіх намёкаў, што гэта прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Таму, маўляў, ня трэба ўсур'ёз ставіцца да таго, што адбываецца на экране. Аднак спробы гэткім чынам апраўдацца плёну ня мелі:

"Трэба было неяк засьцерагацца. Мяне "папрасілі", каб я стужку перастаў здымаць, і яна засталася незавершанай. Я прапаноўваў, каб паглядзелі канчатковы прадукт і ўжо пасьля гэтага прынялі саламонава рашэньне. Але мне сказалі: спыніся, бо ў іншым выпадку пракуратура можа гадоў дзесяць "упаяць"... Па сутнасьці, гэта самы дурны крок, бо фільм рабіўся на ўзроўні камэдыі з выкарыстаньнем эфэкту падабенства пэрсанажаў. Але ён не насіў абразьлівага характару, як камусьці здалося, як намагаліся гэта падаць. Так, там пазнавальны кіраўнік краіны, аднак ён прадстаўлены не прэзыдэнтам, а дырэктарам саўгасу. У выніку матэрыялу зьнята шмат, аднак існуе толькі невялікі ролік, "прома". Але ў пэрспэктыве гэта будуць паўнавартасныя фільмы, разьлічаныя нават на кінапаказ".
Cёньня такая мода — ёсьць неабходнасьць у пэўных палітычных колах Расеі "праехацца" па кіраўніцтву Беларусі. Проста зараз модна "мачыць" Лукашэнку


Цяпер стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі ў Крамлі рэзка зьмянілася. І, як паведамляюць расейскія СМІ, няма ніякіх падставаў сумнявацца ў тым, што праца будзе завершаная. Да таго ж сам Валаў выказвае неразуменьне: чаму пра ўкраінскіх ды грузінскіх палітыкаў здымаць можна, а пра беларускіх — забаронена? Паведамляецца, што абвешчаны кастынг на ролю дырэктара саўгаса — мяркуецца дазьняць новыя эпізоды. Папярэдні выканаўца пасьля паказу ўрыўкаў з "Бацькавага шчасьця" ў праграме "Пусть говорят" на Першым расейскім канале атрымаў непрыемнасьці на працы і ўрэшце быў звольнены.

Пра мастацкія каштоўнасьці "твораў" Аляксандра Валава крытыкі ў найлепшым выпадку маўчаць. Але, як кажа рэжысэр-кінадакумэнталіст Леанід Міндлін, пасьля таго, як расейскае кіраўніцтва фактычна санкцыянавала інфармацыйную атаку супраць Лукашэнкі, гэта ня мае ніякага значэньня:

"Мяркую, што асабіста Валаў не вядзе інфармацыйную вайну супраць Лукашэнкі, але ўскосна ён да яе далучыўся, робіць свой унёсак у агульную справу. Ну і, магчыма, мае намер атрымаць за кіно добры ганарар. То бок мне здаецца, што гэта ня частка агульнай кампаніі, але сёньня такая мода — ёсьць неабходнасьць у пэўных палітычных колах Расеі "праехацца" па кіраўніцтву Беларусі. І Валаў да гэтага таксама далучыўся (ці далучаны адмыслова). Проста зараз модна "мачыць" Лукашэнку".

Сам Валаў прызнаецца: "Бацькава шчасьце" — канкрэтная замова (праўда, не адкрывае, чыя менавіта). Маўляў, атрымаў заказ, за кароткі тэрмін зрабілі сцэнар. З улікам таго, што ўсё ж чалавек — дзяржаўны дзеяч саюзнай дзяржавы, усё было зроблена ў жанры камэдыі. І калі б фільм выйшаў, ён, на думку аўтара, наўрад ці абразіў бы Лукашэнку. Але, відавочна, у Менску ўжо былі напалоханыя стужкай "Юлія", якая прывяла да палітычнага скандалу ва Ўкраіне і ў Грузіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG